«Белтелеком» повышает цены на услуги электросвязи

Калейдоскоп

Пытанняў, з якімі звяртаюцца ўшачане да начальніка раённага вузла электрасувязі А.У.Шакуты, звычайна паступае нямнога. Не стала выключэннем і апошняя “прамая лінія”, якую праводзіў у рэдакцыі Аляксандр Уладзіміравіч: за гадзіну вызначанага часу да яго звярнуўся толькі адзін грамадзянін. Між тым, пагутарыць з кіраўніком запатрабаванай службы Ушаччыны нам было пра што. Думаецца, гэтая інфармацыя будзе карыснай нашым чытачам.

Многіх жыхароў вёскі Касары цікавіць, калі ў іх населеным пункце ўрэшце з’явяцца высокахуткасны інтэрнэт ад byfly і правадное інтэрактыўнае тэлебачанне Zala. Вось і падчас “прамой лініі” гэтае пытанне А.У.Шакуту задаў адзін з абанентаў, якому надакучыла мірыцца з нізкахуткасным інтэрнэтам і адсутнасцю магчымасці перамотваць любімыя тэлеканалы. Аляксандр Уладзіміравіч патлумачыў, што названыя паслугі прыйдуць у Касары ўжо ў сакавіку бягучага года. Зрэшты, праведзеная тут мадэрнізацыя тэлефоннай сеткі прывядзе да змены нумароў дыяпазону 2-34-** і 2-36-** на 5-**-**, за што плата брацца не будзе.

Жыхары шэрагу шматпавярховак у райцэнтры ўжо ацанілі перавагі аптычнай сеткі GPON, самай прагрэсіўнай тэхналогіі доступу ў інтэрнэт, здольнай забяспечыць зайздросную хуткасць абмену інфармацыяй. Як патлумачыў А.У.Шакута, для перадачы даных выкарыстоўваецца не медны кабель, а оптавалаконны. Гэта дазваляе перадаваць вялікія патокі інфармацыі і, як следства, дае магчымасць падключыць на адну лінію тэлефон, тэлебачанне, інтэрнэт, сігналізацыю, дамафон. “Вельмі папулярным у апошні час ва ўшачан стаў пакет паслуг “ЯСНА”, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – Нагадаю: ён уключае ў сябе інтэрнэт на хуткасці да 50 Мбіт/с, інтэрактыўнае тэлебачанне да 100 каналаў на любую колькасць прыёмнікаў, безлімітную тэлефонную сувязь па сетцы “Белтэлекам” (мясцовыя і міжнародныя накірункі), а таксама інтэрнэт-тэлебачанне SMART ZALA”.

Вядома, што ўвасабленне ў жыццё прыгаданых вышэй і многіх іншых паслуг было б немагчымым без пастаяннага развіцця тэлекамунікацыйных тэхналогій, правядзення мадэрнізацыі сеткі. І тут, канечне ж, не абысціся без значных фінансавых выдаткаў з боку “Белтэлекама”. “Кампанія максімальна доўга стрымлівала рост цэн, – патлумачыў А.У.Шакута. – Апошняя змена тарыфаў на паслугі электрасувязі праводзілася ў снежні 2015 года. І ўсё ж цяпер без гэтага не абысціся. Так, з 1 сакавіка 2017-га павялічацца цэны на даведачна-інфармацыйныя паслугі, тэлеграфную сувязь, міжнародныя тэлефонныя злучэнні, а таксама пакеты паслуг. Пэўныя змены закрануць таксама некаторыя тарыфныя планы тэлебачання ZALA і паслугі доступу да сеткі інтэрнэт. Сярэдні памер павышэння кошту складзе 9 працэнтаў. Што ж датычыцца паслуг мясцовай і міжгародняй тэлефоннай сувязі, доступу ў інтэрнэт па гарантаванай паласе прапускання, хостынгу, то тарыфы на іх застануцца ранейшымі”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *