20 мая — День работников физической культуры и спорта

Cпорт Общество

Пад першым нумарам – футбол

На якім месцы для інструктара-метадыста фізкультурна-спартыўнага клуба Ігара Міхайлавіча Коршуна знаходзіцца футбол, можна вызначыць па наступным факце. Ён прапусціў выпускны экзамен у музычнай школе, каб паехаць з камандай на рэспубліканскія спаборніцтвы “Скуранога мяча”. Ушацкія школьнікі, дарэчы, занялі ў 1998 годзе на Кубку Беларусі бронзу – эйфарыю таго дня Ігар памятае і зараз. Экзамен здаваў пазней індывідуальна і таксама радаваўся – таму, што больш часу будзе прысвячаць любімаму хобі.

З таго дзіцячага перыяду забраў у дарослае жыццё дзве высновы: ніякі занятак не можа быць перашкодай для добрай вучобы і не трэба навязваць дзецям, чым займацца. Добра памятае, якім стымулам для хуткага выканання хатніх заданняў былі трэніроўкі. Ушацкую школу скончыў з залатым медалём, таму спасылкі на недахоп часу лічыць адгаворкамі. Да Віктара Аляксандравіча Лук’яненкі, а пазней Пятра Юльянавіча Варатынскага хлопцы несліся з ахвотай, хоць зусім няблізка знаходзіўся стадыён – у мікрараёне лясгаса. Ды і сам Ігар разам з сябрамі майстраваў вароты, нацягваў сетку ў канцы завулка Заводскага, дзе збіралася дзятва іх мікрараёна, узімку расчышчалі саджалкі па гарпасёлку, каб узяць у рукі клюшкі.

Дзіцячае захапленне не знікла і падчас вучобы ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце – Ігар абараняў гонар зборнай ВНУ, а таксама ўзначальваў студатрад – збіраў на трэніроўкі і спаборніцтвы такіх жа апантаных студэнтаў-футбалістаў з іх вялікага інтэрната.

Трэці ў спісе па размеркаванні, будучы тэхнолаг скураных вырабаў абраў Бабруйск, дзе ў савецкі час было ажно пяць заводаў па вытворчасці абутку. Цікава, што там ускосна таксама меў дачыненне да спорту – выпускалі элітны абутак для зборных, не спартыўны, а цывільны – каб годна прадстаўляць краіну не толькі на арэнах. Завод зачынілі, і ў 2009 Ігар вярнуўся на малую радзіму, дзе ўжо год паралельна працаваў на паўстаўкі інструктарам Ушацкага фізкультурна-спартыўнага клуба. Збіраў з усёй краіны дарослых землякоў-аматараў гульні нумар адзін, якая і засталася такой у чарадзе прыярытэтаў не толькі для яго. З Шуміліна едзе пагуляць Віталь Юргевіч, з Полацка з сябрамі – Андрэй Жаваранак, з якім раслі разам, таксама як з такімі членамі каманды “Партызан”, як Уладзімір Хамёнак, Леанід Карабань, Юрый Владзіёнак. А ў свой час яшчэ падлеткамі сядзелі на трыбунах і хварэлі за больш сталых ушачан-аматараў. Добра памятае і сустрэчу “Партызана” са зборнай Парламенту. “Назіраць за жывой гульнёй, не толькі футбола, намнога цікавей, не прапускаю ніводных спаборніцтваў ва Ушачах, выязджаю ў гарады, хаця і па тэлебачанні, зразумела, таксама сачу”, – кажа Ігар Міхайлавіч.

Штодня збіраюцца на трэніроўкі дарослыя футбалісты. Гуляюць з калегамі з Полацка і Лепеля – суседзі любяць прыязджаць у залу менавіта нашага спарткомплексу. Асабліва шматлюдна падчас выхадных, студэнцкіх канікул і ўлетку, калі дадому з’язджаюцца былыя наведвальнікі футбольнай секцыі. А таксама падцягваюць падчас сумесных гульняў малодшую змену. “Раману Мікалаевічу Фядосенку складаней працаваць, чым з намі ў свой час. У мяне не было выключных спартыўных даных, толькі вялізнае жаданне займацца. Цяпер жа вырасла іншае пакаленне, якое лянуецца спусціцца з паверха на пляцоўку пад вокнамі. Таму вітаю імкненне сына займацца і дзюдо, і футболам”.

Яны часта выходзяць на стадыён з дзевяцігадовым Цімафеем паганяць мяч, уся сям’я падтрымлівае мужа і бацьку падчас спаборніцтваў, а калі ў гарпасёлку праходзіў лёгаатлетычны крос, прысвечаны Дню Перамогі, стартавалі ўсім складам – з жонкай, дачкой і сынам.

Дзіцячае захапленне І.Коршуна перарасло ў справу жыцця. Другую вышэйшую адукацыю ён атрымаў ужо ў інстытуце павышэння кваліфікацыі ўніверсітэта фізічнай культуры і працягвае займацца спартыўна-масавай работай сярод насельніцтва Ушаччыны. Падкрэслівае, што прымаюць і чакаюць усіх. А марыць, каб у Цімафея было не меней трафейных кубкаў. Ну і, канечне, – згуляць з ім у адной камандзе.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

Узняць планку яшчэ выш

На нядаўна абноўленай раённай Дошцы гонару сектар спорту і турызму Ушацкага райвыканкама значыцца ў ліку лепшых арганізацый, што цалкам заслужана: у прыгаданай сферы летась было нямала дасягненняў, годна ідуць справы і сёлета. Напярэдадні прафесійнага свята пагутарылі з загадчыкам сектара Сяргеем Іванавічам ЦІХАНЁНКАМ.

– Прыемна, калі плённая дзейнасць не застаецца незаўважанай…

– Безумоўна! І адразу падкрэслю: гэта поспех усіх работнікаў спартыўна-турыстычнай галіны.

– Пры падвядзенні вынікаў звычайна агучваюць лічбы…

– Магу прывесці некаторыя. Летась наш сектар выканаў паказчык па даходах ад пазабюджэтнай дзейнасці: пры заданні 229638 рублёў атрымалі 283770 ці 127 працэнтаў да плану, захоўваем станоўчую дынаміку і сёлета. Павялічыўся працэнт акупляльнасці спарткомплексу: калі раней ён быў каля 60, то зараз – 79.

– Якім чынам гэтага дасягнулі?

– Старанна рэкламуем “Юнацтва-Ушачы”. Значна пашырыўся пералік арганізацый і ведамстваў, якія праводзяць тут галіновыя спаборніцтвы, сямейныя мерапрыемствы: сярод нашых кліентаў работнікі “Нафтана”, “Паліміра”, практычна кожныя выхадныя прымаем падобных гасцей. Па-ранейшаму застаёмся запатрабаванай базай для правядзення збораў: зараз распісаны ўсе месцы на некалькі бліжэйшых месяцаў. Так, менавіта ва Ушачах будзе рыхтавацца да ІІ Гульняў краін СНД нацыянальная зборная па дзюдо. Значна паспрыяла павелічэнню рэнтабельнасці перадача нам катэджа па вуліцы Капітана Хрыпача, ды ўсё ж мы па-ранейшаму вымушаны адмаўляць многім кліентам, таму вельмі чакаем інтэрнат для спартсменаў, будаўніцтва якога вось-вось пачнецца.

– Якімі вынікамі парадавалі нашы спартсмены і трэнеры?

– Ушацкая СДЮШАР выканала ўсе мэтавыя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы “Фізічная культура і спорт”. Асабліва паспяхова школа спрацавала ў падрыхтоўцы першаразраднікаў і кандыдатаў у майстры спорту: летась адпаведных нарматываў дасягнулі 6 чалавек пры плане 2. Яшчэ лепшым будзе гэты паказчык сёлета: першаразраднікамі ўжо сталі самбісты Паліна Пацэвіч, Паліна Жалейка, Павел Шакута, Яўген Крыскевіч, стралкі Максім Глебка і Павел Станкевіч, а наш снайпер Віка Байцова паказала вынік КМС. На пачатак навучальнага года ў вышэйшае звяно (вучылішча алімпійскага рэзерву, цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі) было перададзена 6 чалавек (дзюдаіст Яўген Карэйша, лёгкаатлеты Максім Магерка, Мацвей Казакевіч і Міхаіл Ладноў, стралкі Алена Бука і Павел Станкевіч) – гэта рэкордная лічба! Тры ўшацкія выхаванцы (Таццяна Падгола, Дар’я Мацвеенка, Аляксандр Галяковіч) зараз уключаны ў склад зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па стральбе. За ўсім гэтым – плён старанняў нашых вопытных трэнераў Святланы Фядосенкі, Веры Кілінай, Таццяны Клопавай, Пятра Варатынскага і іншых іх калег.

– Не застаецца па-за ўвагай і масавы спорт?

– Вядома ж! За год раённы фізкультурна-спартыўны клуб праводзіць каля 60 разнастайных мерапрыемстваў. Радуюць перамогамі нават у міжнародных турнірах юныя футбалісты трэнера Рамана Фядосенкі, з задавальненнем ходзяць ушачане ў фітнесгрупы, для якіх, дарэчы, нядаўна набылі новае абсталяванне, збіраюцца на турніры шахматысты і шашысты, запатрабаваны і іншыя секцыі.

– Сапраўдным брэндам раёна стаў фестываль “ExtremeПрарыў”.

– Так, леташні форум атрымаў высокую ацэнку, а сёлета мяркуем узняць планку яшчэ вышэй. Фестываль будзе двухдзённым (1 і 2 ліпеня), у праграме 11 экстрэмальніх відаў, пра многія з якіх, упэўнены, чытачы нават не чулі. Мяркуем, што прыедзе каля 500 спартсменаў (летась было пад 200). Запланавана шмат усяго яркага і відовішчнага, адным словам, будзе вельмі цікава. Чакаем ушачан на фестывалі і на ўсіх нашых спартыўных аб’ектах!

Напрыканцы хачу адзначыць, што ў нашым раёне шмат дастойных, захопленых сваёй справай спецыялістаў спартыўнай галіны. Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх калег са святам, жадаю прафесійных поспехаў і шчасця ў асабістым жыцці.

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *