Чтобы поход в лес и на рыбалку не обернулся трагедией

Закон - один для всех Здравоохранение Калейдоскоп

У сезон адпачынкаў усё больш людзей накіроўваецца ў лес – надышла ягадна-грыбная пара. Між тым, праблема, калі ў лясах кожны год губляюцца людзі, застаецца вельмі актуальнай. Аддзяленні ўнутраных спраў Віцебскай вобласці ўжо адшукваюць двух грамадзян, якія зніклі ў лясах з пачатку бягучага года.
Каб не трапіць у экстрэмальную сітуацыю, перш чым накіравацца ў лес, абгаварыце з блізкімі або знаёмымі свой маршрут і час вяртання, папоўніце баланс сотавага тэлефона, праверце зарад яго батарэі. Захапіце з сабой компас, запалкі, нож, невялікі запас вады і прадуктаў, свісток. Людзям, якія маюць праблемы са здароўем, трэба мець пры сабе медыкаменты, асабліва гэта датычыцца пажылых грамадзян. Апранайцеся ярка, імкніцеся запамінаць як мага больш прадметаў на сваім шляху – так будзе прасцей вяртацца назад. Калі ж вы заблудзіліся, не панікуйце, прыслухайцеся, ці чуваць крыкі, шум машын або брэх сабак. Калі ёсць магчымасць – узлезьце на высокае дрэва і агледзьцеся. Арыентуйцеся па мясцовых прыкметах і па сонцы. Добра, калі атрымалася выйсці на лінію электраперадач, чыгунку, газаправод, раку – ідучы ўздоўж гэтых аб’ектаў, заўсёды выйдзеце да людзей. Калі дакладна ведаеце, што вас будуць шукаць – заставайцеся на месцы, раскладзіце вогнішча – па дыме знайсці чалавека значна лягчэй. Калі ўсё ж ноч застала вас у лесе, рухацца не рэкамендуецца, каб не атрымаць траўму. Падбярыце для начлегу высокае і сухое месца, пажадана ля вялікага дрэва, распаліце вогнішча і падтрымлівайце яго ўсю ноч.
Выклікае заклапочанасць і знікненне грамадзян, якія вырашылі правесці свой вольны час на рэках і азёрах. У цяперашні час у Віцебскай вобласці адшукваюцца 11 такіх асоб, у тым ліку тыя, хто займаўся рыбнай лоўляй з выкарыстаннем розных плаўсродкаў.
Адпраўляючыся да вадаёмаў, пазбягайце абрывістых берагоў, асабліва гліністых і пяшчаных. Выбірайце надзейныя ўчасткі, якія ўзвышаюцца над вадой, густа пакрытыя травой, або дзе хмызнякі растуць непасрэдна каля вады.
Асаблівыя меры засцярогі трэба выконваць пры выкарыстанні лодак. Не ўжывайце алкаголь падчас рыбалкі, заўсёды карыстайцеся выратавальнай камізэлькай, не спускайце лодку на ваду пры моцным ветры, хвалях і ў цёмны час сутак. Перад выездам на вадаём праверце стан лодкі, калі лодка надзьмутая, праверце, ці няма ўцечкі паветра праз клапаны. Не перагружайце лодку, трымайце яе бокам да ветра і хвалі.
Падчас лоўлі не спяшайцеся і не рабіце рэзкіх рухаў, не перавешвайцеся праз борт. У надзьмутай лодцы ўставаць у поўны рост катэгарычна забараняецца. У гумавай лодцы нельга вудзіць, седзячы на борце або на дошцы, перакінутай з борта на борт. Нельга спаць на плыву.

Калі ж лодка перавярнулася, трэба ўхапіцца за нос або карму і, штурхаючы судна перад сабой, працуючы нагамі, спрабаваць прыстаць да берага або выплыць на мелкаводдзе. Не варта забірацца на перавернутае судна: яно можа зноў перакуліцца і накрыць чалавека.
Жадаю ўсім не апынуцца ў ліку тых, хто страціў блізкіх людзей, або стаў ахвярай няшчаснага выпадку.
А.АНДРОСАЎ, намеснік начальніка Ушацкага РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *