Сяргей і Наталля Касічы ведаюць адзін аднаго з самага дзяцінства. Яны нарадзіліся ў гарпасёлку, жылі ў суседніх пад’ездах, гулялі ў адной пясочніцы, хадзілі разам у школу, толькі ў розныя класы. Паступова сяброўскія адносіны перараслі ў больш цёплыя, сур’ёзныя пачуцці. І, як гэта часта бывае, сяброўства перайшло ў каханне. Таму, ствараючы сям’ю, кожны з іх быў упэўнены ў правільнасці свайго выбару і ў тым, што саюз будзе трывалым.
Многія маладыя сем’і пачынаюць сваё самастойнае жыццё ў чужым краі, удалечыні ад родных і блізкіх, а Сяргей і Наталля – у родным, у бацькоўскім доме, з іх падтрымкай. Безумоўна, лягчэй, калі побач знаходзяцца родныя людзі, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. Але нельга сказаць, што маладыя пераклалі на плечы бацькоў усе свае праблемы і цяжкасці. Наадварот, яны ўвесь час стараліся і стараюцца цяпер ва ўсім дапамагаць ім. Калі ў іх сям’і з’явілася першае дзіця, жыццё змянілася, і толькі ў лепшы бок. Стала больш прыемных клопатаў, звязаных з выхаваннем дзіцяці. Дачка Аляксандра нарадзілася якраз пад Новы год – 31 снежня. І з таго часу гэты дзень стаў для ўсёй сям’і двайным святам. А праз тры гады ў сям’і з’явілася другое дзіця – хлопчык Антон. Адразу колькасць клопатаў і спраў памножылася на два. Але Наталля і Сяргей лёгка з гэтым спраўляліся, ва ўсім дапамагалі адзін аднаму. А калі два любячыя сэрцы заўсёды побач, то і цяжкасці ім ні па чым. Ды і няма большай радасці, чым чуць у сваім доме звонкія дзіцячыя галасы. А два гады таму гэтая дружная сям’я папоўнілася яшчэ адным маленькім чалавечкам – дачкой Насцяй, з’яўленню якой усе былі вельмі рады.
Сяргей ужо дванаццаць гадоў працуе ахоўнікам у аддзяленні Дэпартамента аховы, хаця па спецыяльнасці ён электраманцёр. Адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, а таму толькі добрыя словы можна пачуць пра яго ад кіраўніцтва аддзялення. Наталля зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але вольнага часу ў яе амаль няма, хапае дамашніх спраў. А з’яўляецца хвілінка, любіць заняцца вязаннем.
У цэнтры ўвагі ўсёй сям’і цяпер Насця, з якой хочуць пагуляць, правесці час, а яна ў сваю чаргу ўжо імкнецца дапамагаць старэйшым. Хоць яшчэ маленькая, але вельмі актыўная і рухавая, зараджае сваёй дзіцячай энергіяй. У наступным годзе яна пойдзе ў дзіцячы сад.
Аляксандра зараз вучыцца ў шостым класе, Антон – у трэцім. Акрамя гэтага яны займаюцца ў школе мастацтваў. Саша – на аддзяленні харэаграфіі і фартэпіяна, Антон марыць навучыцца іграць на гітары, але пакуль пачаў з балалайкі.
У штодзённым пастаянным клопаце і праходзіць непрыкметна дзень за днём у гэтай сям’і. Безумоўна, не так лёгка вырасціць і выхаваць траіх дзяцей, але радасць займацца з імі, бачыць іх вясёлымі і здаровымі куды большыя за ўсе цяжкасці.
Нядаўна ў іх адбылася яшчэ адна вельмі важная і прыемная падзея – сям’я атрымала ключы ад новай кааператыўнай кватэры, якую яны пабудавалі па льготным крэдыце як мнагадзетная сям’я. Многае, канечне, яшчэ патрэбна там зрабіць і давесці да ладу. Пасля Новага года плануюць перасяліцца ў новае жыллё.
Сяргей і Наталля жывуць разам ужо трынаццаць гадоў, але для іх, як яны самі гавораць, гэта маленькі тэрмін, бо многае яшчэ ў іх жыцці наперадзе: трэба вырасціць і паставіць на ногі дзяцей, навучыць іх разумнаму і добраму. І з гадамі пачуцці двух любячых людзей не згасаюць, а толькі мацнеюць і менавіта дзеці напаўняюць іх жыццё самым галоўным зместам.
В.ПОЛАЗАВА. На здымку:
сям’я Касіч.