Псориаз: неизлечимый, но контролируемый

Здравоохранение

Псарыяз – адно з найбольш распаўсюджаных хранічных захворванняў скуры. У Віцебскай вобласці пакутуе на яго каля 3 працэнтаў насельніцтва. Ва Ушацкім раёне на дыспансерным уліку з такой паталогіяй знаходзіцца 77 пацыентаў.

Псарыяз (хранічны дэрматоз) – стан, які цалкам не вылечваецца, але, на шчасце, кантралюецца. У наш час адзначаецца рост цяжкіх формаў захворвання, пры якіх паражаецца не толькі скура, але і суставы.

Псарыяз можа выяўляцца ў любым узросце, пачынаючы ад нараджэння чалавека. Захворванне гэтае – хранічнае, у яго патагенезе асноўную ролю адыгрываюць спадчыннасць, парушэнні імуннай сістэмы, а таксама розныя правакацыйныя фактары (рэнтгенаўскае і сонечнае апраменьванне, запаленчыя хваробы скуры, уплыў хімічных рэчываў, гарманальныя парушэнні). Характарызуецца псарыяз парушэннем рэгенерацыі клетак скуры. Апошнія размнажаюцца настолькі хутка, што не паспяваюць адміраць – у выніку на скуры з’яўляюцца высыпанні, якія лупяцца. Лакалізавацца псарыяз можа на любым участку скуры, але часцей гэта згібы, локці, калены, валасяная частка галавы і вобласць крыжа (крестца). Калі захворванне працякае ў класічнай форме, то агульны стан хворага дастаткова нармальны: рэцыдывы змяняюцца рэмісіямі, абвастрэнне ж праяўляецца сезонна – часцей восенню.

Самым сучасным варыянтам лячэння псарыязу з’яўляецца ўжыванне імунабіялагічных прэпаратаў. У Беларусі з іх даступны чатыры: “Інфліксімаб”, “Устэкінумаб”, “Адалімубаб”, “Энбрэл”. Тэрапія паказана пацыентам з сярэднецяжкім і цяжкім працяканнем захворвання, асабліва пры наяўнасці паражэння суставаў, пры неэфектыўнасці іншай праведзенай тэрапіі.

Фотатэрапія – метад светлавой тэрапіі з ужываннем сярэдняхвалевага выпраменьвання ўльтрафіялетавых прамянёў вузкага спектру. Валодае выбарачным уздзеяннем на структуру скуры, але практычна не выклікае пабочных дзеянняў і ўскладненняў.

У апошні час узрасла папулярнасць немедыкаментознай тэрапіі. У комплексным лячэнні пацыентаў выкарыстоўваецца азонатэрапія – праз выкарыстанне спецыяльных алеяў, мазяў, правядзенне ўнутрывенных інфузій, падскурных ін’екцый і г.д. Добра сябе зарэкамендавалі аплікацыі гелем насення лёну, гразелячэнне, бальнеатэрапія з выкарыстаннем фітатэрапеўтычных сродкаў. У комплексным лячэнні псарыязу шырока выкарыстоўваюцца ўльтрафіялетавае апраменьванне крыві, лазера- і ігларэфлексатэрапія. Праводзяцца сеансы псіхакарэкцыі.

Дыета пры псарыязе павінна падбірацца індывідуальна. Яе мэта – зменшыць нагрузку на кішэчнік і страўнік, ачысціць арганізм, вывесці шлакі і таксіны. Абавязковым з’яўляецца багатае пітво: у дзень трэба ўжываць не менш 2 літраў чыстай вады. Пры псарыязе нельга пераядаць. Варта пазбавіцца ад залішняй вагі.

Псарыяз – непрадказальны ў кожным асобным выпадку. Таму і падыход да яго лячэння павінен быць індывідуальным. Пры правільна пастаўленым дыягназе і ўхіленні ўсіх правакацыйных фактараў у чалавека з’яўляецца магчымасць значна аблегчыць працяканне хваробы.

Я.ПЫШКІНА, урач-дэрматавенеролаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *