Готовим картошку к посадке. Советы огородникам

Калейдоскоп

Сезон яшчэ не распачаўся, а вопытныя бульбаводы ўжо задумваюцца пра будучы ўраджай. І, трэба сказаць, паступаюць правільна, паколькі сакрэт поспеху ў вырошчванні “другога хлеба” – здаровы насенны матэрыял, паклапаціцца пра які трэба загадзя.

Падрыхтоўка пасадачнага матэрыялу звычайна ўключае сарціроўку і каліброўку клубняў па фракцыях (аптымальнымі лічацца клубні вагой 50-80 гр.), паветрана-цеплавы абагрэў ці прарошчванне, пратручванне і апрацоўку клубняў стымулюючымі рэчывамі.

Спынімся падрабязней на прарошчванні. Пад уздзеяннем цяпла і святла ў вочках клубняў павышаецца канцэнтрацыя пажыўных рэчываў. Калі ўсё рабіць правільна, ураджай можна атрымаць на два тыдні раней. Акрамя таго, гэты метад дазваляе змагацца з хваробамі, паколькі пры прарошчванні лёгка вызначаюцца хворыя клубні – няўсхожыя, загніўшыя і з ніткападобнымі парасткамі. Устойлівасці да захворванняў садзейнічае таксама пазеляненне бульбы, якое адбываецца пад уздзеяннем святла. Тлумачыцца гэта тым, што алкалоід саланін, які ўтвараецца ў клубнях, валодае ахоўнымі якасцямі, замаруджвае рост гніласных бактэрый і забівае хваробатворныя грыбкі.

Самая простая тэхналогія прарошчвання заключаецца ў тым, што клубні раскладваюць у 2-3 пласты ў светлым памяшканні, пажадана з тэмпературай +12-15 градусаў, прыкладна на 35 дзён. Аднак больш эфектыўнае прарошчванне – пры зменным рэжыме: першы тыдзень – пры высокай тэмпературы (+20-25 градусаў), а ў наступныя 30 дзён – пры больш нізкай (+7-8 градусаў). Цяпло прабуджае пупышкі, а наступная прахалода садзейнічае ўтварэнню тоўстых і моцных парасткаў. З такіх звычайна вырастаюць кусты з павялічанай колькасцю асноўных сцёблаў.

Ідэальны варыянт – раскласці клубні ў адзін пласт, каб дасягнуць раўнамернага асвятлення. Можна размясціць іх на падаконніку ці побач з акном, на паперы ці ў нізкіх скрынях, у шкляных трохлітровых слоіках і адкрытых поліэтыленавых пакетах.

Не будзе лішняй апрацоўка бульбы растворам мінеральных ці мікраўгнаенняў, драўняным попелам. Такая працэдура не толькі палепшыць якасць парасткаў, але і паскорыць іх прарастанне.

Пасля тыднёвага прагравання можна апырскаць клубні растворам меднага купарвасу (1 ч.л. на 3 л. вады) ці нават апусціць іх у гэтую вадкасць на 1 хвіліну. Такая апрацоўка прадэзінфіцыруе бульбу ад паршы і фітафторы. Пасля гэтага клубні трэба зноў раскласці.

Памятайце, што даўжыня светлавых парасткаў не павінна перавышаць 1 см. Пры больш інтэнсіўным іх росце ці затрымцы тэрмінаў пасадкі, звязанай з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, тэмпературу на працягу сутак неабходна знізіць да +5-8 градусаў.

Добрага вам ураджаю!

В.КАВАЛЕЎСКАЯ, галоўны аграном інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *