9 команд боролись за победу на районных соревнованиях по настольному теннису

Cпорт

У раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе сярод працоўных калектываў, якія праходзілі ў мінулыя выхадныя ў “Юнацтве-Ушачы”, прыняло ўдзел 9 каманд. А вось прадстаўнікоў арганізацый было больш – у асобныя дружыны ўваходзілі працаўнікі двух і нават трох устаноў. Трэба адзначыць, што такі вольны падыход да фарміравання складаў адыграў вялікую ролю ў канчатковым размеркаванні месцаў.

Каманды з двух мужчын і жанчыны раздзяліліся на тры падгрупы, з якіх у фінальны раўнд выходзілі толькі пераможцы. Трэба азначыць, што сляпое жэрабя не дазволіла сустрэцца на папярэднім этапе прадстаўнікам сістэмы адукацыі – адпаведнага аддзела райвыканкама, Ушацкай і Ільюшынскай сярэдніх школ. “Выйграюць свае падгрупы і ўвесь п’едэстал зоймуць настаўнікі”, – разважалі нейтральныя балельшчыкі. Тым больш нечаканым быў нявыхад у фінал мінулагодняга пераможцы чэмпіянату, каманды Ушацкай школы. Дырэктар Віталь Клімашэўскі, настаўнікі фізкультуры Валерый Гугін і Святлана Краснова абыгралі прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але на іх шляху да ўзнагарод стала каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Прычым, калі ў папярэднія гады для ўдзелу ў спаборніцтвах ім прыходзілася аб’ядноўвацца з іншымі арганізацыямі, так як у калектыве прадстаўніцы цудоўнай паловы былі ў вялікім дэфіцыце, то сёлета выратавальнікі абыходзіліся выключна ўласнымі сіламі – кампанію Алегу Крыскевічу і Сяргею Собалю саставіла Крысціна Карзянок, якая нядаўна папоўніла рады аддзела. І выпускніца Вялікадолецкай школы адназначна ўзмацніла каманду.

Прадказальна выйшла ў раунд барацьбы за званне пераможцаў каманда аддзела па адукацыі, за якую выступалі Сяргей Давыдаў, Людміла Жыткова і Віктар Леўшык, абыграўшы маладых прадстаўнікоў райбальніцы і дэбютантаў спаборніцтваў – аб’яднаную каманду філіяла “Маяк-Ушацкі” і райспажыўтаварыства. У трэцяй падгрупе гулялі тэнісісты з лясгаса, Ільюшынскай школы і дружына, якая ўтварылася прама па ходу турніру. І хоць называлася яна аб’яднанай камандай раённага аддзела Следчага камітэта і раённага аддзела ўнутраных спраў, кампанію супрацоўнікам гэтых сілавых ведамстваў Аляксандру Мамону і Мікалаю Баратынскаму саставіла Людміла Бабаедава з Ушацкай школы.

У фінальным раундзе кожная з каманд атрымала па адной перамозе і набрала роў­ную колькасць ачкоў. Для вызначэння лепшых суддзям прыйшлося браць да ўвагі дадатковыя паказчыкі, лічыць выйграныя-прайграныя партыі. Па іх розніцы на верхні радок выніковага пратакола ўзнялася аб’яднаная каманда раённых аддзелаў Следчага камітэта і ўнутраных спраў, выратавальнікі сталі другімі, а “бронза” дасталася аддзелу па адукацыі райвыканкама.

Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі і падарункамі ад раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, а прызы “Глядацкіх сімпатый” і “За волю да перамогі”, заснаваныя раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, абсалютна заслужана ўручаны К.Карзянок і А.Мамону – менавіта гэтыя тэнісісты па ходу турніру не прайгралі ніводнай партыі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *