Молодёжи — ответственный участок. Коллектив ОАО «Ильюшинский» пополнился молодыми кадрами

Образование и молодежь

Калектыў ААТ “Ільюшынскі” сёлета папоўніўся маладымі кадрамі. Сваю працоўную біяграфію ў гэтай гаспадарцы распачалі Уладлен Паўлавец і Арцём Шпіронак. Хлопцам давераны няпросты тэхнічны накірунак – яны выконваюць абавязкі галоўнага інжынера і загадчыка майстэрняў.

Выпускнікі Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа ўжо некалькі месяцаў асвойваюць свае прафесіі. Аб тым, што будзе працаваць менавіта ў “Ільюшынскім”, ушачанін У.Паўлавец ведаў загадзя, бо яшчэ пры паступленні браў мэтавае накіраванне. А.Шпіронак “пуцёўку” ў “Ільюшынскі” атрымаў на размеркаванні. “Калі б на той момант была вакансія ў “Вялікадолецкім”, то не супраць быў бы працаваць дома – родам я з Царкавішча. Але і размеркаванню ў “Ільюшынскі” зусім не засмуціўся – напрацоўваць вопыт у адной з моцных гаспадарак раёна – гэта таксама добра”, – гаворыць Арцём.

Тэхнічная база ў сельгаспрадпрыемстве немаленькая, адпаведна і работы маладым спецыялістам хапае, ад вядзення дакументацыі да рамонту тэхнікі. У дзень нашай размовы, напрыклад, Уладлен і Арцём засяроджана асвойвалі пытанне атрымання гаспадаркай новага камбайна. Ды і ў цэлым з першага дня работы старанна ўнікалі ў курс спраў. Разумеюць, што на ўсіх сельскагаспадарчых работах многае залежыць і ад інжынерна-тэхнічнай службы. Добрыя словы пра моладзь давялося пачуць ад кіраўніцтва і вопытных работнікаў. “Бачу, што хлопцы стараюцца, не адседжваюцца, а працуюць. Калі трэба – разам з механізатарамі і за рамонт тэхнікі бяруцца”, – падзяліўся назіраннямі кладаўшчык цэнтральных складоў С.У.Пліско.

У гаспадарцы заўсёды клапоцяцца пра маладых спецыялістаў, прадугледжваючы розныя матэрыяльныя меры падтрымкі, дапамагаюць з жыллём. Так, калі У.Паўлавец вырашыў, што яму зручней дабірацца з гарпасёлка, то А.Шпіронак пасяліўся ў адным з дамоў аграгарадка.

У адзін голас яны адзначаюць, што іх выдатна сустрэлі ў калектыве, што на новым месцы ім падабаецца, таму і настрой баявы. Ці не гэта галоўнае для любога маладога спецыяліста?

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *