На Віцебшчыне за мінулы год траўмы на вытворчасці атрымалі 169 чалавек. Узровень вытворчага траўматызму павялічыўся да 0,41 пацярпелых на тысячу працуючых супраць 0,34 у 2015 годзе. Ва ўзросце да 18 гадоў пацярпеў адзін работнік (у 2015-м – тры).
У арганізацыях вобласці ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінула 15 чалавек, што на 87,5 працэнта больш, чым у 2015 годзе, двое з якіх знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення. Сярод загінуўшых на вытворчасці 4 жанчыны, а ў папярэднім годзе сярод загінуўшых жанчын не было.
Найбольшая колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці са стратай дзеяздольнасці на дзень і больш і са смяротным зыходам адбылася ў арганізацыях Віцебска (41 пацярпелы), Лепельскага і Аршанскага раёнаў (21 і 19 адпаведна). У арганізацыях Полацкага раёна траўміравана 15 чалавек. Ніводнага выпадку вытворчага траўматызму не зарэгістравана ў Міёрскім і Ушацкім раёнах.
Сярод раёнаў і гарадоў вобласці самы высокі ўзровень вытворчага траўматызму ў 2016 годзе адзначаны ў Лепельскім раёне, дзе на 1000 працуючых было 2,13 траўміраваных, у Гарадоцкім раёне – 0,85, у Докшыцкім – 0,80 пацярпелых. У Бешанковіцкім раёне 75% пацярпелых – жанчыны, у Гарадоцкім, Докшыцкім і Сенненскім раёнах – 66,7%, у Аршанскім – 47,4%.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Віцебскай вобласці.
Паплаціліся жыццём
Выкананне пагрузачна-разгрузачных работ адносіцца да ліку павышанай небяспекі. Ад узроўню іх арганізацыі залежыць не толькі прадукцыйнасць, але і бяспека людзей. Адпаведна, да іх выканання павінны дапускацца асобы, якія прайшлі медыцынскі агляд, навучанне, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы. Аднак на практыцы, як з боку службовых асоб арганізацый, так і саміх работнікаў, якія выконваюць пагрузачна-разгрузачныя работы, патрабаванні часта не выконваюцца. Работадаўцы не заўсёды забяспечваюць эфектыўны кантроль за прымяненнем работнікамі бяспечных прыёмаў працы, выкананнем патрабаванняў па ахове працы, а таксама правільным выкарыстаннем сродкаў індывідуальнай абароны. Парушэнні патрабаванняў бяспекі прыводзяць да выпадкаў вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі. Паводле аператыўных даных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, каля 7 працэнтаў ад агульнай колькасці пацярпелых у выніку няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі, зарэгістраваных у 2016 годзе, атрымалі траўмы пры выкананні пагрузачна-разгрузачных работ.
Аналізуючы матэрыялы расследаванняў няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі, якія адбыліся летась пры выкананні названых работ, неабходна адзначыць, што невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі, а таксама самімі пацярпелымі абавязкаў па ахове працы носіць масавы характар. Так, 3 ліпеня 2016г. пры выкананні работ па разгрузцы лесаматэрыялу з чыгуначнага вагона пры дапамозе гідраманіпулятара, у выніку абвальвання бервяна смяротна траўмаваны вадзіцель аўтамабіля ТАА “РадиалТрейдт” (Віцебская вобласць). Прычынамі няшчаснага выпадку сталі нездавальняючая арганізацыя пагрузачна-разгрузачных работ, допуск пацярпелага да выканання работ без інструктажу і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы.
Упаўшая бэлька стала прычынай смерці стропальшчыка філіяла Мінскага завода тэхналагічных металаканструкцый ААТ “Прамтэхмантаж” (г. Мінск). Тут устаноўлены факты нездавальняючага ўтрымання працоўных месцаў – загрувашчваліся праходы ў цэху, адсутнічаў кантроль за захаваннем тэхналагічных, вытворчых інструкцый і інструкцый па ахове працы. Асобамі, якія дапусцілі парушэнні, прызнаны галоўны інжынер, майстар цэха арганізацыі і пацярпелы.
13 кастрычніка 2016 г. цяжкую вытворчую траўму атрымаў падсобны рабочы КУП “Мікашэвіцкае ЖКГ” (Брэсцкая вобласць) у выніку падзення мяшка палімернай плёнкі пры выкананні пагрузачных работ з выкарыстаннем бульдозера-пагрузчыка. Пацярпелы ў момант траўміравання знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
У мэтах прафілактыкі і недапушчэння ў далейшым траўматызму пры выкананні пагрузачна-разгрузачных работ, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў механізацыі, Дэпартамент лічыць мэтазгодным рэкамендаваць рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям патрабаваць ад кіраўнікоў падначаленых арганізацый безумоўнага выканання патрабаванняў правілаў па ахове працы пры правядзенні пагрузачна-разгрузачных работ. Яшчэ раз нагадваем, што ні ў якім разе да работы не павінны дапускацца асобы ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення, не прайшоўшыя ва ўстаноўленым парадку медыцынскі агляд, навучанне, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы.
С.КАМІНСКІ, начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.