Землеустроительная служба Ушачского района отмечена в области за хорошую работу по охране земель

К профессиональному празднику

Год культуры, аб’яўлены сёлета ў Беларусі, – не толькі год літаратуры, музыкі або мастацтва. Гэта год культуры адносін у любых галінах, культуры вытворчасці, культуры думкі, калі жадаеце. У тым ліку і Год культуры земляробства і гаспадарскіх адносін да зямлі. У гэтыя выхадныя сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Спецыялісты, якія працуюць над павышэннем культуры землекарыстання не першы год, паколькі ўся іх дзейнасць скіравана на ахову і належнае карыстанне зямлёй. Напярэдадні прафесійнага свята наша інтэрв’ю з намеснікам начальніка землеўпарадкавальнай службы Ушацкага райвыканкама Л.І.АНДРЭЙЧЫК.
– Людміла Іванаўна, ці зрушыліся адносіны землекарыстальнікаў да зямлі?
– Безумоўна, перш за ўсё гэта праглядаецца па нашым наваколлі – парадку больш намнога і гэта неаспрэчна. Людзі пераймаюць вопыт суседзяў, нешта знаходзяць у інтэрнэце, ім самім хочацца, каб на атрыманым участку было прыгажэй. Ну а ў каго няма цягі да прыгожага – дапамагаем. Пры выяўленні нямэтавага карыстання зямлёй або неэфектыўнага карыстання ёй выпісваем штраф – мінімальны, сімвалічны, аднак гэта прыносіць плён. Паўторна людзі на адны і тыя ж граблі ўжо не наступаюць. Летась праведзена 107 праверак, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 86 чалавек.
– Якія самыя распаўсюджаныя парушэнні?
– Неэфектыўнае карыстанне – а гэта значыць участак зарослы пустазеллем ці закінуты розным хламам. Па ранейшаму ёсць самавольны захоп зямлі – вось і ў гэтым годзе ўжо накіроўваем справу ў суд. Сустракаецца і нямэтавае выкарыстанне, аднак адзінкавыя выпадкі. Людзі становяцца больш адукаванымі і калі, напрыклад, атрымалі ўчастак, але не паспяваюць у вызначаныя заканадаўствам тэрміны аформіць яго і распачаць будаўніцтва – добраахвотна адмаўляюцца. Летась было 5 такіх фактаў.
– Ці праяўляюць ушачане або іншыя людзі цікаўнасць да зямлі?
– Не, зараз назіраецца спад зацікаўленасці на зямельныя ўчасткі. Летась мы выдзелілі толькі 19 участкаў. 11 было прададзена праз аўкцыёны, гэта значыць у населеных пунктах, якія стаяць на маляўнічых месцах, ля вады. 8 участкаў было выдзелена пад будаўніцтва без правядзення аукцыёнаў, у тым ліку 5 – маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
– Маючыя патрэбу выбіраюць толькі гарпасёлак?
– Не. Сёлета ўчастак мнагадзетная сям’я атрымала ў Гарадцы. Узводзіцца дом у Ляхах. У абодвух выпадках гэта населеныя пункты, якія ўваходзяць у 77 населеных пунктаў раёна, на якіх участкі прадаюцца праз аўкцыён. Калі б яны не мелі патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то выкуплялі б участак за немалыя грошы.
Паколькі няхай не паўсюдна, аднак зямля ўяўляе каштоўнасць, а зараз ідзе ўдакладненне межаў населеных пунктаў, ці пашырыў хто небудзь са старэйшын сельвыканкамаў межы вёскі для таго, каб прадаць больш участкаў?
– Не, паколькі гэта вельмі складаны працэс. Да населеных пунктаў прымыкаюць землі сельскагаспадарчага прызначэння ці ляснога фонду, а іх можна перадаваць на іншыя мэты толькі з дазволу Прэзідэнта.
Сёлета будзе праводзіцца кадастравая ацэнка зямлі, якая вядзе да павышэння кошту квадратнага метра. Нельга сказаць – на колькі?
– Кадастравая ацэнка зямель раёна разбіта на некалькі гадоў. Сёлета будзе рабіцца толькі ацэнка зямлі пад шматкватэрнай і сядзібнай забудовай, кошт узрасце прыкладна на 5 працэнтаў.
– Ці залежыць падатак на зямлю ад таго, выкуплены ўчастак на праве прыватнай уласнасці або знаходзіцца ў пажыццёвым карыстанні.
– Не, права ўласнасці не ўплывае на памер зямельнага падатку, ён залежыць ад кадастравай ацэнкі зямлі і павышаючага каэфіцыенту, калі ён прымаўся на сесіі раённага Савета дэпутатаў.
Прайшла выніковая гадавая калегія землеўпарадкавальнай службы вобласці, з якой Вы вярнуліся ў Лістом- падзякай. За што адзначаўся аддзел.
– Наш аддзел быў адзначаны за добрую работу па ахове зямель. Гэта праверкі землекарыстання як прадпрыемствамі, фермерскімі гаспадаркамі, так і прыватнікамі. Канечне, прыемна, тым больш што адзначана было ўсяго 12 спецыялістаў са 157, што працуюць у вобласці. А ва Ушацкім аддзеле толькі пяць чалавек, самы вопытны – наш начальнік Анатоль Аляксандравіч Красько – з 1992 года, я працую ў аддзеле 13 гадоў, Маргарыта Паўлаўна Кірпічонак – 7, Святлана Васільеўна Аўдошка – тры, а летась да нас прыехаў і малады спецыяліст Вадзім Жураўскі, так што зараз сплаў ведаў і ініцыятывы.
Мы віншуем усіх супрацоўнікаў службы з прафесійным святам і жадаем далейшага плёну па ўпрыгожванні і эфектыўным карыстанні нашай ушацкай зямлі.
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *