В Ушачский район по распределению в 2016 году прибыло 65 молодых специалистов. Председатель райисполкома встретился с теми, кто начал свою трудовую деятельность на Ушаччине

Образование и молодежь

Сёлета ва Ушацкі раён на сваё першае рабочае месца з навучальных устаноў накіравана 65 маладых спецыялістаў, з іх 20 чалавек з вышэйшай адукацыяй, 37 – з сярэдне-спецыяльнай, 8 – прафесійна-тэхнічнай. Найбольшае папаўненне ў сельскагаспадарчай галіне – 21 чалавек, па 10 маладых спецыялістаў прынялі ў сферы адукацыі і гандлю, 11 чалавек звязалі свой прафесійны выбар з медыцынай, установы культуры папоўнілі 5 новых работнікаў.

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама В.В.Родзіч правёў традыцыйную сустрэчу з маладымі спецыялістамі, якія ў гэтым годзе пачалі свой працоўны шлях на Ушаччыне.

– Зараз у вашым жыцці няпросты перыяд, за плячыма засталася, напэўна, самая цудоўная пара – вучоба ў навучальных установах, – у форме шчырай размовы распачаў мерапрыемства Віктар Віктаравіч. – Цяпер час станаўлення вас як спецыялістаў і прафесіяналаў. Не заўсёды ўсё будзе атрымлівацца, але ніколі не трэба апускаць рукі. Імкніцеся раскрыць сябе, старайцеся, і галоўнае, што павінна быць у кожнага, каб дасягнуць высокага прафесійнага майстэрства, рэалізавацца – гэта жаданне працаваць!

У апошні час моладзь усё больш імкнецца ў вялікія гарады, але там намнога складаней праявіць сябе. Галоўнае ж у прафесійным шляху – быць запатрабаваным спецыялістам – і ў нашым гарпасёлку ёсць шансы стаць менавіта такім.

Адным з самых актуальных пытанняў для моладзі з’яўляецца жыллёвае. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама С.П.Дымман адзначыў, што жадаючыя будавацца могуць стаць на ўлік маючых патрэбу ў  паляпшэнні жыллёвых умоў.

Важнай умовай для замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці з’яўляецца магчымасць з карысцю правесці вольны час. Вялікім крокам наперад у гэтым плане будзе ўвод у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе размесцяцца не толькі спартыўныя пляцоўкі, басейн, а і кафэ, іншыя аб’екты.

Падчас мерапрыемства кожны з прысутных меў магчымасць задаць кіраўніку раёна сваё хвалюючае пытанне. Трэба сказаць, што іх было нямнога. Магчыма, гэта сведчыць аб тым, што асноўныя праблемы вырашаюцца на месцах. Прыемна было пачуць ад маладога спецыяліста, які толькі нядаўна прыехаў у наш раён, не прыватнае, а хвалюючае грамадскае пытанне. Малады навуковы супрацоўнік музея Васіль Навумаў з Шуміліншчыны хваляваўся, калі ж пачнецца рамонт будынка гэтай установы. В.В.Родзіч патлумачыў, што на такія работы патрэбна нямала сродкаў, складаная праектна-каштарысная дакументацыя. Чакаецца, што грошы на рамонт музея паступяць ужо ў надыходзячым 2017 годзе. Менавіта тут прайшла другая частка сустрэчы з маладымі спецыялістамі. Для іх была арганізавана цікавая экскурсія. Ураджэнцы нашага раёна, канечне, у музеі былі ўжо не раз, але кожны візіт сюды дадае новых эмоцый. Тыя ж, хто трапіў сюды ўпершыню, былі ўражаны багатай экспазіцыяй, не пакінуў прысутных і фільм пра Ушаччыну. Напрыканцы галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.Клімашэўская і выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Р.Півульская расказалі аб мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне для моладзі, заклікалі быць больш актыўнымі і ўдзельнічаць у іх. Нагадваць пра гэтую сустрэчу маладым спецыялістам будуць памятныя падарункі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *