20 ушачан приняли военную присягу 22 ноября

Общество

Больш 10 тысяч беларускіх навабранцаў 22 лістапада прынеслі Ваенную прысягу. Былі сярод іх і нашы землякі: гэтай восенню на тэрміновую службу адправіліся 20 ушачан.

Традыцыйна самым вялікім стала папаўненне ў вучэбным цэнтры ў Барысаве, дзе клятву на вернасць Радзіме прынеслі 2300 ваеннаслужачых, у тым ліку і 8 ушацкіх хлопцаў. Наказы ім на ўрачыстай цырымоніі даваў міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.

У органы пагранічнай службы гэтай восенню прызвана 1600 навабранцаў. Такую ваенную спецыялізацыю будуць атрымліваць і чацвёра ўшачан. Менавіта пра гэтыя войскі марыў жыхар Ціханят Аляксандр Кучаронак – і трапіў у Полацкі пагранічны атрад. Трэба сказаць, што Саша паспеў перад арміяй не толькі ўвайсці ў тройку лепшых механізатараў раёна на адвозцы зерня, а і атрымаць пасведчанне вадзіцеля катэгорыі “С”. Ці спатрэбяцца яму гэтыя навыкі – пакуль невядома, але іх дакладна ўлічуць, калі будуць размяркоўваць хлопцаў у падраздзяленні пагранатрада.

“На ўрачыстасці з нагоды прынясення прысягі прысутнічала, напэўна, чалавек 800, бо літаральна да кожнага са 160 юнакоў прыехалі родныя і сябры. Вядома ж, і мы ўсёй сям’ёй прыбылі раздзяліць з Сашам гэты хвалюючы момант, – дзеліцца ўражаннямі тата навабранца Максім Кучаронак. – Сын быў у выдатным настроі, падалося, што ён нават падужэў – тым, хто больш хударлявы, прызначаюць узмоцненую норму харчавання. А ўвогуле прызнаўся, што першы месяц у арміі прайшоў хутка і плённа”.

А вось яшчэ адзін пагранічнік Мікіта Фядосенка пачаў службу ў вайсковай часці ў Дзяржынску, дзе вучыцца жыць па раскладзе і спасцігае азы воінскай падрыхтоўкі. Потым жа салдаты адправяцца на пагранзаставы. На ўрачыстасці Мікіту падтрымлівалі бацькі і дзве сястрычкі.

“Пакуль мне ўсё падабаецца! Столькі новых уражанняў! Спадзяюся, што спатрэбяцца і веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, і спартыўная падрыхтоўка, якой у нашай сям’і заўсёды надавалася вялікая ўвага”, – адзначыў юнак.

Пяцёра ўшачан прыносілі прысягу ў ваенных часцях у Заслонаве, адзін наш зямляк будзе служыць ва ўнутраных войсках. А вось жыхар Старога Сяла Кірыл Шыпко, які прайшоў у ВНУ навучанне на малодшага камандзіра, накіраваўся ў Валожын у асобную радыётэхнічную брыгаду асобага прызначэння – тэрмін яго службы будзе складаць усяго шэсць месяцаў.
Усе гэтыя хлопцы горда прамовілі: “Служу Рэспубліцы Беларусь!” – і сталі абаронцамі нашай Айчыны. Жадаем ім дастойна прайсці гэты этап жыцця!

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *