Отправляясь отдыхать на природу, не забывайте о правилах пожарной безопасности

Cлужба-101

У цёплы летні перыяд усё мы імкнёмся адпачыць на ўлонні прыроды – звараная на вогнішчы юшка, зробленыя на вуглях шашлыкі – хто ж не любіць так правесці час. Каб адпачынак прынёс вам толькі асалоду і не нанёс урону прыродзе, не трэба забываць і пра элементарныя правілы пажарнай бяспекі.

З пачаткам сезона адпачынку супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з лясгасам і райкамам БРСМ перыядычна праводзяць  рэйды па папярэджанні пажараў і ўзгаранняў у прыродных экасістэмах. Адзін з апошніх такіх маніторынгаў прайшоў на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва  ў месцы адпачынку “Вечалле” (на здымку).

– У час гэтага рэйду парушальнікаў правіл пажарнай бяспекі не было выяўлена, праводзіць жа рэйды па папярэджанні пажараў плануем на працягу ўсяго летняга перыяду ва ўсіх месцах адпачынку, а таксама ў лясных масівах на тэрыторыі раёна,  – расказвае інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС В.Карэйша.

Нагадваем, што пры наведванні лясоў забараняецца разводзіць вогнішчы ў ветранае надвор’е, на тарфяніках, на лесасеках з нарыхтаванай драўнінай, у месцах з падсохлай травой, пад кронамі дрэў, на участках, не абрамленых паласой глебы шырынёй менш 0,25 метра, у неабсталяваных месцах. Абавязкова прыміце меры па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі. Пры гэтым забараняецца распальваць вогнішча з дапамогай бензіну ці дызельнага паліва.

Пастаянна кантралюйце працэс гарэння і забяспечце месца сродкамі тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка). Пасля заканчэння спальвання вогнішча павінна быть патушана да поўнага спынення тлення.

Калі вы вырашылі зрабіць шашлык на мангале на прысядзібным участку, неабходна выбраць месца не бліжэй чатырох метраў ад пабудоў, а побач з мангалам пастаўце ёмістасць з вадой, каб пры неабходнасці адразу ж затушыць полымя.

Важна ведаць, што прычынай пажараў у гарачае сонечнае надвор’е могуць стаць шкляныя бутэлькі і іншы посуд з гэтага матэрыялу. Сонечныя прамяні праз выпуклае або ўвагнутае шкло ўтвараюць эфект лінзы. Калі гаручыя прадметы акажуцца ў фокусе пераламлення прамянёў, значна павысіцца іх нагрэў, што і прывядзе да ўзгарання. Таму не пакідайце пасля сябе на месцы адпачынку шкляныя прадметы, а калі вы іх убачылі, то варта ўбраць або засыпаць зямлёй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *