Большинство вопросов, поступивших на «прямую линию» с председателем Ушачского райисполкома, касалось дорожной и коммунальной сферы

Зваротная сувязь

За апошні месяц жыхары раёна двойчы мелі магчымасць падчас “прамых тэлефонных ліній” падзяліцца сваімі праблемамі са старшынёй райвыканкама В.В.Родзічам. Да кіраўніка раёна паступіла больш дзясятка зваротаў, якія традыцыйна датычыліся пераважна камунальных і дарожных пытанняў, тэмы распаўсюджання баршчэўніку. Усе заяўнікі атрымалі адказы ці тлумачэнні, а некаторыя – і канкрэтную дапамогу ў вырашэнні агучаных праблем. Кіраўнікам адпаведных службаў адразу былі дадзены даручэнні, агавораны тэрміны іх выканання.

У выніку многія набалелыя пытанні жыхароў раёна былі аператыўна вырашаны. Так, з калектыўным зваротам на “прамую лінію” патэлефанавалі жыхары вуліцы Горкага гарпасёлка. Дажджлівае лета гэтага года стала для іх сапраўдным выпрабаваннем – многія ўчасткі размешчаных у нізінах сядзіб аказаліся падтопленымі. Спецыялістам раённай камунальнай службы давялося правесці вялікую работу па адводзе вады ад жылля: у прыватнасці, былі прачышчаны і паглыблены сцёкавыя канавы, высечана кустоўе ўздоўж абочын дарогі. Зараз праблема знята.

Сярод тых, хто звярнуўся на “прамую лінію” да кіраўніка раёна, была і жыхарка вёскі Слабада Марыя Пятроўна Сцежкіна. Дарэчы, днямі яна патэлефанавала ў рэдакцыю і папрасіла падзякаваць В.В.Родзічу, а таксама брыгадзе работнікаў УП ЖКГ на чале з майстрам Сяргеем Ягоравічам Мацюшам за тое, што ў яе доме адноўлена водазабеспячэнне. “За пэўны час, праведзены без вады, паспела ўсвядоміць, наколькі гэта нязручна, а таму вельмі рада, што зараз на нашай сядзібе зноў маецца гэта надзвычай неабходная на вёсцы выгода!” – падзялілася станоўчымі эмоцыямі жанчына.

Таксама камунальнай тэмы датычыўся зварот жыхароў аднаго з пад’ездаў дома №19 па вуліцы Ленінскай гарпасёлка, якія паскардзіліся на непрацуючы дамафон. Нумары тэлефонаў прадпрыемства “Белсплат”, якое павінна абслугоўваць гэту апаратуру, змяніліся, і грамадзяне прасілі парады наконт таго, як вырашыць праблему. Спецыялісты службы “адно акно” райвыканкама дапамаглі жыльцам адшукаць каардынаты “фірмы” і падаць заяўку на рамонт. Пытанне пакуль не знята з­за вялікай перыядычнасці выездаў для абслугоўвання ўшацкіх кліентаў, аднак яно трымаецца на кантролі. Зрэшты, тэлефонныя нумары названага прадпрыемства іншыя ўшачане пры неабходнасці могуць адшукаць праз інтэрнэт і непасрэдна звярнуцца да абслугоўваючай арганізацыі.

Падобнае можна было б параіць і жыхарцы адной з вёсак Кубліцкага сельсавета, якая патэлефанавала на “прамую лінію” да старшыні райвыканкама, каб выказаць нараканне на якасць тэлефоннай сувязі. Выехаўшыя да яе спецыялісты РВЭС аператыўна разабраліся ў сітуацыі і знялі пытанне, ухіліўшы тэхнічныя непаладкі.

Зрэшты, не ўсе, хто звярнуліся на “прамую лінію”, атрымалі той адказ, на які разлічвалі. Так, напрыклад, жыхар вуліцы Юбілейнай паскардзіўся на дрэнны стан дарогі. Старшыня райвыканкама разам са спецыялістамі выехаў на месца. Абследаванне паказала, што стан здавальняючы, асабліва з улікам сёлетніх умоў надвор’я. ДРБУ­105 дадзена даручэнне кантраляваць сітуацыю і падтрымліваць належную якасць гравійнага пакрыцця вуліцы.

Прыемна, што на “прамую тэлефонную лінію” да старшыні райвыканкама традыцыйна паступаюць званкі са словамі ўдзячнасці. У апошні раз, напрыклад, іх выказала жанчына, якая не пажадала назваць свайго прозвішча, бо, на яе думку, агучвае меркаванне вельмі многіх ушачан і гасцей раёна. “Жыву зараз у іншым горадзе і кожны раз, калі прыязджаю ва Ушачы, мая душа радуецца. Пасёлак прыгажэе на вачах, з’яўляецца нешта новае, многа робіцца па добраўпарадкаванні. Адразу бачна, што ў раёне да гэтага пытання ставяцца сістэмна і па-гаспадарску”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *