Будьте осторожны с пиротехникой!

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

У мінулую навагоднюю ноч у вобласці 4 чалавекі пацярпелі ад выбухаў піратэхнікі. У цэлым летась за зімовы перыяд петарды, феерверкі, хлапушкі азмрочылі свята амаль ста беларусам, якія атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Нагадаем, што купляць піратэхніку трэба толькі ў спецыялізаваных магазінах, дзе маецца сертыфікат адпаведнасці правілам бяспекі і інструкцыя па прымяненні. Праверце тэрмін прыдатнасці, цэласнасць упакоўкі, не набывайце вырабы з дэфектамі і пашкоджаннямі корпуса. Перш чым выкарыстоўваць феерверкі ці салюты, азнаёмцеся з інструкцыяй. Захоўвайце піратэхнічныя вырабы як мага далей ад крыніц агню: награваючыся, петарды могуць спрацаваць самаадвольна. Не трымайце іх на кухні, а таксама побач з аэразолямі, сцеражыце ад вільгаці – калі петарды спачатку адсырэюць, а потым падсохнуць, то ў лепшым выпадку не спрацуюць, у горшым – стрэляць з затрымкай у самы нечаканы момант. Увогуле, піратэхніку лепш выкарыстоўваць на працягу некалькіх дзён пасля пакупкі.

Не дазваляйце дзецям выкарыстоўваць піратэхніку без нагляду старэйшых. Часта траўмы ад петард атрымліваюць менавіта падлеткі, а летась сярод пацярпелых аказаліся і дзеці 4-5 гадоў. Выкарыстоўвайце такія вырабы толькі на вуліцы, пры гэтым памятайце, што зарады ўзлятаюць на вышыню 15-павярховага жылога дома, маюць разлёт да 20 метраў. Пры ветраным надвор’і ён павялічваецца, у выніку чаго ракеты могуць заляцець на балконы, у вокны шматпавярховак і прывесці да пажару. Небяспечныя запускі піратэхнікі ў прыватным сектары, дзе маецца вялікая колькасць надворных драўляных пабудоў.

Каб у чарговы раз нагадаць гэтыя і іншыя правілы бяспекі, знізіць колькасць пажараў і няшчасных выпадкаў у перыяд святаў, выратавальнікі на працягу снежня арганізавалі традыцыйную маштабную акцыю “Бяспечны Новы год!”. У агульнаадукацыйных установах, месцах масавага прабывання людзей работнікі МНС праводзяць тэматычныя мерапрыемствы, займальныя конкурсы, віктарыны і многае іншае.

В.КАРЭЙША, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Ушацкага РАНС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *