Ушачанка Надежда Романовская вошла в финал национального отбора для участия в XVIII Международном детском музыкальном конкурсе «ВИТЕБСК-2020»

Образование и молодежь

Дзіцячы конкурс “Славянскага базару ў Віцебску” па сваёй прэстыжнасці можа параўнацца хіба што з дзіцячым “Еўрабачаннем”: права прадставіць у іх нашу краіну – гэта своеасаблівы музычны “эверэст”, пакарыць які марыць, напэўна, кожны юны вакаліст. Але шлях да вяршыні доўгі і складаны, таму рушыць па ім рашаюцца толькі самыя амбіцыйныя.

Першы рэгіянальны адборачны тур “Славянскага базару ў Віцебску-2020” вылучыў ад кожнай вобласці і Мінска па пяць самых яркіх выканаўцаў. Як мы ўжо расказвалі, у іх лік трапіла і наша прадстаўніца Надзея Раманоўская. Наступнай задачай для дзяўчынкі і яе педагога – загадчыка эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў А.А.Сазонавай стала пападанне ў фінальную дзясятку прэтэндэнтаў.

– На гэтым этапе спецыяльная камісія выносіла свой вердыкт па выніках прагляду відэа конкурсных песень, а таму для ўдалага выступлення трэба было не толькі добра выканаць нумары, а і якасна іх падаць: зрабіць прафесійны запіс, прадумаць усе дэталі касцюма, прычоскі, – расказвае Алена Анатольеўна.

І вось матэрыял адпраўлены – надышоў хвалюючы час чакання. Пасяджэнне камісіі адбылося 23 студзеня, а на наступны дзень на афіцыйным сайце фестывалю з’явілася інфармацыя з прозвішчамі фіналістаў. “Надзея Дзмітрыеўна Раманоўская, Віцебская вобласць, г.п.Ушачы” – як жа прыемна было ўбачыць гэты радок дзяўчынцы, яе родным, настаўнікам і ўсім, хто верыў і дапамагаў! Адолены адрэзак шляху, які здаваўся непрыступным, і ад вышыні ўжо займае дух – вельмі пачэсна быць у дзясятцы лепшых юных спевакоў краіны!

Да слова, Прыдзвінскі край у чарговы раз пацвердзіў рэпутацыю крыніцы талентаў – у фінал адабраліся тры прадстаўнікі нашай вобласці: кампанію Надзі склаў Елісей Касіч, сям’я якога мае ўшацкія карані, а таксама ўжо даволі вядомая вакалістка Ангеліна Ламака – за плячыма дзяўчыны фіналы буйных конкурсаў і нават удзел у канцэрце адкрыцця мінулагодняга віцебскага фестывалю, дзе яна выконвала нумар разам з расійскай спявачкай Варварай. Кажу гэта, каб падкрэсліць, з якімі канкурэнтамі давядзецца спаборнічаць нашай Надзеі за адзінае месца на вяршыні.

– Паглядзела ў інтэрнэце, колькі розных дасягненняў у маіх сапернікаў – некаторыя, напрыклад, былі фіналістамі нацыянальнага адбору на дзіцячае “Еўрабачанне”, удзельнічалі ў праектах “Голас. Дзеці” і “Новая хваля”… Ды і выступаць на такой вялікай сцэне мне пакуль не даводзілася, – дзеліцца ўражаннямі Надзя. – Ад усяго гэтага, канечне, боязна, але вельмі пастараюся не надта хвалявацца. У фінале я адзіная канкурсантка з маленькага пасёлка і буду імкнуцца даказаць, што дзеці з правінцыі таксама могуць паспяхова развіваць свае таленты. Хачу, каб назву нашых Ушач усе добра запомнілі!

– Гэты поспех нашай вучаніцы на першы погляд можа падацца выключнай падзеяй, – разважае дырэктар школы мастацтваў Сяргей Васільевіч Парашкін. – Але ж гэта не выпадковая “ўспышка”, а вынік планамернай работы. Нашы дзеці, іх бацькі і педагогі ставяць перад сабой высокія задачы, не баяцца браць удзел у конкурсах, імкнуцца заявіць пра сябе, што і дае падобны плён.

Фінал нацыянальнага адбору пройдзе 14 сакавіка ў горадзе Ліда. А відэазапіс адной з песень, што юная ўшачанка прадставіць на суд журы, вы можаце ўжо зараз паглядзець на YouTube-канале газеты “Патрыёт”. Будзем разам хварэць за нашу Надзею!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *