Жёсткая дисциплина – основа успеха: Комитет госконтроля проверил социально-экономическое развитие Ушачского района

Общество

Трэба імкнуцца да больш высокіх паказчыкаў, павышаць адказнасць кадраў за вынік, узмацніць кантроль за вытворчай, выканаўчай і працоўнай дысцыплінай. На гэта звярнуў увагу намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Станіслаў Наркевіч, які з рабочым візітам наведаў Ушацкі раён.

Станіслаў Антонавіч прыняў удзел у планавым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, на якім разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за студзень-сакавік 2025 года, а таксама выкананне ў 2024-м мерапрыемстваў дзяржпраграмы “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады. Па выніках першага квартала ў раёне чакаецца выкананне 10 з 14 асноўных паказчыкаў, паступова ідзе рэалізацыя нядаўна зацверджанай Стратэгіі развіцця. Разам з тым, напрыклад, калі экспарт паслуг перавыкананы, то экспарт тавараў – наадварот, колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва да ўзроўню мінулага года склала 94%, сціплымі з’яўляюцца паказчыкі ў сельскай гаспадарцы, у гэтай жа сферы назіраецца найбольшая цякучасць кадраў.

“Не забывайце пра самае галоўнае, што заўсёды патрабуе ад усіх нас Прэзідэнт – павінна быць жорсткая дысцыпліна! Без гэтага немагчыма дабіцца ніякіх станоўчых рэзультатаў”, – адзначыў С.Наркевіч.

На пасяджэнні ўзнімаліся пытанні інвестыцый у вытворчую сферу. Сёлета філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” завяршае рэалізацыю інвестпраекта ў рамках ініцыятывы “Адзін раён – адзін праект” па мадэрнізацыі вытворчасці кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка – курынай і свіной пратэінавай мукі, кармавога тлушчу. Неабходна распрацоўваць новыя грунтоўныя праекты. У пошуку інвестараў для пераўтварэння ў жыццё сваіх задум знаходзіцца новае прадпрыемства “Вяркудскі падворак”, “Сарочына-Агра” мяркуе ў бліжэйшыя гады ў рамках праграмы “Адзін раён – адзін праект” стварыць аграхолдынг, які ўключае ўсе этапы вытворчасці, пачынаючы ад вырошчвання і заканчваючы выпускам гатовай прадукцыі пад уласным брэндам.

На пасяджэнні ішла размова пра будаўніцтва жылля і рамонт жылфонду – гэта таксама паказчык развіцця. У гарпасёлку, дарэчы, закладаецца новая пяціпавярхоўка, дзе большасць кватэр будзе арэнднымі.

За мінулы год ў раёне выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі дзяржпраграмы “Сацыяльная абарона”, істотных праблем у гэтай сферы няма. Аднак у рэспубліканскім рэйтынгу наш тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання знаходзіцца на 78-й пазіцыі сярод 146 такіх устаноў, а значыць яшчэ ёсць куды імкнуцца і развівацца.

Як складваюцца справы на прадпрыемстве, якую прадукцыю выпускаюць, як ва ўмовах санкцый наладжаны рынкі збыту – пра гэта і іншае ішла размова ў дрэваапрацоўчым цэху Ушацкага лясгаса, які Станіслаў Наркевіч наведаў разам са старшынёй камітэта дзяржкантролю вобласці Уладзімірам Гадзяцкім і кіраўніком раёна Сяргеем Садоўскім. За год цэх перапрацаваў 26 тысяч кубаметраў драўніны, выраблена 12 тысяч кубоў піламатэрыялаў. Для пашырэння сваіх магчымасцей лясгас інвесціруе ў вытворчасць. Так, пастаянна ў рабоце ацыліндровачны станок, дзякуючы якому развіваюць домабудаванне. Вырабляюць два тыпавыя домакамплекты плошчай 100 і 45 квадратных метраў. У гэтым годзе плануецца павялічыць аб’ём вытворчасці ў два разы. Для гэтага набылі другі аналагічны станок, зараз вядуцца пусканаладачныя работы. Тым часам у лісце чакання на пастаўку домакамплектаў дзясяткі заказаў.

У рамках рабочай паездкі Станіслава Наркевіча на Ушаччыну быў запланаваны і прыём грамадзян. Але нашы землякі не скарысталіся магчымасцю агучыць свае пытанні намесніку кіраўніка кантралюючага ведамства краіны.

Запатрабаваным з’яўляецца і дровакольны станок. З бярвення любой крывізны ў месяц вырабляецца больш 150 кубоў колатых дроў, асноўным іх спажыўцом з’яўляецца насельніцтва Ушаччыны, былі заказы нават з іншых раёнаў.

Таксама прадстаўнікі дзяржкантролю падчас візіту ў рэгіён азнаёміліся з работай санаторыя “Лясныя азёры”, абмеркавалі разам з яго кіраўніцтвам перспектывы развіцця.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымках: у цэху лясгаса, у санаторыі “Лясныя азёра”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *