Конкурс снегурочек

Общество

Вядучы Арцём Бірукоў прадставіў удзельніц. Гэта Вольга Ясюк, Вікторыя Апёнак, Ганна Собаль, Вераніка Цвірбут, Вераніка Лось. Яны ў далейшым былі галоўнымі дзеючымі асобамі. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК прыемна для гледачоў запаўнялі іх час, радавалі нумарамі мастацкай самадзейнасці…

У ходзе мерапрыемства, расказала мастацкі кіраўнік РДК Дзіна Пенкальская, дзяўчаты праявілі сябе ў самых розных конкурсах. Першы з іх, “Дэфіле”, прадугледжваў выхад, самапрэзентацыю. Другім этапам святочнага выпрабавання стала навагодняя віктарына. Удзельніцам трэба было адказаць на цікавыя пытанні. Напрыклад, дзе з’явілася першая паштоўка, колькі разоў б’юць куранты ў Японіі, у якім годзе Пётр І выдаў указ аб святкаванні Новага года зімой і г.д. Правільныя адказы наступныя: у Лондане, 108 разоў, у 1699-м…

Прысутныя ў зале даведаліся з адказаў дзяўчат і аб тым, як называецца Дзед Мароз у іншых краінах, і што ў В’етнаме на Новы год упрыгожваюць бамбук, а ў Кітаі замест ёлкі ставяць мандарынавае дрэва.

Віктарына ж для гледачоў яшчэ больш расшавяліла іх. У асноўным яны ведалі адказы на пытанні, якія задаваў вядучы. А ён ішоў далей па сцэнарыі. Пераапрануўся, напрыклад, у Дзеда Мароза. Бо які ж конкурс Снягурак без яго.

Шоу працягвалася хатнімі заданнямі для ўдзельніц: конкурсам на лепшую навагоднюю страву і на сцэнічны нумар. Усё кулінарнае, што прадставілі дзяўчаты на суд журы, было прыгожае на выгляд і, напэўна, смачнае. Яны выявілі і творчыя здольнасці ў выкананні песень і танцаў. Тут, канечне, дало свой вынік тое, што некаторыя з іх займаюцца ў гуртках раённага Дома культуры.

Снягуркі выказалі свае пажаданні прысутным у зале.

На заканчэнне забаўляльнай праграмы Ганне Собаль быў уручаны прыз сімпатый гледачоў. Журы ў саставе Т.М.Малак, М.В.Сазонавай, Г.У. Елісеевай падвяло вынікі. Удзельніцы атрымалі прызы арганізатараў шоу, ім былі прысуджаны  званні: “Зачараванне года”, “Непасрэднасць года”, “Адкрыццё года”, “Рукадзельніца года”. Галоўны ж прыз і званне “Снягурка года” дастаўся вучаніцы Ушацкай сярэдняй школы Вікторыі Апёнак. Наогул усе ўдзельніцы былі адзначаны, яны засталіся задаволеныя мерапрыемствам, як і тыя, хто ў той выхадны наведаўся ў раённы Дом культуры. Арганізатары вось толькі хочуць, каб гледачоў у далейшым было больш. Усё ж робіцца для іх.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *