Воспитанники Ушачской ДШИ имени Крупени достигли высоких результатов на музыкальных конкурсах

Калейдоскоп

Гэтай зімой Дзядуля Мароз нячаста распісваў нашы вокны ледзянымі карункамі, затое выхаванцы Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў імя Д.У.Крупені спраўна плялі ўзоры музычных сугучнасцяў на зімовых творчых спаборніцтвах.

У чарговы раз пацвердзіў свой высокі ўзровень балалаечнік Дзяніс Лаюшка – атрымаў дзве перамогі ў конкурсах “Крыштальная сняжынка” і “Зімнія мары”. Сёлета выхаванец Галіны Хвошч заканчвае навучанне ў ДШМ, але з любімым інструментам развітвацца не збіраецца: думае пра паступленне ў Наваполацкі музычны каледж.

А вось вучні Жанны Савіцкай накіраваліся ў гэту ўстанову на мінулым тыдні – і пакарылі журы вакальнага конкурсу “Гукі мары”. Дуэт Златы Коршун і Арыны Карэйшы пранікнёна выканаў песню “Маміны далоні” і стаў лаўрэатам І прэміі. Дапамагла дзяўчатам здабыць перамогу акампаніятар Людміла Сляцкая. Яркім быў і нумар ансамбля “Вясёлка”: вакалісты звярнуліся да беларускай класікі – прэзентавалі твор на верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”. Лінію нацыянальнага каларыту дапоўнілі спецыяльна пашытыя аўтэнтычныя касцюмы, а таксама акампанемент цымбалаў Ірыны Коршун. У нашага гурта – лаўрэацкі дыплом ІІ ступені.

А вось рэгіянальны конкурс дзіцячай творчасці ў Браславе, на які наша ўстанова накіравала прадстаўнічы рознаўзроставы дэсант, меў цёплую назву “Да сонца!”. Яркім праменьчыкам бліснула самая малодшая ўдзельніца каманды – Аня Сляцкая: выхаванка педагога Святланы Валовай даказала, што ў другім класе ўжо можна выдатна выконваць фартэпіянныя творы Баха, і атрымала дыплом лаўрэата І ступені. Гэткай жа ўзнагароды ўдастоена і вучаніца І.Коршун Аня Бехава, якая віртуозна выканала на цымбалах разнапланавыя творы – пранікнёны раманс і іспанскі танец. Справіўся з хваляваннем юны дэбютант Ягор Барысёнак, які навучаецца ігры на балалайцы ў Генадзя Савіцкага – яго ўзровень журы ацаніла дыпломам лаўрэата ІІІ ступені. Дастойна прадставілі школу цымбалісты Косця Сіманаў (І.Коршун) і Ульяна Казьяніна (Н.Тарасенка). Дзяўчынка да таго ж нядаўна атрымала і дыплом лаўрэата ІІІ ступені конкурсу “Зімнія мары”.

Цікавым вопытам стала для дзяцей і паездка на абласную алімпіяду па тэорыі музыкі, якая праводзілася ў Віцебскім музычным каледжы імя І.Салярцінскага. Іван Праннік і Насця Пятроўская, якіх рыхтавалі В.Чумакова і В.Полазава, атрымалі граматы за актыўны ўдзел.

“Дасягненні юных музыкантаў – плён агульных намаганняў і, канечне, у нас нічога б не атрымалася без дапамогі бацькоў, – зазначае дырэктар ДШМ Наталля Іванова. – А ўдзельнічаць у конкурсах неабходна: мы можам ацаніць свой узровень у параўнанні з іншымі, зарыентавацца ў плане рэпертуару. Калі ж дзеці бачаць высокую ацэнку сваёй творчасці, гэта стымулюе іх да далейшай працы”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *