Социальный работник Наталья Спиридович со всей душой заботится о своих подопечных

Ими гордятся

Далёка не кожны, хто ўладкоўваецца сацыяльным работнікам, затрымліваецца на гэтай пасадзе надоўга. Пранесці праз сваю душу і сэрца чужыя праблемы пад сілу толькі надзвычай міласэрным, шчырым людзям. Пажылым жыхарам Замошша, Заазер’я, Мосара, Завячэлля і Вярхоўя ў гэтым сэнсе пашчасціла: вось ужо 17 гадоў іх абслугоўвае выдатны спецыяліст Наталля Аляксандраўна Спірыдовіч.

Аб тым, што некалі давядзецца стаць сацыяльным работнікам, ураджэнка вёскі Замошша не думала. Пасля заканчэння Мосарскай школы па рэкамендацыі мамы паступіла ў Полацкае політэхнічнае вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць швачкі. Некаторы час працавала на фабрыцы па пашыве адзення ў Віцебску. Праўда, такая спакойная і карпатлівая работа хутка надакучыла непаседлівай Наталлі. Вярнуўшыся на малую радзіму, яна ўладкавалася страхавым агентам у Белдзяржстрах, пазней – у райспажыўтаварыства. Дарэчы, рабоце ў апошнім Наталля Аляксандраўна прысвяціла больш 10 гадоў – адкрытага, шчырага прадаўца магазіна ў Мосары мясцовыя старажылы нярэдка ўспамінаюць і зараз. Між тым, у 1999 годзе Н.А.Спірыдовіч зноў змяніла прафесію – стала сацыяльным работнікам ТЦСАН Ушацкага раёна. І пра гэта па сённяшні дзень не шкадуе.

У летнюю спёку і моцныя маразы спяшаецца яна да сваіх падапечных. Спяшаецца, бо ведае: яе з нецярпеннем чакаюць. Прыйшоў сацыяльны работнік – значыць, у доме і на падворку будзе парадак. Жанчына і баршчу наварыць, і прадуктаў прынясе, і палечыць – купіць неабходныя таблеткі.

Штодзённы маршрут жанчыны складае каля 6­7 кіламетраў. Зімой пераадольвае яго пешшу, летам – на веласіпедзе. Ну а каб лягчэй было спраўляцца з цяжкай ношай – пакетаў з прадуктамі для падапечных – муж Наталлі Аляксандраўны прыстасаваў да двухколавага транспартнага сродку спецыяльную карзіну. Дарэчы, з зайздросным пастаянствам трапляюць у яе і шматлікія прэзенты для бабуль і дзядуляў: некаму сацыяльны работнік малачка прывязе, камусьці – тваражку, прыгатаванага сваімі рукамі, ці смачных клёцак. Так, жанчына прывыкла жыць не толькі для сябе, але і для тых, хто знаходзіцца побач.

– Я вельмі люблю сваю работу, – кажа Н.А.Спірыдовіч. – Магчыма, некаму і цяжка знайсці агульную мову з пажылымі, а для мяне яны як родныя людзі. Калі памерлі мае мама і тата, шчыра падтрымалі мяне Тамара Міхайлаўна і Анатоль Дзмітрыевіч Корабавы з Завячэлля. Сёння ж я імкнуся аддзячыць увагай. Яны сталі для мяне ў нейкім сэнсе сям’ёй. З імі праводзіла шмат часу ў летні перыяд, а калі на зіму яны ад’язджалі да дзяцей у Мінск, давяралі мне ключы ад дома. Нярэдка тэлефанавала Тамара Міхайлаўна і са сталіцы. Калі ж не так даўно жанчына даведалася аб маім 55­-гадовым юбілеі, то занепакоілася, маўляў, калі пайду на заслужаны адпачынак, хто будзе яе з мужам абслугоўваць?!

Анатоля Дзмітрыевіча нядаўна не стала… Жанчына не можа змірыцца са стратай. Прыгадвае, як ён, фельчар па адукацыі, штодзень рабіў ёй уколы, калі паламала копчык, і як ратаваў яе падчас мікраінсульту. Дарэчы, апошні жанчына перанесла на нагах: на шляху да падапечных…

– Непрыемнасці кожнага перажываю як уласныя, – прызнаецца Наталля Аляксандраўна. – Іду неяк увечары ля дома М.І.Рубанік, чую з агароду плач. Аказалася, што карова адчапілася з прывязу і пад корань з’ела зялёную цыбулю. У такой сітуацыі трэба было тэрмінова нешта рабіць! На наступны дзень я купіла сяўка, высадзіла побач з “пацярпелай” агароднінай. Марыя Іванаўна нарадавацца не магла. А зараз на яе градцы зноў буяе зялёная цыбулька…

– Мяне часта падводзіць вялікі ціск, – кажа адна з падапечных Н.А.Спірыдовіч. –  Калі нядаўна стан здароўя пагоршыўся, Наталля некалькі разоў на дзень забягала да мяне. Калі ж я трапіла ў бальніцу, адведвала мяне і там. Увогуле ж, наша Наташа – самы лепшы сацыяльны работнік, клапатлівы чалавек! Пастаянна сварыцца на мяне, калі бачыць, што вядро з вадой падымаю. Усю работу выконвае сама і вельмі якасна.

Між тым, клопатаў у Наталлі Аляксандраўны хапае і дома. Разам з мужам трымаюць немалую гаспадарку: карову, каня, бычка, 5 свіней, курэй. Заўсёды парадак на агародзе і ў двары Спірыдовічаў. Напэўна, таму так любяць прыязджаць сюды іх дзеці – дарослыя дачка і сын – разам са сваімі сем’ямі.

Шчырасць, адкрытасць, адказныя адносіны да любой справы, за якую бярэцца, відаць, і дапамаглі Н.А.Спірыдовіч сёлета аказацца ў ліку лепшых работнікаў Ушаччыны – прозвішча Наталлі Аляксандраўны занесена на раённую Дошку гонару.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *