За лесом Ушачского района надёжно ухаживает специальная лесокультурная бригада

Общество

Мала проста пасадзіць дрэвы – ім, як і любым культурам, патрэбны догляд. І гэтаму напрамку ва Ушацкім лясгасе ўдзяляецца вялікая ўвага. Сёлета на базе Ушацкага доследна-вытворчага лясніцтва была створана спецыяльная лесакультурная брыгада, якая працуе на тэрыторыі ўсіх структурных падраздзяленняў.

Канечне, гэта не значыць, што раней у маладым лесе не выконвалі адпаведныя работы. У кожным лясніцтве пасадкі даглядалі работнікі, але мноства іншых задач, павелічэнне аб’ёмаў работы і падштурхнула задумацца пра новую брыгаду.

М.Коршун.

– Штогод лясгас садзіць лясныя культуры не толькі на месцы высечак, а і на землях, выведзеных з сельгасабароту, на месцы рэкультывацыі кар’ераў. Так, у залежнасці ад узросту дрэў, на адных участках трэба правесці асвятленне – інакш кажучы, выдаліць у міжраддзі ўсё лішняе, каб маладым дрэўцам для росту хапала святла. На другіх – прачыстку ці, па-іншаму, прарэджванне. Спраў у нас хапае незалежна ад пары года. Вось і зараз на каляндары ўжо снежань, а мы ва ўсю працуем у лесе, клапоцімся пра аднаўленне зялёнага багацця, – расказвае вопытны майстар лесу Максім Мікалаевіч Коршун, які курыруе работу брыгады, адказвае не толькі за арганізацыю, а і якасць выконваемых работ, захаванне тэхнікі бяспекі і аховы працы.

А.Урбан.

Каб брыгада функцыянавала максімальна эфектыўна, спатрэбіліся значныя фінансавыя ўкладанні. Набыты два трактары МУЛ-1221, восем мотакустарэзаў, дзве бензапілы, іншыя агрэгаты, а таксама аўтамабіль УАЗ для перавозкі работнікаў. Складаецца брыгада з сямі лесарубаў, вальшчыка лесу, двух трактарыстаў на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу. Усе работнікі прайшлі прафесійную падрыхтоўку ў профільных навучальных установах.

З вясны брыгада ўжо паспела выканаць асвятленне, прачыстку на ўчастках у Вялікадолецкім, Глыбачанскім, Кубліцкім і Плінскім лясніцтвах, а таксама планавы догляд на ўсёй тэрыторыі лясгаса.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *