Ушачане с инвалидностью приняли активное участие на спортивном мероприятии «Будь выше и сильнее обстоятельств» в Глубоком

Общество

Актыўнасці, бадзёрасці, задору многім ушачанам з інваліднасцю не займаць! Гэта пацвердзіла мерапрыемства, што праходзіла ў мінулыя выхадныя ў суседнім Глыбоцкім раёне. На адкрытыя спартыўныя спаборніцтвы пад сімвалічнай назвай “Будзь вышэй і мацней за абставіны” накіравалася вялікая дэлегацыя нашых землякоў.

Работнікі, наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва Ушацкага і Глыбоцкага раёнаў знаёмы даўно, а таму мерапрыемства, наладжанае на аграсядзібе “Утрына”, мела хутчэй не спаборніцкі, а таварыскі характар. Садзейнічала гэтаму і годна прадуманая конкурсная праграма. Удзельнікі з драўляных брускоў “будавалі” высокія піраміды, правяралі трапнасць у кіданні снарада ў кальцо, настольным валейболе і, што выклікала мора пазітыву, стральбе вішнёвымі костачкамі. Нямала знайшлося прыхільнікаў танцаў – прадстаўнікі абедзвюх каманд не шкадавалі далоняў, каб падтрымаць выканаўцаў харэаграфічных нумароў. Ну і, напэўна, самымі эмацыянальнымі этапамі сталі бег з хаскі і катанне на конях. Дарэчы, гэта ўнікальныя метады каністэрапіі (лячэнне і рэабілітацыя людзей з інваліднасцю з выкарыстаннем спецыяльна навучаных сабак), а таксама іпатэрапіі (пры дапамозе адаптыўнай верхавой язды).

Ва “Утрыне” ў гэты дзень панаваў асаблівы настрой. Гучала музыка, гасцей запрашаў “шведскі стол” з травяным чаем, сырам і хлебам тутэйшай вытворчасці, а таксама гарачы абед на свежым паветры. Напрыканцы ж спартыўнага свята ўсім яго ўдзельнікам былі ўручаны ўзнагароды і салодкі пачастунак ад гаспадыні сядзібы Наталлі Мельнічэнка.

“Пазітыву атрымалі, сапраўды, шмат, – ад імя ўсёй ушацкай дэлегацыі зазначыла загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Н.М.Глінская. – Шчыра ўдзячны за магчымасць трапіць на мерапрыемства нашым спонсарам: раённым арганізацыям РГА “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *