25 лет посвятила профессии швея ОАО «Промкомбинат» Татьяна Петровна Белослудцева

Ими гордятся

На сцяне ў швейным цэху прамкамбіната – выразкі з нашай газеты пра швачак, якія пастаянна вылучаюцца сваёй узорнай работай. Да прафесійнага свята гэту “калекцыю” папоўніць артыкул пра яшчэ аднаго перадавіка – швачку Таццяну Пятроўну Беласлудцаву. Нагодай для гэтага стаў не толькі Дзень работнікаў лёгкай прамысловасці, а і тое, што прозвішча жанчыны сёлета занесена на раённую Дошку гонару.
Адразу зазначу, што гэта вельмі сціплая жанчына. Вестка аб тым, што яна вылучана ў лік самых лепшых работнікаў раёна, стала для яе нечаканасцю і нават шокам: “У нас усе працуюць добра, нават і не ра­зумею, чаму я. Нічога звышнатуральнага не раблю, проста стараюся выконваць сваю справу як след”.

Прамкамбінат ужо даўно стаў для Т.Беласлудцавай родным прадпрыемствам. Менавіта сюды яна прыйшла пасля заканчэння Лепельскага прафесійна­тэхнічнага вучылішча амаль 25 гадоў таму. Як і многія, спачатку задумвалася зусім аб іншай прафесіі, але бацькі параілі выбраць патрэбную ў жыцці швейную справу. Трэба сказаць, што хоць выбар і не быў поўнасцю самастойным, але аб ім жанчына ні разу не пашкадавала. Вучыцца было нескладана, а  на працу па заканчэнні ўстановы Таццяна вярнулася ў родныя Ушачы.

– Памятаю, як прыйшла на сваё працоўнае месца, тады яшчэ швейны цэх размяшчаўся ў старым будынку. Гляджу, як ва ўсіх усё спрытна атрымліваецца, строчкі роўненька бягуць – і думаю, што я, напэўна, ніколі так не змагу! Але паступова ўсяму навучылася, дапамагалі вопытныя калегі, заўсёды падтрымлівала наш начальнік цэха Галіна Вікенцьеўна Жаваранак,  – успамінае Таццяна Пятроўна.

На пытанне, ці цяжка працаваць на прадпрыемстве, жанчына не задумваючыся сказала, што ёй тут лёгка і здаецца, што ўжо рукі самі ведаюць справу. Больш чым за два дзясяткі гадоў работы яна, безумоўна, асвоіла ўсе сакрэты прафесіі, а таму, па словах кіраўніцтва, заўсёды спраўляецца з адведзенымі аб’ёмамі. Калі ж тэрмінова трэба выканаць заказ, Таццяна гатова затрымацца і пасля працоўнага дня.

– Вельмі люблю сваю работу і ніколі не думала яе памяняць. Часам, вядома ж, бываюць складанасці, напрыклад, крыху цяжэй спраўляцца з пашывам спецадзення для зваршчыкаў – яно вырабляецца з вельмі шчыльнай тканіны. Але прыемна бачыць вынік свайго старання: ушачан у адзенні, пашытым сваімі рукамі, – зазначае жанчына.

Аб тым, што Т.П.Бела­слудцава любіць сваю работу, сведчыць і факт, што яна, не адбыўшы да канца водпуск, на гэтым тыдні выйшла на працу раней вызначанага часу: “Дома справы неабходныя зрабіла, адпачыла крыху – і хопіць!”

А вось дома Таццяна Пятроўна за швейную машынку не садзіцца, займаецца пры неабходнасці толькі рамонтам адзення ці калі-­небудзь вышываннем для душы.

На рабоце яна высокакваліфікаваны спецыяліст, дома – добрая гаспадыня, клапатлівая маці і жонка. Усе гэтыя якасці ў ёй выдатна дапаўняюць адна адну, менавіта за гэта яе паважаюць калегі і любяць родныя.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *