В новом формате. Ушачский районный центр культуры теперь проводит мероприятия в дистанционной форме

Культура

Як вядома, зараз адменены ўсе культурна-масавыя мерапрыемствы – канцэрты, конкурсы, выставы. У цяперашніх умовах раённы цэнтр культуры і народнай творчасці праводзіць іх… у дыстанцыйнай форме – праз свой сайт і акаунты ў сацыяльных сетках.

Так, у красавіку павінен быў ладзіцца традыцыйны конкурс чытальнікаў “Мы памятаем!”, аднак пройдзе ён не на раённай сцэне, як гэта было ў папярэднія гады, а дыстанцыйна і будзе прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Паўдзельнічаць у ім могуць усе жадаючыя – узрост чытальнікаў не мае значэння. Для гэтага культработнікі прапануюць даслаць на электронную пошту цэнтра культуры (rmc.ushachi@mail.ru) відэазапіс з адным творам (верш ці проза) з паметкай “Перамога”. Ён павінен адпавядаць тэме і быць працягласцю да трох хвілін. Пры гэтым можа быць выкарыстана і музычнае суправаджэнне для максімальнага раскрыцця зместу. Работы прымаюцца да 20 красавіка, а на наступны дзень журы вызначыць лепшых чытальнікаў у дзвюх узроставых катэгорыях – да 18 гадоў і старэй. Яны атрымаюць дыпломы і падарункі, а таксама права адстойваць гонар Ушаччыны на адпаведным абласным дыстанцыйным конкурсе. Відэа пераможцаў будуць размешчаны на сайце цэнтра, у групах “ВКонтакте” і “Аднакласнікі”.

Зрэшты, у апошніх ушачан запрашаюць прыняць удзел у дыстанцыйнай ін­тэлектуальнай віктарыне “Падарожжа па родным краі”, якая будзе праводзіцца да канца месяца. У якое возера ў Беларусі ўпадаюць 17 ручаёў, а выцякае адна рэчка? Які беларускі горад стаіць на вулкане? Які самы старажытны каменны храм Беларусі захаваўся да нашага часу? На гэтыя і іншыя пытанні прапануюць даць адказы ўдзельнікам, а самаму кемліваму абяцаюць цікавы прэзент.

Папаўняюцца групы і рознымі відэа. Напрыклад, былы кіраўнік і ўдзельніца народнага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына” Аляксандра Іванаўна Рудзёнак паказвае майстар-клас па прыгатаванні клёцак з душамі (на здымку) – стравай, якая ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

– Пакуль не гучаць музычныя акорды, а наша зала сумуе па гледачах, прадумваем і іншыя разнастайныя дыстанцыйныя мерапрыемствы, – адзначае дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціна Уладзіміраўна Літвін. – Пастараемся зацікавіць нашых падпісчыкаў новымі формамі. Удзельнічайце і заставайцеся з намі!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *