В Ушачской районной библиотеке организовали вечер в честь поэтессы Валерии Михно

Культура

Вечарыну з нагоды выпуску чарговай кнігі Валерыі Міхно супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя Е.Лось прымеркавалі да дня нараджэння паэтэсы.

Ці наадварот, менавіта да імянін і запланавалі выпуск чацвёртага зборніка “Янтарная грусть”, у які ўвайшлі філасофскія вершы, грамадзянская лірыка, байкі. Аднак фармат мерапрыемства выліўся за рамкі знаёмства з новымі творамі. Атрымалася справаздача Валерыі Гаўрылаўны за ўвесь пройдзены шлях, споведзь перад удзельнікамі клуба “Ушачане” і даўнімі сябрамі аўтара, якіх сабралася нямала. І кожны выхад ці расказ аб ёй віноўніца імпрэзы суправаджала шчырымі каментарыямі.

“Я з Ушацкай зямлі” – гэты верш і назва першага зборніка быў лейтматывам вечарыны ды і ўсёй творчасці жанчыны. Рыфмаваць яна пачала ў самым паўднёвым горадзе Арктыкі Наябрску. Наваполацк жа зусім не лірык па прафесіі пакінула не з-за даўгога паўночнага рубля, а па сямейных абставінах. А так сумавала па доме! “Прывітанне з Ушаччыны мне дасылалі чароды птушак, якія рабілі круг над маёй галавой. А аднойчы, калі ехала ў водпуск, узмаліла спыніць аўтобус, бо ўбачыла вялізную паляну ландышаў. Абняўшы кветкі, уцягвала іх пах, а разам з ім і водар радзімы. Калі б вадзіцель ведаў сапраўдны намер вымушанага прыпынку, канечне б, не спыніўся, а мне і пазней снілася тая паляна”, – расказвала жанчына.

Валерыя Гаўрылаўна нарадзілася ў Докшыцах, аднак усё дзяцінства і юнацтва правяла ва Ушачах, куды перавялі служыць бацьку. Франтавік і ардэнаносец Гаўрыла Пятровіч Старадуб родам з Лутава Сяльца, у радавым гняздзе якога пасля вяртання з Поўначы і жыла працяглы час жанчына.

Пра В.Міхно не скажаш – складае вершы. Пачуцці, думкі выліваліся ў радкі патокам і клаліся на паперу. Аднак сшыткі свае жанчына паказвала хіба толькі блізкім. Напрыклад, Але Кавалёвай, якую называе сястрой – раслі ў суседніх дамах ля ўшацкага базару. Хоць і маладзей па ўзросце, аднак менавіта Ала Фёдараўна за руку прывяла паэтэсу ў рэдакцыю “Полацкага весніка”, рэдагаваў які на той час таксама ўшачанін А.М.Марковіч. Аляксандр Мікалаевіч сам вершаў не пісаў і звёў Валерыю з членам літаратурнага саюза “Полацкая ветка” Н.Салодкінай, з якой сябруюць да гэтага часу.

Зборнікі В.Міхно пастаянна “на руках”, а перад вечарынай яе арганізатару Галіне Талстой давялося прыспешваць чытачоў вярнуць кнігі.

“Я не мела ніякага паняцця пра рытміку – Надзея Стэфанаўна пазнаёміла мяне з правіламі вершавання, а потым, спачатку завочна, і з кампазітарам Ізмаілам Капланам, – узгадвала гераіня імпрэзы. “Прачытаў, адклаў, прайшоўся па пакоі. Зноў прачытаў, а пасля трэцяга разу ўжо сядзеў за піяніна і складаў музыку”, – расказвала пазней Валерыі Гаўрылаўне ўражанне ад яе верша выканаўца раманса Нэлі Багуслаўская. Даслала ж В.Міхно яго без усякай надзеі, падпісаўшы: “Не спадабаецца, проста выкіньце”. Па стане здароўя на прэм’еры ў Палацы Рэспублікі яна не была, аднак ганарыцца, што сябравала з гэтымі вядомымі людзьмі да іх зыходу з жыццёвага небасхілу. Як зараз ганарыцца ўнукам Аляксандрам, які пайшоў па бабуліных слядах – піша і выконвае рэп. А вось пачуць анлайн удзельнікі імпрэзы маглі малодшага Вадзіма – ён паабяцаў абавязкова прыехаць гэтым летам ва Ушачы, а ў якасці падарунка паднёс паспяховую здачу сесіі ў Акадэміі кіравання сувязі. Дзеці з сем’ямі так і жывуць на Поўначы. Валерыя Гаўрылаўна – тройчы бабуля і прабабка, за ўсіх перажывае, як і ў свой час за жыццё дзяцей. Бо толькі ў душы, што шчэміць, мог нарадзіцца верш, які многія жанчыны перапісалі і карыстаюцца як малітвай. Аб гэтым расказвала А.Кавалёва і плакала, не дачытаўшы кранальныя радкі. Дарэчы, яе ўнучка на Далёкім Усходзе перад усім класам чытала вершы пра Беларусь віноўніцы імпрэзы, якая расказала, што пісаць на роднай мове яе “прымусіў” знаёмы літаратар з Бранска.

Любімая пара года В.Міхно – восень, якой прысвечана мноства вершаў. А назва апошняга зборніка, які ў перакладзе гучыць як “Бурштынавы сум” – гэта глыбокі роздум над залатой парой жыцця.

Свае вершы чытала Людміла Цяцерка. Паўзу паміж выступленнем брала былы культработнік Ганна Краўчонак, якая артыстычна, як раней падчас выездаў агітбрыгад, прачытала байкі, выканала шэраг уласных песень на вершы В.Міхно. З яе падачы яны і пайшлі ў народ, прычым, у абсалютна розных жанрах. Патрыятычную “Радзіму” паклалі на ноты і Ганна Міхайлаўна, і Святлана Муша. Выкладчыца педвучылішча Наталля Чацверыкова напісала блюз. На вечарыне высветлілася, што на адзін і той жа яе твор музыку пісалі па некалькі ўшацкіх творцаў: Сяргей Мядзведзеў, Юрый Канстанцінаў, Святлана Лапіцкая. Валерыя Гаўрылаўна падпявала разам з Аленай Банеўскай – сястрой апошняга кампазітара ўсе песні. Неаднойчы яны перамагалі на рэспубліканскіх конкурсах у тым ліку і хору народнага клуба “Ветэран”. Яго кіраўнік Іна Клімава падзякавала паэтэсе за напісанне патрыятычных вершаў пра “Прарыў”. Сама ж В.Міхно адной з самых вялікіх заслуг лічыць тое, што яе філасофія ўспрымаецца нават дзецьмі, а вершы вядомы ў розных кутках былога Саюза. І хоць рабіла Валерыя Гаўрылаўна намёк на літаратурную пенсію, усе ж ведаюць, што былых паэтаў не бывае і любое хваляванне душы абавязкова выліецца на паперу.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *