Сотрудники ГАИ в ходе эксперимента сравнили тормозной путь зимней и летней резины на скользкой дороге

Профилактика и безопасность

Машына без шын па сезоне – першы кандыдат на трапленне ў дарожна-транспартнае здарэнне. У праўдзівасці гэтай аксіёмы з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ пераканаліся падчас эксперымента, праведзенага на мінулым тыдні на адной з вуліц гарпасёлка (у будны дзень рух тут невялікі – для праверкі падыходзіць ідэальна!).

Наша мэта – параўнаць тармазны шлях двух аўтамабіляў. Адзін, як і патрабуецца, у зімніх шынах. Другі дагэтуль “носіць” летнія. Дарэчы, знайсці такі атрымалася не адразу: усе знаёмыя свой транспарт даўно “пераабулі”.

Для максімальнай нагляднасці выбіраем участак ля пешаходнага пераходу. Мяркуем высветліць, ці змогуць аўтамабілі нават на невялікай хуткасці своечасова спыніцца.

Старт дадзены метраў за 130 ад “зебры”. Машыны паспеюць разагнацца і ад вызначанай мяжы пачаць тармажэнне. З улікам стану дарогі абмяжоўваемся хуткасцю ў 40 км у гадзіну. Падрыхтаваны да зімы транспарт візуальна ідзе роўна, без заносаў і спыняецца перад самым пераходам. Яго тармазны шлях склаў 25 метраў. Чарга другога, на летняй гуме. Прадказальна спыніцца яму складаней, заносіць у бакі. Замяраем тармазны шлях – 41 метр, пешаход аказаўся б пад коламі.

Арганізуем другі заезд – на хуткасці 45 км у гадзіну. Тармазны шлях першага аўто павялічваецца нязначна, што тлумачыцца добрым станам зімовай пакрышкі (глыбіня пратэктара складае 8 мм), а вось другога – адразу на 15 метраў – да 56.

Ад трэцяй спробы з нарошчваннем хуткасці адмаўляемся: небяспечна. Праваахоўнікі не сумняваюцца, што аўто з летняй гумай паляціць у кювет.

* * *

З вынікамі эксперыменту, іншай карыснай у зімніх умовах інфармацыяй у мінулую пятніцу пазнаёміліся многія аўтамабілісты Ушаччыны. У рамках рэспубліканскай акцыі “Зімовыя шыны – бяспека для машыны” супрацоўнікі ДАІ раздавалі тэматычныя лістоўкі (на здымку). Рэкамендавалі таксама выбіраць аптымальную хуткасць руху, адэкватна ацэньваць свой узровень вадзіцельскага майстэрства – інакш бяды не пазбегнуць.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *