Более сотни журналистов страны приняли участие в форуме «Роль региональных средств массовой информации в развитии социального партнёрства»

В общественных организациях

Больш сотні журналістаў з усіх куткоў Беларусі прынялі ўдзел у форуме “Роля рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў развіцці сацыяльнага партнёрства”, які праходзіў у сталіцы краіны 13-14 снежня. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з Міністэрствам інфармацыі ўпершыню арганізавалі маштабную пляцоўку для дыялогу і абмену вопытам паміж прафсаюзамі і журналістамі раённых газет.

Для іх была падрыхтавана вялікая праграма – культурная, экскурсійная, адукацыйная. На працягу двух дзён журналісты “раёнак”, якія пішуць аб рабоце прафсаюзаў на месцах, знаёміліся з ініцыятывамі і дзейнасцю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А яна вельмі разнастайная. На сцэне Палаца культуры прафсаюзаў журналісты аднымі з першых убачылі прэм’еру неверагоднага відовішча-вандроўкі. Гісторыка-мастацкі праект “Сем таямніц Беларусі”, падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Палацам культуры прафсаюзаў, акунуў гледачоў у глыбiню стагоддзяў і нагадаў пра духоўныя і матэрыяльныя скарбы нашай краіны. Менш чым за гадзіну артысты ўмудрыліся паказаць тое, што дорага беларусам, што яны самааддана любяць. Успомнілі старажытнае свята Купалле і таямнічыя легенды Нясвіжа, распавялі пра грунтоўныя для беларускага народа паняцці, а таксама пра знакамітых асоб, якімі ганарыцца сучасная Беларусь. У захапляльным аповедзе дзівосна пераплецены мінулае і сучаснае: услед за статнымі палескімі прыгажунямі на сцэну выходзяць модніцы 60-х, а мелодыі гусляў арганічна дапаўняюцца акрабатычнымі выступленнямі. “Сем таямніц Беларусі” варта ўбачыць не толькі іншаземцам, але і кожнаму беларусу – каб прыгадаць, на што багата наша краіна. Пасля навагодніх свят відовішча-вандроўку плануюць ставіць на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў кожную нядзелю, панядзелак і аўторак і будуць рады гледачам з рэгіёнаў.

Арганізаваць жа паездку ў сталіцу, як і шэраг іншых мерапрыемстваў для цікавага і карыснага адпачынку змогуць прафсаюзы, якім у нашай краіне ў цэлым надаецца вялікая роля. Выступаючы на пленарным пасяджэнні, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда падкрэсліў, што аб’яднанне ставіць мэтай шырокі ўдзел ва ўсіх сферах жыцця грамадства, не забываючы пры гэтым пра галоўныя напрамкі дзейнасці – яднанне ў прафесійных саюзах працаўнікоў незалежна ад іх формы ўласнасці, абарону іх правоў і інтарэсаў.

Сёлета 79 чалавек дзякуючы дапамозе прафсаюзаў аднавіліся на працы, адкуль былі звольнены без падстаў. Работнікам вернута каля 18 мільярдаў рублёў нявыплачаных заробкаў. Федэрацыя выступае з ініцыятывай на заканадаўчым узроўні разгледзіць новыя прагрэсіўныя механізмы кантрактнай формы найму, страхавання па беспрацоўі, атрымання кампенсацый работнікамі пры банкруцтве арганізацыі. Ім гарантавана падтрымка на самым высокім узроўні – Прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка на сустрэчы з М.С.Ордай станоўча ацаніў намаганні Федэрацыі прафсаюзаў па ўмацаванні іх ролі ў жыцці краіны. Але любыя ініцыятывы стануць дзейсным механізмам толькі тады, калі яны будуць падтрыманы пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі, агульнымі намаганнямі ўсіх членаў прафсаюза. Гэта формула дзейнасці закладзена ў кароткім і вельмі ёмістым слогане Федэрацыі: “Мы – разам!”.

– У нас больш 20 тысяч прафсаюзных арганізацый, – адзначыў, выступаючы перад журналістамі, Міхаіл Орда. – І ў кожнай пярвічкі ёсць свае напрацоўкі, якімі яны могуць падзяліцца са сродкамі масавай інфармацыі. Таму ў вас заўсёды знойдуцца тэмы для цікавых публікацый. У выніку мы будзем сумесна працаваць над агульнай задачай па абароне правоў і інтарэсаў працуючых, нават тых, хто яшчэ і не ў прафсаюзе – гэта таксама нашы людзі. Адным з асноўных прыярытэтаў нашай дзейнасці з’яўляецца прыцягненне ў прафсаюзы работнікаў камерцыйных структур і прыватных прадпрыемстваў.

Дарэчы, вынікі гэтай дзейнасці бачны і на прыкладах асобных рэгіёнаў, у тым ліку і нашага раёна. Як паведаміў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Іванавіч Бухалка, сёлета створаны прафсаюзныя арганізацыі ў ПУП “Ляснеўшчына” і ААТ “Ушачы” і зараз агульная колькасць ахопленых прафсаюзным рухам працаўнікоў у нашым раёне складае каля 4200 чалавек.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч падзякавала кіраўніцтву Федэрацыі прафсаюзаў за арганізацыю сустрэчы і падкрэсліла, што функцыі дзейнасці прафсаюзаў і сродкаў масавай інфармацыі падобныя:

– Наша ўзаемадзеянне – моцнае партнёрства ў развіцці нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Разам мы фарміруем светапогляд грамадзян і ўносім важкі ўклад у сацыяльнае партнёрства ўлады, грамадства і кожнага канкрэтнага чалавека. У асаблівасці гэта актуальна для рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, якія знаходзяцца ў гушчыні падзей і кожны дзень сустракаюцца са сваімі чытачамі.

Не сумняваюся, што амаль у кожнай нашай прафсаюзнай пярвічцы ёсць дастойныя прыклады дзейнасці, якія вартыя ўвагі і пераймання. Не варыцеся ва ўласным соку, расказвайце пра іх. Мы ж у сваю чаргу заўсёды рады цікавай інфармацыі і з задавальненнем данясём яе да шырокага кола чытачоў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *