«Унюхает» газ за 30 метров. Какие приборы использует аварийная бригада Ушачского района газоснабжения?

Общество

На выклікі аварыйная брыгада Ушацкага раёна газазабеспячэння вось ужо два гады выязджае з прыборам, які лёгка трымаецца ў руцэ. Гэта дыстанцыйны дэтэктар уцечкі метану, што дазваляе за лічаныя секунды абследаваць пад’езд шматпавярхоўкі, пры гэтым не заходзячы ў кватэры. Дастаткова толькі навесці лазер на акно, і абсталяванне пакажа, ёсць пагроза бяспецы жыцця альбо не.

– Гэты прыбор выдатна зарэкамендаваў сябе і значна павысіў хуткасць, а значыць і якасць нашай работы. Раней нам неабходна было трапіць у памяшканне. Сама праверка таксама займала некалькі секунд, а вось пакуль дастукаешся ва ўсе кватэры, тым больш калі паведамленне паступіла ноччу ці некага з жыхароў няма дома, – праходзіў час, – паказваючы дэтэктар у дзеянні, тлумачыць майстар аварыйнай брыгады Ягор Андрэевіч Шульчэнка (на здымку). – Гэта абсталяванне “ўнюхае” газ і за 30 метраў, галоўнае, каб прамень мог трапіць у кватэру: праз шкло ці адтуліну ў дзвярах. Абследуем і ўсе падвальныя, нежылыя памяшканні. Выклікі, на шчасце, па прычыне ўцечкі ў нас нячастыя і літаральна ўсе беспадстаўныя – людзям толькі здавалася, што пахне газам.

А вось начальнік прадпрыемства Леанід Віктаравіч Рудак расказвае пра выпадак, калі з дапамогай дэтэктара выратавалі жыццё і віноўніку ўцечкі, і жыхарам усяго пад’езда: “Паведамленне паступіла з кватэры на пятым паверсе, наяўнасць газу ж прыбор выявіў на першым, з якога мы і пачалі праверку лазерам. Было гэта ў Чашніцкім раёне, дзе жыхар вырашыў развітацца з жыццём, адкрыўшы ўсе канфоркі і ўключыўшы газ. Уявіце, калі б нехта ў гэты час скарыстаўся запалкамі? На шчасце, крыніцу небяспекі мы высветлілі імгненна, таму нават суіцыд папярэдзілі. Задзейнічаны ж дэтэктар не толькі пры адпрацоўцы выклікаў аварыйнай брыгады, але і падчас планавых праверак газаправодаў. А вось спажыўцам параіў бы ўстанаўліваць газавыя сігналізатары і не пераплачваць утрая прадаўцам, якія ходзяць па кватэрах, а набываць у нас. Прыбораў дастаткова, прычым розных мадэляў, мы прывязём непасрэдна ў кватэру ці дом і бясплатна ўстановім”.

Растлумачылі мне ў раёне газазабеспячэння і розніцу ў абсталяванні. Самы просты і танны сігналізатар (22 рублі 46 капеек) “мае нюх” на ўгарны газ, што насамрэч не пахне і таму вельмі небяспечны. Камбінаваныя ж ёсць некалькіх мадэляў. Яны таксама пададуць сігнал, калі вы рана заклалі печ, але яшчэ і падкажуць пра ўцечку газу – прыроднага ці звадкаванага. Канечне, карысней менавіта такія мадэлі, якія і варта выбіраць у адпаведнасці з відам падведзенага газу. Каштуюць яны 58 рублёў 90 капеек. Ды і ўстановяць іх менавіта там, дзе патрэбна – на прыродны газ як мага вышэй да столі, на звадкаваны – ніжэй. Так што звяртайцеся па нумарах 5-16-94, 5-78-54. Спецыялісты Ушацкага раёна газазабеспячэння дапамогуць вам спаць спакойна: вы не будзеце дакараць сябе, што “выкінулі” палову пенсіі, а калі што – сігналізатар разбудзіць.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *