Декрет №3 «О предупреждении социального иждивенчества» — самая обсуждаемая на сегодняшний день тема в белорусском обществе

Калейдоскоп Официально

Аплата збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў – адна з самых абмяркоўваемых зараз тэм у беларускім грамадстве. Аб яе праблемных момантах і неабходнасці карэкціроўкі Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які ў народзе называюць дэкрэтам супраць дармаедаў, ішла размова на нядаўняй нарадзе ў кіраўніка краіны. Вынікам гэтага, а таксама маніторынгу прапаноў ад усіх галін улады, стаў падпісаны Прэзідэнтам Дэкрэт №1, якім уносяцца змены ў папярэдні дакумент.

Навацыі дэкрэта

Коратка ахарактарызуем новаўвядзенні. У дэкрэце ўдакладнілі спіс тых, хто не павінен плаціць падатак на няўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

З 31 снежня 2016 года дармаедамі не будуць лічыцца спартсмены, што ўваходзяць у нацыянальныя і зборныя каманды Беларусі, асобы, якія праходзяць альтэрнатыўную службу. Для беспрацоўных дэкрэтам прапісана патрабаванне рэгулярна адзначацца на біржы, адгукацца на прапановы работадаўцаў і не адмаўляцца ад перанавучання. А вось бацькі, што выхоўваюць дзяцей да 7 год, цяпер пазбегнуць спісу плацельшчыкаў, толькі калі малыя не наведваюць дзіцячы сад. І яшчэ адно істотнае дапаўненне: ад аплаты збору могуць быць вызвалены тыя, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі – адпаведнае рашэнне будуць прымаць мясцовыя ўлады.

Для тых асоб, якім ужо адпраўлены паведамленні, тэрмін аплаты збору прадоўжаны да 20 лютага. Тыя, хто атрымае іх пазней, будуць мець для аплаты 30 каляндарных дзён.

Не ўсе лісты – па адрасе

Падатак на дармаедства непасрэдна датычыцца каля 400 тысяч беларусаў – столькі чалавек ужо атрымалі паведамленні на аплату збору за 2015 год. Нямала сярод іх і нашых землякоў: як паведамілі нам у інспекцыі па падатках і зборах па Ушацкім раёне, на сярэдзіну студзеня “лісты шчасця” былі накіраваны 968 жыхарам рэгіёна. Як і меркавалася папярэдне, без пэўных хібаў гэты працэс прайсці не мог. Паведамленні атрымалі некаторыя асобы, якія па законе плаціць гэты падатак не павінны. Дарэчы, многія мяркуюць, што рэестр плацельшчыкаў складаюць мясцовыя падаткоўцы і менавіта ім прыпісваюць гэтыя недакладнасці. Насамрэч абумоўлены яны няпоўнымі ці скажонымі звесткамі, якія падалі ў МПЗ зацікаўленыя дзяржаўныя органы і ўстановы – менавіта на іх аснове фарміравалася адзіная інфармацыйныя база па краіне.

Трэба сказаць, што ўсе спрэчныя выпадкі ўважліва разглядаюцца работнікамі падатковай службы. Так, па звестках на 10 студзеня, 241 грамадзянін раёна палічыў, што яму памылкова даслана паведамленне на аплату збору. І трэба сказаць, што большасць з іх мелі рацыю: у 203 выпадках прынята рашэнне аб ануляванні паведамленняў, у 6 у суму збору залічаны іншыя аплачаныя падаткі, і толькі 26 асобам адмоўлена ў вызваленні ад аплаты.

Шмат было сітуацый, калі паведамленні дасылаліся ўшачанам, якія больш за паўгода знаходзіліся па-за межамі Беларусі і пацвердзілі гэта дакументальна (90 выпадкаў). 30 жыхароў раёна прадставілі ад мясцовых улад сведчанні таго, што яны вялі асабістую падсобную гаспадарку на спецыяльна выдзеленых для гэтага ўчастках. З-за своечасова непададзенай у МПЗ інфармацыі ад навучальных устаноў у спіс трапілі 17 студэнтаў. Таксама былі вызвалены ад падатку на дармаедства 14 ушачан, якія працавалі па дагаворах, 11 вайскоўцаў, 10 бацькоў, якія выхоўвалі дзяцей да 7 год, 7 інвалідаў, 4 чалавекі, якія ў 2015-м годзе былі часова непрацаздольнымі, разглядаліся і іншыя выпадкі.

Каб пазбегнуць спрэчных сітуацый

Па словах намесніка начальніка ІМПЗ па Ушацкім раёне Алены Якаўлеўны Мацюшэнкі, большасці спрэчных сітуацыі можна было б пазбегнуць, калі б грамадзяне папярэдне звярталіся ў інспекцыю і падавалі звесткі, якія самі падаткоўцы атрымаць не могуць. Так, напрыклад, адна з ушачанак у 2015-м атрымала складаны пералом нагі і была непрацаздольнай больш за паўгода: пацвердзіўшы гэты факт медыцынскімі дакументамі, жанчына была вызвалена ад аплаты збору. Інспекцыя не мае магчымасці адсочваць выезд грамадзян у Расію, з якой у Беларусі адсутнічае пагранічны кантроль – гэта варта мець на ўвазе тым, хто накіроўваўся на працу ці вучобу ў гэтую краіну, а такіх у нашым раёне нямала.

Некалькі пытанняў па нюансах заканадаўства паступалі і ў рэдакцыю. У прыватнасці, як уплывае на налічэнне сумы падатку здача кватэры ў арэнду.

– Чалавек можа быць вызвалены ад аплаты збору, калі агульная сума заплачанага падатку за даход ад здачы жылля (як, дарэчы, і іншых падаткаў) за год склала больш 360 рублёў, – тлумачыць А.Я.Мацюшэнка. – Калі ж яна меншая, сума будзе адмінусавана ад збору. Хачу таксама звярнуць увагу асоб, якія плацяць збор за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці, што ён павінен быць унесены ў бюджэт абавязкова ў названы тэрмін, у выпадку нават невялікай пратэрміноўкі вы страціце права быць вызваленым ад аплаты за справаздачны год – падобныя прыклады былі сёлета ў нашым раёне.

На жаль, бываюць і такія выпадкі, калі грамадзянін не трапляе ні па адным пункце ў лік тых, хто вызваляецца ад збору, аднак відавочна, што аплаціць яго не ў стане. Так, днямі ў падатковую інспекцыю прыйшоў жыхар вёскі Замошша, які з-за хваробы не можа працаваць, да таго ж заняты доглядам за састарэлай маці. Чалавек мае падставы для афармлення інваліднасці (любая яе група вызваляе ад аплаты збору), аднак пакуль не змог яе аформіць. Менавіта для падобных выпадкаў будзе дзейнічаць уведзены ў закон пункт пра асоб, што знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы (пра яго прыгадвалася вышэй). Як патлумачылі нам у райвыканкаме, дзе і будуць прымацца рашэнні па такіх сітуацыях, у цяперашні час дадзена даручэнне Саўміну прывесці ў адпаведнасць існуючыя нарматыўна-прававыя акты, каб урэгуляваць парадак падачы грамадзянамі заяў аб прадстаўленні ім ільготы па аплаце збору.

Вось як рэзюмаваў сітуацыю кіраўнік нашай краіны А.Лукашэнка: “Дэкрэт быў накіраваны на ліквідаванне складанейшай праблемы – сацыяльнага ўтрыманства. Яе рашэнне бачылася ў стымуляванні працаздольных грамадзян, якія могуць і павінны працаваць, да легальнай працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржвыдаткаў… Зараз ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакумента. Недахопы ёсць? Ну што ж, давайце выпраўляць”. Складана штосьці дадаць да гэтых слоў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *