Калі ў большасці беларускіх аматараў спорту слова “біятлон” асацыіруецца з алімпійскімі медалямі Дар’і Домрачавай, выступленнямі цяперашніх айчынных зорак Ганны Солы, Антона і Дзінары Смольскіх, то ўшачане, напэўна, прыгадваюць таксама і Рэспубліканскія спаборніцтвы на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба “Снежны снайпер”, за ходам якіх мы з цікавасцю сочым кожны год. А ўсё таму, што на трасу ў Раўбічах нязменна выходзяць вучні Вялікадолецкай школы, якіх трэніруе шчыра захоплены сваёй справай настаўнік фізкультуры Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі. Не парушылася традыцыя і сёлета: на галоўным біятлонным комплексе краіны феерылі сястрычкі Ганна і Ксенія Букі, прычым адна з іх узнялася на п’едэстал!
Нагадаем, што ў 2018-м годзе дэбютную для ўшачан узнагароду гэтых спаборніцтваў здабыў Рома Лабецкі – стаў другім у спрынтарскай гонцы. І вось праз сем год нашу медалёвую скарбонку папоўніла Аня, якая ў складзе віцебскай каманды заваявала “срэбра” ў змешанай эстафеце!
Сёлета ў “Снежным снайперы” прымалі ўдзел больш 14 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак ад 10 да 15 год, а ў фінале выступілі 168. Мэта спаборніцтваў – даць магчымасць дзецям, якія не займаюцца ў спецыялізаваных спартыўных установах, паказаць свае здольнасці.
Той, хто назіраў за відэатрансляцыяй “Снежнага снайпера”, пагодзіцца, што пачуцці тут кіпелі не менш гарачыя, чым на сусветным першынстве, а інтрыгі ў гонках закручваліся такія, што ў балельшчыкаў моцна падскокваў пульс. І калі ў нядзелю пасля заканчэння фіналу я патэлефанавала Уладзіміру Мікалаевічу, каб павіншаваць з годным вынікам, той сціпла мовіў: “Значыць, у нас медаль? Гэта выдатна!”. Як аказалася, прамыя трансляцыі з удзелам сваіх выхаванцаў ён стараецца не глядзець – жартуе, што інфаркт на фоне хвалявання ў яго планы не ўваходзіць: хто тады будзе юных талентаў рыхтаваць? Так што ў гэты раз мне выпала нагода першай абвясціць яму прыемную навіну. І распавесці, як Аня, атрымаўшы ад сяброўкі па камандзе эстафету толькі пятай, куляй праімчала па трасе, зрабіла 10 дакладных стрэлаў і вывела сваю дружыну на трэцюю пазіцыю. Далей жа ў справу ўступілі моцныя хлопчыкі, якія дагэтуль занялі першае і трэцяе месцы ў асабістай гонцы, – на фінішы віцябчанам не хапіла да “золата” менш трох секунд!

Яшчэ больш драматычна развіваліся падзеі ў эстафеце сярэдняга ўзросту. Нашай Ксюшы, як лепшай сярод віцябчанак (па выніках спрынтарскай гонкі яна стала пятай), быў даручаны стартавы этап. Справілася яна годна: абодва агнявыя рубяжы – “на нуль” і другое месца на перадачы эстафеты, аднак сябры па камандзе былі крыху менш паспяховымі, і хоць адчайна стараўся на апошнім этапе віцебскі хлопчык утрымаць “бронзу”, у фінішным створы ўсяго на 0,2 секунды яго апярэдзіў сталічны біятланіст. Цяжка перадаць расчараванне прыдзвінскага квартэта, ну а нашай Ксеніі, якая другі год запар спыняецца ў адным кроку ад п’едэстала, крыўдна ўдвая. Зрэшты, у сястрычак яшчэ будуць шансы сябе праявіць, бо праз год яны змогуць выступаць у гэтых жа ўзроставых групах, што дае значную
перспектыву.
У.М.Лапіцкі: “Добрых вынікаў не было б без падтрымкі раённай улады. Хачу шчыра падзякаваць сектару спорту і турызму райвыканкама і асабіста яго загадчыку Сяргею Іванавічу Ціханёнку за вялікую дапамогу ў аснашчэнні нашай установы годным інвентаром. І канечне, мы ўдзячны адміністрацыі школы, бацькам, усім землякам, якія за нас перажываюць!”

Калі ж развіваць тэму вялікадолецкага патэнцыялу, то варта прыгадаць, што ў рэзервовы склад абласной зборнай сёлета ўвайшлі таксама Дзіма Гоман і Мікіта Бугаёў – у час абласнога этапу ім крыху не пашанцавала, але за год пры належных адносінах гэтыя хлопчыкі, як і іншыя выхаванцы Уладзіміра Мікалаевіча, павінны дадаць у майстэрстве.
“Гэты сезон – асаблівы: самі ведаеце, што снегу на Ушаччыне амаль не было, хоць мы (напэўна, адзіныя ў вобласці) усё ж умудрыліся правесці раённы этап. У такіх умовах стараліся разнастаіць трэніроўкі: напрыклад, футболам – да слова, дзяўчаткі нашы гуляюць не горш за хлопцаў. Шмат часу адводзілі на сілавую і стралковую падрыхтоўку: як бачыце, у нас тут неблагая база”, – тлумачыў Уладзімір Мікалаевіч, пакуль мы спускаліся на цокальны паверх школы, дзе размешчаны цір і трэнажорная зала. Там ён прапанаваў мне апрабаваць механічную бегавую дарожку – круцілася стужка з напругай і значную хуткасць я не развіла, калі ж мяне змяніла Аня – тэмп узрос у разы! Трэнер між тым патлумачыў, што гэта адно з галоўных практыкаванняў: чатыры мінуты бегу – і адразу стралковая сесія на вялікім пульсе, каб змадэліраваць рэаліі біятлоннай гонкі. І так дзеці трэніруюцца гадзінамі, штодня – менавіта ў гэтай манатоннай працы нараджаюцца лёгкасць на лыжні і “нулі” на стрэльбішчы.
Ганна і Ксенія выхоўваюцца ў мнагадзетнай сям’і, а іх бацькі Віталь і Таццяна падтрымліваюць дачок ва ўсіх справах і, канечне, ганарацца іх поспехамі.
Пакуль сястрычкі апраналі для фотасесіі прыгожыя касцюмчыкі, якія дораць усім удзельнікам фіналу, я разглядала ў фае стэнд з лепшымі вучнямі школы – і зусім не здзівілася, убачыўшы на ім здымкі абедзвюх. Чэмпіёнскі характар праяўляецца не толькі ў спорце. Дарэчы, падобная спартыўная форма ёсць у многіх цяперашніх і былых вялікадолецкіх вучняў – калі, напрыклад, бачыш на раённых спаборніцтвах па лыжах юнакоў і дзяўчат у яркіх камплектах – нават пытаць не трэба, у якой школе яны вучыліся.
Чарговы “Снежны снайпер” стаў гісторыяй. А ўжо на гэтым тыдні на трасы Раўбічаў выйдуць зоркі беларускага і расійскага біятлону, каб вызначыць лепшых спартсменаў сезона. Дарэчы, лідар мужчынскай нацыянальнай каманды Антон Смольскі свае першыя біятлонныя крокі рабіў на раённым этапе дзіцячых спаборніцтваў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.