Выбираем газовый котёл

Общество

Паўстагоддзя назад прыродны газ прыйшоў у нашу краіну. Неўзабаве блакітнае паліва дабралася да абласных цэнтраў і буйных гарадоў. Праграма газіфікацыі  Беларусі не мінула і Ушачы. Сёння газ трывала  ўваходзіць у жыццё шматлікіх ушацкіх сем’яў, якія пражываюць у асабістых дамах. Аднак падчас устаноўкі газавага абсталявання ў грамадзян узнікае шэраг пытанняў, адказаць на якія бывае даволі няпроста. Найбольш актуальнай праблемай з’яўляецца выбар газавага катла.

Сёння на рынку прадстаўлена вялікая колькасць газавага абсталявання. Правільна выбраны кацёл будзе прыносіць цяпло і ўтульнасць у ваш дом, а таксама эканоміць грошы. На што трэба звяртаць асаблівую ўвагу пры іх выбары, якія ўмовы ўстаноўкі і кошт дадзенага абсталявання – на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні мы знайшлі адказы ў спецыялістаў РВУ “Ушачырайгаз”.

НАСЦЕННЫ ЦІ ПАДЛОГАВЫ?

Катлы насценнага тыпу вельмі камфортныя і больш эканамічныя, чым падлогавыя. Акрамя ацяплення яны яшчэ забяспечаць вас гарачай вадой. Насценны кацёл вельмі кампактны. Спецыяльныя ўстаноўкі дазваляюць з лёгкасцю настройваць тэмпературу ацяплення і гарачай вады. Такі кацёл павінен падключацца да электрасеткі.

Падлогавыя катлы – гэта прасцейшы від ацяпляльнага абсталявання. Для іх падключэння патрэбен асобны дымаадвод. Істотны недахоп падлогавых катлоў у тым, што яны гарачай вады даюць мала, вельмі складана наладзіць прымальную яе тэмпературу, вытворчасць гарачай вады не эканамічная.

СЭРВІСНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ

Пры выбары катла варта звярнуць увагу на гарантыйнае абслугоўванне. Важна не толькі набыць надзейны, эканамічны і зручны для Вас кацёл, але і ўпэўніцца, што ў яго ёсць сур’ёзная сэрвісная падтрымка.

За дапамогай у выбары газавага абсталявання можна звярнуцца да спецыялістаў РВУ “Ушачырайгаз”. Названая арганізацыя прапануе грамадзянам марку газавых катлоў беларускай вытворчасці “Альфа-Калор”. Гэта, як адзначаюць спецыялісты, даволі надзейнае газавае абсталяванне, асноўнымі вартасцямі якога з’яўляюцца яго высокая магутнасць і імпартная італьянская “начынка”. Пры наяўнасці паломак прадстаўнік завода-вытворцы, з якім ў мясцовага райгаза заключаны дагавор, у кароткі тэрмін правядзе яго рамонт. На сённяшні дзень кошт катла “Альфа-Калор” складае 2540000 рублёў.

Пры наяўнасці ў грамадзян дагавору з іншымі фірмамі-пастаўшчыкамі газавага абсталявання РВУ “Ушачырайгаз” падключае газавыя катлы адпаведных марак, аднак не абслугоўвае іх.

***

Як бы там ні было, права выбару застаецца за вамі. Адзінае, што хацелася б параіць, – не спяшацца з пакупкай, спакойна прадумаць, якімі характарыстыкамі павінен валодаць ваш кацёл. А ў бліжэйшых нумарах мы працягнем гэту тэму, у прыватнасці надрукуем водгугі ўшачан.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *