Молодёжь Ушаччины на «Славянском базаре в Витебске»

Образование и молодежь

У адзін час і ў адным месцы сустрэліся веласіпедысты, джамперы, ролеры, скейтбардзісты, графіцісты і тэатралы. У рамках “Славянскага базару ў Віцебску” на плошчы Перамогі, адной з самых вялікіх у Еўропе, з раніцы да ночы 16 ліпеня ладзіліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня моладзі. Не засталіся ўбаку ад значнай падзеі і ўшачане, якія на свае вочы пабачылі ўвесь размах мерапрыемства.

Свята актыўных і ініцыятыўных стартаваў традыцыйным арт­парадам маладзёжных субкультур “БелаРусь у Сэрцы Маім!” Яго ўдзельнікамі сталі дэлегацыі з усіх куточкаў Беларусі. Цыркачы, гімнасты і танцоры выраблялі неверагодныя па, паказвалі цуды гнуткасці і спрыту нават з элементамі эквілібрыстыкі. Не адставалі ад іх прадстаўнікі іншых маладзёжных рухаў і субкультур, актывісты грамадскага аб’яднання БРСМ. Замыкала ж пешае шэсце сталічная дэлегацыя з яркім вогненным шоу.

Ушачане не пераставалі здзіўляцца шматграннасці талентаў маладых людзей.

– У нас таксама нямала творчых, адораных юнакоў і дзяўчат, – адзначыла выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Рыта Півульская. – І ўсё ўбачанае сёння на “Славянцы”, думаецца, стане для іх выдатным стымулам заявіць пра сябе. Так што ў бліжэйшы час будзем чакаць новых дэбютаў у культурным, спартыўным жыцці раёна.

Урэшце перад публікай з’явіўся музей­бус “Кветкі Вялікай Перамогі”, які вёў за сабой цэлую калону байкаў, рэтрааўтамабіляў і гоначных машын – удзельнікаў аўтамотафэсту. Роў матораў заглушаў нават бурныя крыкі і авацыі публікі.

Але неўзабаве шум на некаторы час змоўк – пачалася патрыятычная акцыя “Мы памятаем і ганарымся!” ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў­вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Кветкі, словы ўдзячнасці і, вядома, хвіліна маўчання – у памяць і падзяку ад нашчадкаў за мірнае неба над галавой.

Яркай, ініцыятыўнай моладзі, сапраўды, ёсць за што дзякаваць. На кожным метры плошчы Перамогі былі арганізаваны тэматычныя зоны. Тут мацнейшыя мужчыны краіны спаборнічалі ў турніры па функцыянальным мнагабор’і “Open­2016”: узнімалі штангі па 100 кг і больш. Побач жадаючыя маглі згуляць у лазертаг, паназіраць за гульнёй у амерыканскі футбол і нават паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе спорту. Па суседстве праходзіла адкрытае першынство вобласці па баскетболе 3х3, а на другой пляцоўцы – 5­ы этап чэмпіянату Беларусі па скейтбордзе.

Наогул, спорту на Дні моладзі было вельмі многа. Як, дарэчы, і танцаў. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што ў нашай моладзі вялізны запас энергіі. Нездарма на ўрачыстым адкрыцці свята першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Белякоў пажадаў, каб гэтага зарада бадзёрасці, выдатнага настрою ўсім хапіла на цэлы год.

– Вельмі ўразіла інтэрактыўная экспазіцыя “Маладзёжны падворак”, – падзяліўся сваімі ўражаннямі ўдзельнік ушацкай дэлегацыі Андрэй Тарасевіч. – Цэлыя сем’і, сялібы з розных куткоў Беларусі прыехалі сюды пахваліцца адноўленымі старадаўнімі традыцыямі беларускай кухні і народных рамёстваў. Нехта прывёз разьбярныя і скураныя вырабы, хтосьці – карціны, фларыстычныя кампазіцыі, іншыя – выпечку і хатнія нарыхтоўкі: дранікі (куды ж без іх), грыбочкі, агурочкі і іншае.

Тут жа, на алеі па вуліцы Б.Хмяльніцкага, прайшла ў гэты дзень маладзёжная эстафета “Калейдаскоп гумару”. Здавалася б, невялікая сцэна, але яна змагла ўмясціць вялікую колькасць дзяцей, якія ўжо ведаюць толк у гумары. Публіка смяялася да слёз, бо сцэнкі былі на самыя актуальныя тэмы.

Што ні крок на Дні моладзі – то здзіўленне. Па словах Р.Півульскай, свята атрымалася настолькі разнапланавым і насычаным, што ўшачане прывезлі дамоў выключна станоўчыя ўражанні, убачылі старых сяброў і сустрэлі новых.

– Штосьці падобнае трэба паспрабаваць правесці ва Ушачах, – рэзюмавала Рыта.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *