Пользуйтесь услугами проверенных организаций и не открывайте двери незнакомым!

Общество

“Вам пашанцавала, такая мадэль каштуе дорага, але зараз акцыя – для пенсіянераў па 50-працэнтнай скідцы. Заплаціць трэба ўсяго 150 рублёў, давайце пасведчанне”. Дакументы аформлены, грошы заплачаны, газасігналізатар устаноўлены. Але калі “дабрадзеі” зніклі, з’явілася адчуванне, што зрабіў нешта не тое.

Складана сказаць, чаму сумненні не паўстаюць да таго, як адчыняеш дзверы незнаёмцам. Мабыць, чырвоныя “корачкі” ў вочку дзвярэй маюць магічнае дзеянне ці пераканаўчы тон візіцёраў: “Адчыніце, праверка сістэмы бяспекі”. Толькі сапраўды адчыняюць, а там, як пашчасціць.

Адна з жанчын апрытомнела ад “гіпнозу” вельмі хутка і папрасіла яшчэ раз паказаць дакументы. “Таварыства з абмежаванай адказнасцю? А хто вас упаўнаважваў рабіць праверкі бяспекі, і якой? Мне нешта пагражае? Ці я каму? Дзе ваша камандзіроўка і прадпісанні кіраўніка, што вы павінны правяраць?”

Засыпаныя пытаннямі, “інспектары” пакінулі кухню, у якой нешта збіраліся аглядаць, аднак вялі сябе па-ранейшаму ўпэўнена і нават нахабна. На рэпліку, што зараз патэлефануюць у міліцыю, паведамілі, што давядзецца заплаціць за лжывы выклік. Маўляў, мы да вас не ламіліся, вы нас самі ўпусцілі.

І сапраўды, і дзверы адчыняем самі, і грошы самі аддаём, і прыбор спраўны. Дарэчы, пасля адной скаргі ў прадстаўнікоў полацкай фірмы, што прапануе прыборы па выяўленні ўцечкі газу на тэрыторыі Ушацкага раёна, былі правераны дакументы. Усё законна. Адзінае “але”: каштуюць яны і паслугі па мантажы на самой справе намнога танней. У нашым раёне газазабеспячэння, напрыклад, зараз ёсць коштам да 30 рублёў. А павесіць прыбор у стане любы абанент, так што ў прыгаданых выпадках плацім нават не за выяўленне газу, а проста за паветра! Ды і газавікі ніколі не наведваюць абанентаў без папярэджання. Абавязкова спачатку вешаюць аб’явы ці тэлефануюць і ўдакладняюць час, калі сустрэцца з гаспадаром дома. Як, дарэчы, і электрыкі, супрацоўнікі водаканала, які зараз праводзіць планавую паверку лічыльнікаў.

Візіты ж няпрошаных гасцей прыпадаюць якраз на рабочы час, бо застаць у кватэрах яны наўмысна жадаюць менавіта пенсіянераў, якіх прасцей падмануць. Хаця “купляюцца” і маладыя.

А яшчэ зараз па раёне, ідзе актыўны продаж па дамах і кватэрах посуду. Бабуля нават міліцыю выклікала, бо дзед у яе адсутнасць набыў “усялякай лухты” на 260 рублёў (130 каштавала патэльня і набор нажоў, цана якіх у інтэрнэт-магазінах усяго 60). Хацеў зрабіць падарунак.

Ці можна здаць такі тавар? Як пракаменціравала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т.У.Ханяк, якая курыруе правы спажыўцоў, на працягу 14 дзён можна вярнуць любы тавар ва ўпакоўцы (акрамя тых, што абмену і вяртанню не падлягаюць). Толькі вось праблематычна адшукаць “залётных” прадаўцоў. Па-другое, часта рэчы ці паслугі (устаноўка акон) набываюць у растэрміноўку праз банкі, і тады вярнуць грошы фірма ці прыватнік можа ці добраахвотна, ці толькі праз суд. З падобнымі пытаннямі, калі за два маленькія акны з працэнтамі пенсіянерам трэба выплаціць 300 рублёў, да яе нядаўна звярталіся. Канечне ж, не вернеш і спраўны газавы прыбор, які ўжо вісіць на сцяне. Даказаць жа, што вас падманулі, практычна немагчыма.

Таму лепшы варыянт – карыстацца паслугамі правераных арганізацый і не адчыняць дзверы незнаёмым. Проста скажыце, што нікога не выклікалі. Можна патэлефанаваць у арганізацыю, супрацоўнікамі якой прадстаўляюцца візіцёры і ўдакладніць, ці накіроўвалі такіх. І рабіце гэта да таго, як адчыняеце дзверы, бо пакуль адзін з іх распавядае пра бяспеку, другі проста можа абрабаваць. Сітуацыі розныя. Калі адчынілі, чытайце дакументы і не спяшайцеся нешта набываць. Гэта можна зрабіць у любы час, параіўшыся з роднымі, знаёмымі. У крайнім выпадку тэлефануйце ў міліцыю, дарэчы, выклік, калі вы клапоціцеся пра сваю бяспеку, ілжывым не лічыцца.

Вольга КАРАЛЕНКА.

  • Атрымаць кансультацыю і заказаць газавы сігналізатар можна ў раёне газазабеспячэння па нумарах 5-16-94 і 5-78-54. Дарэчы, яны ёсць як пад угарны, прыродны і звадкаваны газ асобна, так і камбінаваныя.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *