В Ушачской детской школе искусств с аншлагом прошел концерт «Весеннее настроение»

Культура

Білеты на справаздачны канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў разышліся яшчэ да імпрэзы: была яна доўгачаканай, бо з-за эпідэмічных абмежаванняў заўсёды актыўная канцэртная дзейнасць установы апошнім часам брала паўзу.

Каб падарыць публіцы “Вясенні настрой” – менавіта так называўся канцэрт – кожнае аддзяленне з натхненнем рыхтавала да яго новыя нумары. Прэлюдыяй да праграмы стала выстава работ юных мастакоў, разгорнутая ў фае. А першы нумар задаў тон усяму дзейству: у ім адбыўся дэбютны выхад на сцэну навічкоў харэаграфічнага аддзялення, якія ярка аздобілі выступленне малодшай харавой групы (на здымку). Сапраўдную акцёрскую мініяцюру падрыхтавалі цымбалісты Іван Драгун і Мікіта Крыжэўскі. Віртуозныя пасажы дэманстраваў юны балалаечнік Дзяніс Лаюшка. Не змаўкалі апладысменты ў час выканання “Смуглянкі” дуэтам баяністаў у складзе Глеба Кісяля і Алесі Іўліевай. Год гістарычнай памяці натхніў выканаўцаў на стварэнне пранікнёнага нумара, падчас якога пад акампанемент юнай піяністкі Насці Пятроўскай і ў суправаджэнні старэйшага хору педагог Вера Эдуардаўна Кароткая прамаўляла поўныя нясцерпнага болю словы маці, страціўшай на вайне сына.

Як заўсёды відовішчным атрымаўся блок, падрыхтаваны эстрадным і харэаграфічным аддзяленнямі. У гэтым вучэбным годзе нашы вакалісты здзіўлялі журы самых прэстыжных конкурсаў, здымаліся ў тэлепраектах, і літаральна кожны іх нумар на канцэрце суправаджаўся авацыямі. А як эфектна прадставілі танцоры народнага “Каваля”, класічную тарантэлу, вясёлых “Бабак-ёжак” – нельга асобна не сказаць пра прыгожыя касцюмы, пашытыя для новых нумароў. Ну а выступленне аркестра народных інструментаў – гэта заўсёды суцэльная феерыя.

“Праграма была даволі працяглай – усе аддзяленні хацелі як мага паўней паказаць плён сваёй работы. І вельмі прыемна, што зала і ў самым канцы заставалася поўнай і вельмі эмацыянальнай”, – зазначыла вядучая канцэрта Галіна Уладзіміраўна Хвошч. Дарэчы, адным з самых зацікаўленых гледачоў была новы дырэктар установы Наталля Вячаславаўна Іванова, якая атрымала выдатную нагоду, каб пазнаёміцца з творчым патэнцыялам педагогаў і вучняў. І, па словах кіраўніка, узровень канцэрта яе прыемна здзівіў. А яшчэ Наталля Вячаславаўна разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пятром Аляксандравічам Алексяёнкам выканалі прыемную місію: уручылі навучэнцам, якія асабліва праявілі сябе ў вучобе, конкурсах і творчых мерапрыемствах, Падзякі аддзела.

Настрой жа, як і абяцалі, ва ўсіх быў цудоўны – і хоць красавіцкі вечар сустрэў выходзячых з залы людзей халодным ветрам і дажджом, – спыніць вясну і творчасць, канечне, нікому не па сілах!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *