Наш земляк Илья Мелешко стал серебряным призером в забеге на 1500 метров на республиканском первенстве среди воспитанников спортивных школ

Cпорт

Напісаць пра Ілью Мялешку мы планавалі даўно. Былы выхаванец трэнера лёгка-атлетычнага аддзялення Ушацкай СДЮШАР Таццяны Леанідаўны Клопавай, які цяпер з’яўляецца навучэнцам Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву, лічыцца адным з самых перспектыўных бегуноў на сярэднія дыстанцыі. А тут і выдатная нагода з’явілася: на нядаўнім рэспубліканскім першынстве сярод выхаванцаў спартыўных школ наш зямляк паказаў свой пакуль што самы высокі вынік: стаў срэбраным прызёрам у забегу на 1500 метраў.

Лідар забегу – І.Мялешка.

“У Беларусі ёсць некалькі бегуноў майго ўзросту з прыкладна аднолькавым узроўнем, і я рады, што здолеў падысці да важнага старту ў аптымальнай форме. Прынамсі, зараз я ўключаны ў эксперыментальную групу і спадзяюся трапіць у склад нацыянальнай каманды краіны”, – распавядае Ілья.

Цікава, што ў малодшых класах хлопчык спрабаваў сябе ў танцах, вучыўся на харэаграфічным аддзяленні школы мастацтваў, але аднойчы на ўрок фізкультуры зазірнула Таццяна Леанідаўна – і вопытным вокам вылучыла ў чацвёртакласніку патэнцыяльнага чэмпіёна! Звярнула ўвагу, што ён упарты і вынослівы, мае лідарскія якасці – якраз тое, што патрэбна на бегавой дарожцы. Ілья, як бы цяжка яму ні было, ніколі не скардзіўся і не сыходзіў з дыстанцыі. Ён добра памятае свае першыя буйныя спаборніцтвы, калі паехаў у Віцебск на абласны этап праекта “300 талентаў для каралевы” і стаў першым на 800-мятроўцы. У шостым класе хлопчыка запрасілі на зборы ў вучылішча, а сёмы ён пачаў у Наваполацку. “Канечне, было трывожна адпускаць 12-гадовага сына ў самастойнае жыццё, але мы разумелі, што гэта яго шанс развіць свае здольнасці”, – расказвае мама Ільі Аксана Стэфанаўна.

Трэба сказаць, што вучылішча спецыялізуецца на спартыўнай хадзьбе, але гэты від лёгкай атлетыкі Ільі не падабаўся, і трэнер Сяргей Віктаравіч Мішчанкоў у парадку выключэння працягнуў займацца з ім бегам. Як аказалася, недарэмна! За час навучання хлопец прыкметна палепшыў свае рэзультаты. Напрыклад, калі мінулым летам ён бегаў 800 метраў за 2.05, то сёлетняй зімой скінуў з выніку дзве секунды, а на нядаўнім першынстве паказаў асабісты рэкорд – 1.59! Так, у гэтым відзе, каб паскорыцца на імгненні, трэба гадамі шчыраваць да сёмага поту.

Жыццё спартсмена напружанае: вось і зараз, калі яго аднагодкі адпачываюць на канікулах, Ілья ва ўсю рыхтуецца да чарговых стартаў у Брэсце. Але на выхадныя заўсёды стараецца прыехаць ва Ушачы: і з сябрамі хочацца сустрэцца, і родным дапамагчы. Сям’я Мялешкаў жыве ў прыватным доме, трымае падсобную гаспадарку, і сыноў з дзяцінства прывучылі да працы – яны і дровы пасякуць, і траву пакосяць, і зямлю апрацуюць. Дарэчы, размова наша з юнай зоркай айчыннай лёгкай атлетыкі адбылася на вуліцы Данукалава: Ілья са сваім татам Андрэем Васільевічам прыехалі дапамагчы бабулі, якая тут пражывае. Вось такія ва Ушачах хлопцы: і на стадыёне, і ў звычайным жыцці сябе годна праяўляюць. Да слова, сябруе са спортам і старэйшы брат Ільі Данііл: гуляе за зборную “Віцебскэнерга” па валейболе.

Герой артыкула зазначае, што яму моцна пашанцавала і з сям’ёй, і з трэнерамі. Магчыма, у будучым Ілья таксама абярэ для сябе гэту прафесію, ну а пакуль вельмі хоча дасягнуць максімальных вынікаў на сваіх каронных бегавых дыстанцыях і прымусіць ганарыцца сабой не толькі землякоў, а і ўсіх суайчыннікаў!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *