Абласная спартакіяда “Сельскія гульні” апошнім часам нязменна дае нагоду парадавацца за нашу каманду – хоць ёй не ўдаецца ўзысці на п’едэстал у агульным заліку, але ў асобных відах ушачане дасягаюць выдатных вынікаў: калі летась апярэдзілі ўсіх на паласе перашкод, то ў гэты раз аказаліся мацнейшымі ў колцы дроў.
Відовішчныя спаборніцтвы самых хуткіх і ўмелых дрывасекаў набываюць папулярнасць: летась на Віцебшчыне прайшлі адпаведныя раённыя чэмпіянаты, а зараз конкурс дэбютаваў у праграме гульняў. Для кагосці, магчыма, ён стаў не вельмі звыклым выпрабаваннем, але не для ўшачан, якія штогод спаборнічаюць у гэтым майстэрстве на Дні снегу. А таму і без праблем сфарміравалі баявы квартэт, у складзе якога выступалі неаднаразовы пераможца раённых турніраў Сяргей Собаль з райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Аляксей Базылеў з цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, Андрэй Лодзіс з лясгаса і прадстаўнік Дэпартамента аховы Віталь Жогаль. Кожнаму трэба было раскалоць на чатыры часткі дзве калодкі і перадаць эстафету сябру: нашы хлопцы справіліся за 1 мінуту 50 секунд – перасягнуць гэты вынік ніхто не здолеў.
Увогуле ў трохдзённай праграме “Сельскіх гульняў-2025”, месцам правядзення якіх стаў турыстычна-аздараўленчы комплекс “Орша”, было 9 спартыўных відаў і два конкурсы, у якіх каманды прэзентавалі сябе ў творчай “візітоўцы” і майстэрстве прыгатавання паходных страў. Па традыцыі добры вынік паказалі нашы землякі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі: гонар раёна адстойвалі загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак і выкладчык СДЮШАР Дар’я Мацвеенка – і сталі пятымі. Моцным звяном каманды быў прыгаданы вышэй Віталь Жогаль, які апроч турніру дрывасекаў спаборнічаў у скачках у даўжыню і ўзняцці гіры, лёгкаатлетычнай эстафеце і паласе перашкод. Як заўжды не шкадаваў сябе на трасах і пляцоўках малады супрацоўнік РАНС Віктар Волах, ды і ўвогуле ўсе ўшачане вельмі стараліся. На жаль, не было сёлета ў праграме міні-футбола і тэхнікі воднага турызму, якія традыцыйна прыносілі нам высокія месцы. У агульным заліку наша каманда фінішавала ў сярэдзіне выніковага пратакола, а кубак пераможцаў адправіўся ў Верхнядзвінск.
“Сельскія гульні” сабралі сёлета больш 600 аматараў актыўнага ладу жыцця з 18 раёнаў Прыдзвіння. Спартакіяда была прысвечана 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць герояў, усклаўшы кветкі да помніка загінуўшым воінам. І канечне, не абышлося без турыстычнай рамантыкі: песень пад гітару ля кастра, новых знаёмстваў і ўражанняў – усяго, чым так вабяць нас спартыўна-турыстычныя мерапрыемствы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Ушачане в очередной раз доказали, что упорство, сила и командный дух приводят к победам. Золото в дровоколе — впечатляющий результат, а борьба до конца заслуживает отдельного уважения. Гордимся земляками и желаем им новых успехов в будущих соревнованиях!