Где эта улица, где этот дом? Как выглядят адресные таблички ушачан мы посмотрели, совершив прогулку по городскому посёлку

Благоустройство

Тэму гэтага матэрыялу нам падказаў зварот аднаго з чытачоў: “Хутка заканчваю будаўніцтва ўласнага жылля. Але ж дом без нумара – як чалавек без імя! Таму хацелася б даведацца: шыльду на маю сядзібу самому майстраваць-заказваць, або яе выдаюць у камунгасе ці якой іншай арганізацыі? Калі самому, то якія існуюць патрабаванні для ўказальніка, каб потым не пераробліваць?”.

Пытанне цікавае і, як аказалася, аддадзенае на водкуп уласнікам індывідуальных жылых дамоў – прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі набывае і развешвае адрасныя таблічкі толькі на жыллёвым фондзе, які абслугоўвае. Зрэшты, сустракаюцца падобныя блакітна-белыя аншлагі і дамавыя знакі (як яшчэ называюць указальнікі) і на дамах прыватнага сектара – магчыма, гэтым і кіраваўся аўтар пытання, мяркуючы звяртацца для яго вырашэння ў камунгас. Але, як нам патлумачылі ва УП ЖКГ Ушацкага раёна, указальнікі “камунальнага” дызайну з’явіліся на будынках прыватнікаў некалькі год таму ў сувязі з правядзеннем перапісу насельніцтва – на гэта былі выдзелены спецыяльныя сродкі і адрасныя таблічкі з нумарамі для зручнасці працы перапісчыкаў размясцілі на многіх індывідуальных дамах.

Такім чынам, уласнікі самі павінны паклапаціцца пра “імя” сваіх сядзіб. На асобных нумар проста намаляваны фарбай на куце – дамы абазначаны. Ні ў якім разе не асуджаем іх гаспадароў, бо многіх можна смела ставіць у прыклад па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Проста на такую дробязь, як дамавая таблічка, здаецца, можна і не звяртаць увагі. Але шмат і тых, хто лічыць, што дасканаласць якраз і складаецца з такіх дробязей, падыходзіць да іх з густам і фантазіяй. Праехаўшы некаторыя вуліцы райцэнтра, яшчэ раз упэўніліся ў гэтым.

Адрасныя таблічкі на будынках уласнікаў умоўна можна падзяліць на тры групы. На многіх домаўладаннях красуюцца ўказальнікі яўна заводскага выпуску. Зараз заказаць іх можна ў адпаведнасці з вашымі пажаданнямі на любы густ і кошт. Пераважная большасць выканана з пластыку, сустракаюцца адзінкавыя экземпляры з металу. Такія таблічкі маюць розныя памеры, дызайн і асабліва арганічна глядзяцца на сценах цагляных дамоў.

У другой групе – самаробныя простыя шыльды з назвай вуліцы, дома ці таго і другога адразу. Пры гэтым яны выкананыя настолькі ўмела, што нават узнікае сумненне, што гэта справа рук чалавека, а не спецыяльнага станка. Сярод іх можна вылучыць аншлагі на аснове люстра – выглядае і арыгінальна, і прыгожа.

Ну і асобна, канечне, стаяць указальнікі, якія смела можна аднесці да дэкору, бо па арыгінальнасці выканання, колеравай гаме, падбору матэрыялу яны не толькі абазначаюць жыллё, а і ўпрыгожваюць яго, дапаўняюць прывабную карціну – як правіла, ля сядзіб з такімі ўказальнікамі прысутнічаюць не менш яркія і прыгожыя малыя архітэктурныя формы, іншыя нетрывіяльныя элементы аздаблення – як ля некаторых дамоў на Першамайскай, Полацкай, Камсамольскай.

Што датычыцца патрабаванняў да размяшчэння і памераў адраснай таблічкі, то тут строгіх правілаў няма. Галоўнае – каб яна знаходзілася на бачным месцы, мела разборлівыя лічбы і літары. Прадстаўнікі зацікаўленых службаў з практыкі сцвярджаюць, што ідэальным варыянтам з’яўляецца размяшчэнне на домаўладанні двух адрасных таблічак з розных бакоў (на адным з дамоў у раёне былога льнозавода іх нават тры!). А аптымальны памер трэба падбіраць з улікам размяшчэння дома адносна вуліцы, пад’езду да сядзібы.

Не ўсе домаўладанні грамадзян, аснашчаныя прыгожымі адраснымі таблічкамі, знаходзяцца ля ажыўленых вуліц у полі зроку вялікай колькасці людзей. Многа арыгінальных дызайнерскіх рашэнняў па абазначэнні свайго жылля ёсць у сельскай мясцовасці, у прыватнасці, шмат фантазіі ў гэтым плане праяўляюць дачнікі. А між тым, прыгожыя і неардынарныя аншлагі варта было б убачыць не толькі суседзям ды гасцям, работнікам пошты, газавікам, энергетыкам і, не дай Бог, медыкам. Таму, паважаныя чытачы, прысылайце нам фатаграфіі незвычайных шыльдаў (і не толькі адрасных таблічак) на электронную пошту, размяшчайце іх у групе “Патрыёта” ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, або тэлефануйце ў рэдакцыю: мы раскажам пра крэатыўных гаспадароў – магчыма, іх прыклад натхніць іншых, і вуліцы нашых населеных пунктаў упрыгожацца новымі прывабнымі элементамі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *