Свой детский творческий взгляд на безопасность показали участники объединения «Золотая соломка»

Общество

Не адзін дзень працавалі над вось гэтым прыгожым вырабам удзельнікі аб’яднання “Залатая саломка” (кіраўнік Ганна Аляксандраўна Бабянок) пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі Лёня Казьянін, Ягор Рудзёнак і Арцём Спірчонак (на здымку). Нагодай для карпатлівай работы стаў раённы конкурс “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. Ідэяй, а пасля і назвай работы стаў вядомы верш “Цілі-бом! Загарэўся кошкін дом!” Жыллё старанна майстравалі з саломкі, а вось кошка і выратавальнікі-бабры з машынай – пластылінавыя.

Усяго сёлета на творчы конкурс “Выратавальнікі вачыма дзяцей” было пададзена каля 40 работ, удзел у ім прынялі вучні з усіх школ раёна. Як адзначыла інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС К.Карзянок, выявіць самых лепшых, як заўсёды, было няпроста. Перш за ўсё ўлічваліся арыгінальнасць ідэі, паўната раскрыцця тэмы, мастацкае афармленне, акуратнасць. Так, у намінацыі “Малюнак” лепшымі прызнаны работы Варвары Ларчанкі з Ушацкай школы, Ксеніі Мацюшавай з Ільюшынскай, Дар’і Красновай і Валерыі Станевіч з Глыбачанскай. Праявіўшы выдатныя паэтычныя здольнасці, пераможцамі ў намінацыі “Верш” сталі Аляксандра Калягіна з Арэхаўскай школы і Злата Клачок з Вялікадолецкай. Аўтарам лепшага апавядання прызнана Аляксандра Аўтух з Арэхаўскай школы. Ну а перамогу ў намінацыі “Выраб” журы адзінагалосна прысудзіла вышэй прыгаданым хлопчыкам.

Упершыню прапаноўвалася ўдзельнікам конкурсу паспрабаваць свае творчыя здольнасці ў намінацыі “Стыкерпак”. Арыгінальную работу ў гэтым накірунку зрабіў Арцём Качынскі з Ушацкай школы.

Работы пераможцаў раённага этапу адпраўлены ў Віцебск для ўдзелу ў адпаведным абласным конкурсе.

Ну а выратавальнікі тым часам ужо арганізуюць шмат цікавых мерапрыемстваў для падрастаючага пакалення ў рамках прафілактычнай акцыі “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”, якая будзе праходзіць у краіне да канца сакавіка.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *