Летняя аздараўленчая кампанія яшчэ працягваецца. Аднак ужо зараз можна сказаць, што галоўная мэта дасягнута: адпачынак дзяцей быў цікавым, бяспечным, насычаным.
Як нам паведамілі ў аддзеле па адукацыі Ушацкага райвыканкама, у чэрвені-жніўні ў раёне працавала 17 лагераў, тры з якіх – з кругласутачным знаходжаннем. На сённяшні дзень аздараўленне ў іх прайшлі 595 школьнікаў – і гэта не канчатковая лічба.
Больш за ўсё выхаванцаў – 206 – было ў дзённых выхаваўча-аздараўленчых летніках на базе ўстаноў адукацыі. Дарэчы, у некаторых – каб задаволіць інтарэсы кожнага, дапамагчы авалодаць навыкамі ў розных відах дзейнасці – прадугледзелі профілі, напрыклад, ваенна-патрыятычны. 30 юных аматараў турызму бавілі час у двух палатачных перасоўных лагерах. Маштабна арганізавалі і работу двух спартыўна-аздараўленчых: у дзённым “Алімпійцы” бавілі час 105 нашых землякоў, а ў кругласутачным “Юнацтва-Ушачы” сумясцілі адпачынак з вучэбна-трэніровачным працэсам 184 навучэнцы спецыялізаваных спартыўных устаноў з г.Мінска (яшчэ 42 прыедуць 11 жніўня). У пяці лагерах працы і адпачынку зарабілі першыя грошы 60 школьнікаў ад 14 да 17 гадоў (другая змена для яшчэ 10 стартуе ў панядзелак) – займаліся добраўпарадкаваннем і ўборкай тэрыторыі, афармленнем і праполкай кветнікаў, спалучаючы гэта з вясёлымі актыўнасцямі. Дарэчы, першачарговае права на працаўладкаванне давалася непаўналетнім, якія знаходзяцца на розных відах уліку.
Прайшлі аздараўленне 27 сірот, 2 інваліды, больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных і малазабяспечаных сямей, а таксама нямала непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы ці з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Дарэчы, для 9 з ліку апошніх з раённага бюджэту дадаткова выдзелілі грашовую датацыю, якая дазволіла адпачыць у лагерах двойчы.