Инфекции, передающиеся половым путём, наносят большой вред здоровью. Главнная профилактика — культура поведения

Здравоохранение

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, мільёны людзей штогод заражаюцца рознымі інфекцыямі. Тыя, што перадаюцца палавым шляхам (далей – ІППШ), дастаткова распаўсюджаныя і наносяць значны ўрон здароўю. На сённяшні дзень іх налічваецца больш за два дзясяткі рознай этыялогіі. Аб сімптомах такіх захворванняў, спосабах іх прафілактыкі расказвае ўрач-дэрматавенеролаг Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Я.У.МАСЬКО:

– ІППШ – гэта захворванні, якія перадаюцца пераважна падчас палавога акту ад аднаго інфіцыраванага партнёра другому. Ёсць і іншыя шляхі заражэння – праз кроў (найперш праз забруджаныя шпрыцы) і ад інфіцыраванай маці да народжанага ёй малыша. Найбольш частыя – сіфіліс, ганарэя, трыхаманіяз, хламідыёз, мікаплазмоз, кандыдоз, генітальны герпес, гепатыт В.

– Яна Уладзіміраўна, наколькі яны небяспечныя?

– Устаноўлена, што ІППШ з’яўляюцца асноўным фактарам бясплоддзя і невыношвання цяжарнасці, выклікаюць парокі развіцця плоду. Прысутнасць інфекцыі ў аднаго з партнёраў павялічвае рызыку заражэння ВІЧ ад 3 да 22 разоў. Справа ў тым, што праз пашкоджаную слізістую абалонку, язвачкі, эрозіі вірусу імунадэфіцыту чалавека значна лягчэй укараніцца ў арганізм.

– Якая эпідэміялагічная сітуацыя ў нашым рэгіёне?

– На Віцебшчыне ў 2015 годзе менш рэгістравалася выпадкаў захворвання на сіфіліс, ганарэю, урагенітальны хламідыёз. У той жа час непакоіць павелічэнне колькасці выпадкаў скрытых форм сіфілісу – ажно 42 працэнты.

– Як працякаюць гэтыя інфекцыі?

– У большасці выпадкаў – працяглы час сябе не праяўляючы. Пазней жа адразу з’яўляюцца сур’ёзныя ўскладненні. Трэба сказаць, што скрытае працяканне хваробы характэрна найперш для жанчын, што звязана з анатамічнымі і фізіялагічнымі асаблівасцямі іх мочапалавой сістэмы. Таму ІППШ прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва часта расцэньваюць як “прастуду” ці “звычайнае” гінекалагічнае захворванне, працягваючы перадаваць інфекцыю іншым.

– Назавіце, калі ласка, асноўныя спосабы прафілактыкі венерычных захворванняў і ВІЧ-інфекцыі.

– Па-першае, гэта ўзаемная шлюбная вернасць, недапушчэнне ранняга пачатку палавога жыцця, адмова ад выпадковых палавых сувязяў. Захоўвайце правілы асабістай гігіены ў інтымным жыцці. Не забывайце пра выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны ад ІППШ – найперш прэзерватыва. Але ж памятайце, што апошні не дае 100-працэнтнай гарантыі ад заражэння на сіфіліс і ВІЧ, а таксама некаторыя іншыя захворванні, напрыклад, каросту і педыкулёз.

– Як даведацца пра наяўнасць у арганізме інфекцыі?

– Аналіз крыві можа паказаць заражэнне на ВІЧ, сіфіліс і вірусны гепатыт. Пра наяўнасць жа ганарэі, хламідыёзу, трыхаманіязу, мікаплазмозу, урэаплазмозу, кандыдозу падкажа аналіз выдзяленняў з палавых органаў.

Хачу звярнуцца да ўшачан. Калі ў вас узнікла падазрэнне аб заражэнні на ІППШ, не займайцеся самалячэннем, не слухайце парады сяброў, а тэрмінова звярніцеся да ўрача-дэрматавенеролага (адрасы: г.п.Ушачы, вул.Савецкая, 74, каб. №3; г.Віцебск, вул.Б.Хмяльніцкага, д.9, тэлефон 37-05-51). Можна таксама звярнуцца ў ананімны кабінет (г.Віцебск, вул.Герцэна, 6а, тэлефон 36-36-22, працуе без выхадных: у будныя дні з 8.00 да 12.00 і з 16.00 да 18.00, у суботу, нядзелю – з 9.00 да 11.00).

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *