Ушачанин Сергей Дунец удивил всех своим профессионализмом на республиканском конкурсе профмастерства в Минске

Общество

Як ён гэта робіць? Гледзячы, як спрытна трактарыст на падрыхтоўцы лесасек, трылёўцы і вывазцы драўніны Плінскага лясніцва Сяргей Віктаравіч Дунец укладвае маніпулятарам бярвёны, задаюцца пытаннем нават работнікі лесу, не тое што звычайныя абывацелі. Уразіў ён усіх сваім прафесіяналізмам і на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства.

На мінулым тыдні ў сталіцы праходзіла міжнародная выстава тэхнікі і тэхналогій дрэваапрацоўчай прамысловасці “Лесдрэўтэх-2021”. Майстар-класы, дэманстрацыя дасягненняў галіны, навінак тэхнікі і абсталявання, убачыць тут можна было ўсё – ад рэдкіх саджанцаў да электралесавоза. Пабывалі на мерапрыемстве і работнікі Ушацкага лясгаса, узяўшы сабе на заметку пэўныя вытворчыя моманты. Традыцыйна ў рамках выставы праходзілі і конкурсы прафмайстэрства сярод вальшчыкаў, вадзіцеляў, трактарыстаў. Трэба адзначыць, што ў сталіцу адправіліся самыя-самыя. Так, С.Дунец абараняў не толькі гонар Ушацкага лясгаса, а і ўсёй вобласці. Каго з працаўнікоў накіраваць на конкурс ад паўночнага рэгіёну – у Віцебскім лесагаспадарчым аб’яднанні доўга не вагаліся.

На пляцоўцы каля “Мінск-Арэны” аператарам маніпулятараў пагрузачна-транспартных машын трэба было не проста роўна скласці спецыяльныя драўляныя блокі, а і зрабіць гэта так, каб на іх чытаўся надпіс “Я беларус”. Зразумела, што на заданне адводзіўся пэўны час. З такой задачай Сяргей Віктаравіч справіўся вельмі паспяхова і заваяваў “срэбра” спаборніцтваў. “Усе сапернікі выконвалі заданне на спецыяльна прадастаўленым маніпулятары і былі ў аднолькавых умовах. Канечне, не параўнаць, калі ты складваеш бярвёны на сваёй тэхніцы ў сваім лесе, з пляцоўкай каля “Мінск-Арэны”, дзе за табой назірае столькі вачэй і чакаюць ідэальнага выніку. Задаволены, што ўсё атрымалася”, – лаканічна падзяліўся пераможца, які атрымаў падарункі ад арганізатараў конкурсу, і ў чарговы раз пацвердзіў сваё высокае майстэрства.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *