
Ці лёгка быць работнікам культуры? Гэта штодзённае свята ці цяжкая праца? Чым жывуць і якія задачы ставяць перад сабой прафесіяналы культурнай галіны Ушаччыны? Аб гэтым і іншым напярэдадні прафесійнага свята пагутарылі з загадчыкам сектара культуры райвыканкама Лідзіяй Шкаруба.
– Канечне, гэта няпростая работа, як бывае, падаецца. Культработнікі арганізуюць прафесійныя і дзяржаўныя, сямейныя і каляндарныя святы. Без іх у выхадныя сумуюць другія палавінкі і дзеці. Не будзе перабольшваннем, калі скажу, што нашы супрацоўнікі ў бягучым годзе паўдзельнічалі ва ўсіх фестывалях і значных мерапрыемствах, што праводзіліся ў вобласці – “Дажынкі”, “Славянскі базар”, “Вішнёвы фестываль”, “Дзве ракі”, “Курган дружбы”, “Дзвінскі смак”, “Яблычны фэст” і многіх іншых. Вакальны калектыў “Ушачаначка” літаральна пабіў рэкорды па колькасці сваіх выязных выступленняў і ўсюды нашых артыстаў успрымалі на “ўра”, як і калектыў “Прысмакі” са смачнымі ўшацкімі стравамі. Гонар перапаўняў за ўзорны аркестр народных інструментаў школы мастацтваў: выхаванцы Маргарыты Грынберг атрымалі гран-пры абласнога конкурсу дзіцячых аркестравых калектываў – адно з найвялікшых дасягненняў у яго 40-гадовай гісторыі. Парадаваў і ўзорны хор “Вясёлка” ДШМ (кіраўнік – Ж.Савіцкая), які стаў лаўрэатам 1 ступені абласнога конкурсу вакальна-харавой творчасці дзяцей і юнацтва “BEL CANTO”. Ужо прывыклі мы да перамог юных баяністаў і цымбалістаў – выхаванцаў Алесі Анціпавай і Ірыны Коршун. Пералік усіх дасягненняў зойме шмат часу.
– Якія новыя праекты, ідэі, як кажуць, “зайшлі” гледачам?
– На “Славянскім базары” мы сёлета адзіныя ў вобласці прадставілі партызанскую пляцоўку – гэта было выдатным рашэннем у год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Людзі ішлі да нас бесперапынна, з задавальненнем слухалі і падпявалі ваенныя песні, спрабавалі салдацкую кашу, разглядалі створаны антураж. Да абласной акцыі “Прарыў Перамогі” ўвасобілі ідэю з паказам спаленых вёсак і пачулі шмат водгукаў, што гэта кранала да дрыжыкаў. Многія ацанілі і незвычайную паслугу “Салдацкі прывал”, які па заяўках арганізоўвае цэнтр культуры на “Прарыве”. Толькі словы падзякі атрымалі пасля нашай цікавай навінкі – фестываля “УХО”, таму будзем удасканальваць яго і праводзіць яшчэ.

– Цэнтрамі жыцця на сяле ва ўсе часы былі клубы. Якую ацэнку можаце даць сельскім установам?
– Кіпіць жыццё ў Плінскім клубе: загадчык Юлія Крыжэўская змагла зацікавіць і дзяцей, і дарослых. Там ладзяцца цудоўныя святы, а актывісты мастацкай самадзейнасці нават самі пашылі сабе касцюмы для выступленняў. У Вялікадолецкім СДК на чале з Валянцінай Смаляк не толькі праводзяць планавыя мерапрыемствы, а і самастойна арганізоўваюць платныя. А з якой зацікаўленасцю бягуць у СДК да Алега Іванова ільюшынскія дзеці! У Вяркудах Ірына Краснова і яе каманда ўмела наладзілі работу з пенсіянерамі. У кожнай установе свае “фішкі” ў працы.
– Для паспяховай дзейнасці патрэбны не толькі старанні культработнікаў, а і годная матэрыяльная база.
– Безумоўна. Напрыклад, летась для цэнтра культуры закупляліся музычныя інструменты, а сёлета новае гукавое і светлавое абсталяванне за кошт сродкаў бюджэту, якое ўжо апрабавана на некалькіх апошніх мерапрыемствах – розніца відавочная! Дарэчы, хачу пахваліць за старанні работнікаў цэнтра, якія сваімі сіламі зрабілі касметычны рамонт, на 1,5 метра павялічылі сцэну. Не забываем і пра сельскіх гледачоў – новая апаратура ў гэтым годзе з’явілася і ў аграгарадках. Маштабны праект чакае сферу на будучы год: нам перададзены будынак былой Ушацкай школы ў цэнтры гарпасёлка, пасля мадэрнізацыі (ужо вырабляецца праектная дакументацыя) туды перамясціцца раённая бібліятэка.
– У сферу культуры ўваходзяць таксама музей, бібліятэчная сістэма, Дом рамёстваў.
– Напэўна, дастаткова сказаць, што наш музей па выніках работы за мінулы год знаходзіцца на раённай Дошцы гонару. Ды і калі зазірнуць у кнігу водгукаў, колькі добрых слоў можна там убачыць! Тысячы наведвальнікаў пабывалі сёлета як у самім музеі, так і на “Прарыве”. Другое дыханне адкрылася ў работнікаў Дома рамёстваў з прыходам новага кіраўніка Святланы Качан. Майстры не прапускаюць ніводнага творчага конкурсу, актыўна запрашаюць дзяцей і дарослых у гурткі, павялічылі выраб сувеніраў, якія рэалізуюць насельніцтву і гасцям раёна. Шмат творчых мерапрыемстваў ладзіцца ў раённай бібліятэцы, да таго ж яе супрацоўнікі сталі больш працаваць у інтэрнэт-прасторы. Раю зазірнуць на сайт Ушацкай ЦБС, там вы знойдзеце і віртуальныя кніжныя выставы, і спасылкі на карысныя рэсурсы, а ў раздзеле “Базы даных” – цікавыя праекты пра землякоў, “Прарыў”, вуліцы памяці. Адзначу і старанні сельскіх бібліятэк, якія наведвае шмат вяскоўцаў.

– Якія задачы ставіце перад сабой і калектывам?
– Не спыняцца на дасягнутым, развівацца, выкладацца па максімуме. А ў цэлым адзначу, што працуем па дзяржпраграме “Культура Беларусі”, а гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў. Хачу зазначыць, што кожны работнік культуры Ушаччыны на сваім месцы робіць усё, што ад яго залежыць, каб дастаўляць задавальненне гледачам. Мы не можам пахваліцца высокімі заробкамі, і менавіта гэта лепшае сведчанне таго, што ўсе работнікі культуры працуюць ад душы і для душы. Віншую наш вялікі калектыў з прафесійным святам, жадаю ўсім здароўя і бадзёрасці, нястомнасці ў пошуках новых ідэй, актыўных гледачоў і шмат апладысментаў. Гэта самая лепшая ацэнка працы культработнікаў! Самыя цёплыя віншаванні, пажаданні здароўя адрасую ветэранам галіны, іх вопыт, перададзены маладому пакаленню – бясцэнны!
– Дзякуй за размову!
Вольга КАМАРКОВА