Воспоминания о лете

Общество

Алена Леанідаўна Каваленка, маркетолаг санаторыя “Лясныя азёры”:

– Лета для санаторыяў па-сапраўднаму гарачая пара. Гэта перыяд актыўнага наведання і да нас. Сёлета ў”Лясных азёрах”адпачывалі як беларусы, так і расіяне, у асноўным з Масквы і Санкт-Пецярбурга, таму пра наш запаветны куток ведае ўжо нямала жыхароў лепшых гарадоў суседняй краіны. Прыемна было атрымліваць падзякі і ад землякоў.

Летам у нас на аздараўленні былі і дзеці, у прыватнасці, з Мінска, якіх накіроўваў аддзел адукацыі Першамайскага раёна, а таксама навучэнцы школы алімпійскага рэзерву. Такое адбываецца не першы год. Дзяўчынкам і хлопчыкам падабаецца гуляць на пляцоўках, пляжы, звяртацца ў пункт праката. Водгукі аб наладжаным адпачынку цудоўныя.

Віталь Восіпавіч Клімашэўскі, дырэктар Вяркудскай школы-сада:

– Лета для нашага педагагічнага калектыву, як і для іншых нашых калег, пазначана клопатам аб новым навучальным годзе. Так было і сёлета. Чэрвень-ліпень педагагічны калектыў і тэхперсанал прыводзілі ў парадак памяшканні (фарбавалі), займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Вучні наведваліся на прышкольны ўчастак, разам з настаўнікамі вырошчвалі агародніну, якая цяпер займае месца на сталах у сталовай. І ва ўсіх быў добры, летні настрой, таму што ўсё рабілі з ахвотай, з разуменнем, што для сябе.

Міхаіл Якаўлевіч Шчэрбік, в.Селішча:

– Звычайна адпачынак мая сям’я спалучае з работай, хатніх спраў хапае заўсёды. А сёлета, дзякуючы сябрам Сяргею і Зінаідзе Свірко, удалося з’ездзіць на мора. Цяпер знаёмыя сустракаюць, здзіўляюцца, маўляў, як гэта вы з’ездзілі, дорага ж. А я кажу, што гэта не так. Паехалі мы на машыне сяброў, разам неслі расходы на бензін, бралі з сабой некаторыя прадукты. Васемнаццаць гадзін дарогі, і там. Дзесяць дзён адпачылі. Усяго мільён рублёў пайшоў, а колькі ўражанняў. І кожнаму такое па кішэні.

Дзіна Віктараўна Цвяцінская, інспектар па кадрах раённага вузла электрычнай сувязі:

– У нас ёсць галіновы пансіянат “Загор’е” пад Мінскам, дзе летам адпачываюць дзеці сувязістаў, а ў іншыя поры года – работнікі. Вось і цяпер на адпачынку знаходзіцца інжынер Дзмітрый Федуковіч. Водпускі ў членаў калектыву размяркоўваюцца згодна графіка. Канечне, у каго ён выпаў на лета, таму асабліва прыемна было адпачываць.

Ларыса Валянцінаўна Каліноўская, настаўніца Глыбачанскай сярэдняй школы:

– Сёлета адпачывала ў санаторыі “Лясныя азёры”. Я вам скажу, не трэба нікуды ехаць, на месцы такія ўмовы створаны для аздараўлення. Тут і лячэнне, і пражыванне, і харчаванне наладжаны лепшым чынам. Дзякуй.

Ігар Уладзіміравіч Клімашэўскі, дырэктар ДЮСШ:

– Адметнасцю лічу, што сёлетнім летам пашчасціла пабываць на чэмпіянаце Еўропы па армрэстлінгу ў Мыцішчах, што пад Масквой. Мае выхаванцы Жэня Каваленка і Аляксандр Лабань занялі там адпаведна трэцяе і чацвёртае месцы. Нашы трэнеры былі заняты аздараўленнем 66 дзяцей у лагеры пры ДЮСШ. У асабістым плане: завуч Таццяна Леанідаўна Клопава пабывала з сям’ёй на адпачынку ў Крыме, трэнер Віктар Аляксандравіч Лук’яненка – пад Адэсай, трэнер Вера Васільеўна Кіліна рада была правесці лета з дачкой і мужам на месцы, на Ушаччыне. У кожнага сваё, а ўражанні аднолькавыя: адпачылі, набраліся сіл, добрага настрою, ахвотна прыступілі да сваіх абавязкаў.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *