Валентина Куницкая

Наш современник

У гэтым на працягу дванаццаці гадоў пераконвае сваіх кліентаў страхавы агент аддзела па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лепельскім раёне Валянціна Васільеўна Куніцкая.

Пра тое, што некалі звяжа працоўны лёс з Белдзяржстрахам, Валянціна Васільеўна нават і не думала. Але… І вось за дванаццаць гадоў работы ў арганізацыі ёй прыходзілася сутыкацца з рознымі сітуацыямі, былі пэўныя цяжкасці, аднак жанчына ні аб чым не шкадуе. Напэўна таму, што заўсёды плённа працавала, прысвячала сябе няпростай справе – страхаванню грамадзян маёмасці і атрымлівала задавальненне ад зносінаў з людзьмі.

— Я працую так, як і ўсе астатнія члены нашага калектыву, — сціпла зазначае Валянціна Васільеўна.

Аднак варта адзначыць, што яе асабісты ўклад у агульную скарбонку досыць важкі.

— Валянціна Васільеўна заўсёды паказвае высокія вынікі, перавыконвае планавыя заданні па паступленні страхавых узносаў, — зазначае начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг Тамара Васільеўна Зімніцкая. – Нягледзячы на даволі складаны ўчастак, дзе працуе жанчына, цяжкасцей у яе не ўзнікае. Валянціна Васільеўна заўсёды вылучаецца сваёй актыўнасцю і бадзёрасцю.

Мала хто ведае, што за кожнай лічбай, якая характарызуе зробленае, стаіць вялікая праца з патэнцыяльнымі кліентамі, бясконцыя камандзіроўкі і раз’езды, уменне пераканаць, што рацыянальны чалавек сёння абавязкова застрахуе сябе і сваю маёмасць, каб быць упэўненым у заўтрашнім дні.

— Шчыра кажучы, мне падабаецца працаваць з людзьмі, гутарыць і з пажылымі, і з маладымі, несці страхавую культуру ў народ, — сцвярджае Валянціна Васільеўна. – Мой участак – значная частка Сарочынскага сельсавета. За гады маёй працы заключыла сярод насельніцтва мноства дагавораў добраахвотнага і абавязковага страхавання. Зразумела, што ў выпадку непрыемнасцей, і тым больш – бяды, Белдзяржстрах тут жа матэрыяльна падтрымліваў гэтых людзей, і ніхто яшчэ не пашкадаваў, што аформіў у нас страхавы поліс. А за час работы на ўчастку адбылося 38 пажараў.

Сама В.В.Куніцкая таксама карыстаецца паслугамі Белдзяржстраху. Кажа, з задавальненнем застрахавала ад няшчасных выпадкаў любімага сына, а таксма аформіла на яго імя дагавор добраахвотнага страхавання медыцынскіх выдаткаў. Няхай ахоўвае яго анёл! Наогул, любімая работа і сям’я – складаемыя поспеху гэтай жанчыны.

Няпростая работа ў страхавога агента: трэба быць крышачку псіхолагам, крышачку дарадчыкам і нават асветнікам. Усё гэта атрымліваецца ў Валянціны Васільеўны. Яна вельмі цёпла гаварыла пра свой працоўны калектыў, які ўмее зразумець, падтрымаць, дапамагчы…

Не заўсёды ў сілах чалавека засцерагчыся ад нягоды. Затое з якой удзячнасцю ўспамінаецца ў ліхую гадзіну той страхавы агент, якому, між іншым, так не хацелася аддаваць на ўзнос няхай і невялікія грошы… Былі такія выпадкі і на ўчастку В.В.Куніцкай. Але яна – кампетэнтны, кантактны і вельмі добразычлівы страхавы агент – ніколі не адступае, калі кліент пачынае сумнявацца, а абавязкова знойдзе тыя словы і тыя аргументы, якія чалавек асэнсуе, зразумее і прыме рашэнне на карысць сваёй бяспекі.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *