Благодарности ушачан

Общество

У нашай вёсцы Горы-1 Вяркудскага сельсавета пражывае ўсяго 5 чалавек, і ўсе пенсіённага ўзросту. Як і ў любой мясцовасці, у нас таксама ўзнікаюць пэўныя праблемы. Да нас не магла даехаць аўтакрама, прыходзілася далёка хадзіць, што пажылым людзям не так і проста. У дадатак яшчэ ўвечары не гарэлі ліхтары. Мы вырашылі звярнуцца са сваімі праблемамі да старшыні раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч і былі прыемна ўражаны тым, што яна адразу ж адгукнулася на нашы просьбы, не палічылася з часам і прыехала, каб разабрацца ў сітуацыі. Да яе далучыўся і старшыня Вяркудскага сельсавета В.П.Цянюга. У хуткім часе была зроблена падсыпка дарогі, загарэліся ліхтары.

Вельмі ўдзячны Алене Васільеўне і Васілю Пятровічу за чалавечнасць, разуменне, увагу да праблем жыхароў маленькай вёсачкі. З надыходзячымі святамі вас.

У свеце ёсць цудоўныя людзі, гатовыя дапамагаць акружаючым у любой сітуацыі. Упэўнены ў гэтым усе жыхары вёскі Загор’е Вяркудскага сельсавета, бо менавіта з такім чалавекам – добрым, уважлівым – нам пашчасціла быць знаёмымі.

Кожны аўторак і пятніцу ў вёску прыязджае работнік аўтакрамы І.В.Маковіч. Гэта вельмі шчыры чалавек, які заўсёды прыслухоўваецца да нашых прапаноў. Асартымент прадукцыі, якую прывозіць нам Ігар Васільевіч, вельмі разнастайны, а таму заўсёды на нашых сталах усё свежае і якаснае.

Чакаць аўтакрамы доўга не прыходзіцца: І.В.Маковіч вельмі пунктуальны, заўсёды прыязджае ў вызначаны час. Мы не толькі набываем прадукты ў яго, але і гутарым – заўсёды выслухае, параіць. Для нашай зручнасці Ігар Васільевіч спыняецца і ў пачатку вёскі, за што мы таксама вельмі ўдзячны яму.

Напярэдадні навагодніх і калядных святаў хацелася б павіншаваць гэтага цудоўнага чалавека, пажадаць яму мноства прыемных імгненняў па жыцці, шчырых людзей побач і, безумоўна, здароўя і шчасця.

Г.ГРАК,

в.Загор’е.

Так атрымалася, што газ закончыўся ў нядзелю. Да пятніцы, а менавіта ў гэты дзень у нашу вёску Лутава Сяльцо завозяць балоны, чакаць было вельмі доўга. Ва “Ушачырайгазе” мне адказалі, што ў нядзелю працуе машына аварыйнай брыгады і мне могуць прывезці балон, аднак давядзецца заплаціць за дастаўку. Я, зразумела, згадзілася.

Хутка мне даставілі балон вадзіцель Сяргей Сяргеевіч Барысёнак і слесар  Уладзімір Васільевіч Маковіч, падключылі, а калі пачалі правяраць, У.В. Маковіч заўважыў, што пліту трэба рамантаваць. Я ведала пра гэта,  пліце ж 35 гадоў, і ўжо меркавала, што яе не адрамантуеш, а давядзецца купляць новую. Аднак Уладзімір Васільевіч усё перагледзеў, больш гадзіны працаваў у халодным пакоі і навёў усё так, што пра замену зараз і не думаю. Нават ручкі зноў пачалі хадзіць лёгка, як раней. Аформілі заяўку, я заплаціла па прэйскуранце за рамонт,  а вось прозвішчы маіх выратавальнікаў давялося высвятляць асобна – сціплыя, яны так і не сказалі, як іх завуць.

Шчыра вам скажу, не чакала я такога падарунка. Наогул уражана, як прадуманым сэрвісам гаргаза, за што ўдзячна кіраўніцтву арганізацыі, так і кампетэнтнасцю, уважлівасцю работнікаў, якія мне дапамаглі. Пры гэтым падчас работы Уладзімір Васільевіч увесь час жартаваў, так што і мне настрой падняў не на дзень, а на ўвесь новы год. Прыемна ўсведамляць, што побач так многа незнаёмых, але такіх неабыякавых людзей. Вялікі дзякуй вам, віншую вас і вашы сем’і з Новым годам, няхай і на вашым шляху сустракаюцца такія ж шчырыя людзі, якімі з’яўляецеся вы самі.

Н.СМЫК,

вёска Лутава Сяльцо.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *