Отдыхать работникам Ушачского районного центра культуры и народного творчества не приходится — за прошлый год проведено более трёх тысяч мероприятий

Культура

Адпачываць работнікам раённага цэнтра культуры прыходзіцца нячаста – у іх гарачая пара амаль круглы год. Падрыхтоўка да шматлікіх прафесійных святаў, разнастайных конкурсаў, раённых мерапрыемстваў. І ў святочныя дні яны не маюць магчымасці прагуляцца з сем’ямі і атрымаць асалоду ад атмасферы свята – у гэты час яны забаўляюць сваіх землякоў і робяць усё, каб мерапрыемства атрымалася цікавым. Падмацуе вышэй сказанае наступная лічба: за 2015 год творчым калектывам цэнтра праведзена 3095 мерапрыемстваў.

На працягу апошніх двух гадоў ідзе і стабільнае выкананне плана платных паслуг, назіраецца станоўчая дынаміка па павелічэнні колькасці клубных фарміраванняў і іх наведвальнікаў. Калектывы мастацкай самадзейнасці ўстановы за мінулы год прынялі ўдзел у больш за 20 міжнародных, рэспубліканскіх, абласных фестывалях, святах і аглядах­конкурсах і сталі лаўрэатамі ў многіх з іх: другой ступені свята­конкурсу майстэрства культарганізатараў “Вясёлкавы карагод” у намінацыі “Лепшая традыцыйная праграма для моладзі” ў рамках правядзення “Славянскага базару ў Віцебску”, лаўрэатамі другой ступені на свяце­конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца­-2015”, лаўрэатамі трэцяй ступені ў намінацыі “За папулярызацыю нацыянальных культур” на абласным свяце нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні “Нас з’яднала зямля Беларусі”, лаўрэатамі трэцяй ступені ў аглядзе­-конкурсе аўтаклубаў па абслугоўванні сельскага насельніцтва.

У мінулым годзе на міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” кожны раён прадстаўляў свае брэнды. Ушачане паказалі адну з самых яркіх праграм і ў ліку лепшых былі адзначаны Дыпломам. Двойчы адзначаўся Дыпломам народны клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі” – на фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах і на свяце аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст” у Шаркаўшчынскім раёне.

Таму і заканамерна, што ўстанова “Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” па выніках работы за мінулы год занесена на раённую Дошку гонару.

– У нас склаўся выдатны калектыў, хочацца ў адрас усіх без выключэння сказаць добрыя словы. Мы працуем адной дружнай і згуртаванай камандай. Поспех залежыць не толькі ад тых, хто выходзіць на сцэну, едзе выступаць, а ў многім і ад тых, хто працуе над сцэнарыямі, касцюмамі, упрыгожвае сцэну, адказвае за гукавую апаратуру і інш. Грунтоўна рыхтуемся да кожнага мерапрыемства, разумеем і тое, што калі едзем на абласное свята ці конкурс, мы прадстаўляем твар раёна, безумоўна, што гэта адказна, – расказвае дырэктар установы Марына Пятроўна Макрыдзіна.

Акрамя канцэртаў, святаў і прадстаўленняў немалая работа праводзіцца і па дзейнасці клубных фарміраванняў, колькасць якіх сёлета дасягнула 86, з якіх 48 для дзяцей. А што гэта не папяровая лічба, пераканалася падчас размовы з Марынай Пятроўнай – у яе кабінеце літаральна трэсліся сцены: паверхам вышэй актыўна займаліся ўдзельнікі танцавальнага гуртка, у зале ішла рэпетыцыя бліжэйшага канцэрта, а ў метадычным кабінеце – актыўнае абмеркаванне сцэнарыя для яшчэ аднаго мерапрыемства.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *