Рэканструкцыя ліній электраперадач распачалася ў вёсцы Двор Пліна. Гэты населены пункт павінен стаць самым удзячным аб’ектам – чаргі на электраацяпленне чакаюць 40 жыхароў.
Вёску сілкуе некалькі падстанцый, і некаторыя заяўнікі ўжо карыстаюцца гарачай вадой і таннай электраэнергіяй на абагрэў памяшканняў. Аднак толькі адзінкі. Праблема, з якой сутыкнуліся з першых гадоў – слабая прапускная магчымасць ліній, паколькі спажыванне энергіі на кожнае домаўладанне павялічваецца ў разы. І нарэшце рэканструкцыя ідзе па самым вялікім мікрараёне катэджнай забудовы, дзе на вуліцах Маладзёжная, Сонечная, Лясная пражывае шмат працаздольнага насельніцтва.
Правядзенне электраацяплення для камфорту пражывання жыхароў сельскай мясцовасці дзяржавай прадугледжана з 2019 года, прычым, па льготных тарыфах як на работы, так і на наступныя разлікі за кілаваты.
Распачаты першы этап – перасоўная механізаваная калона №3 філіяла ААТ “Белсельэлектрасеткабуд” займаецца заменай слупоў і падключэннем ліній з большай прапускной здольнасцю. У арсенале спецмашына з вялікім бурам і пад’ёмнікам. Хоць працягласць аб’екта складае 2,3 кіламетра, энергетыкі рухаюцца вельмі хутка, паколькі працуюць і ў выхадныя. Гэтых ж спецыялістаў мы сустракалі ў Ціханятах і ў іншых вёсках раёна – па вахтавай дзесяцідзёнцы яны камандзіруюцца ва ўсе кропкі вобласці, якія сёлета трапілі ў план рэканструкцыі. Пазней брыгады Ушацкага раёна электрасетак правядуць дэмантаж апор і падключэнне новых ліній.
Распрацаваны і перспектыўны план рэканструкцыі на 2026-2030 гады. Мы азнаёмім нашых чытачоў з графікам пасля яго зацвярджэння, а пакуль што паведамім, што на наступны год замена ліній пазначана на дзвюх падстанцыях у вёсцы Сарочына, Чарсцвядах і Кублішчыне.
Паралельна замена праводзіцца ў вёсцы Белае (2,2 кіламетра) і Навасёлках (1,2), закончана ў Казьянях (1,3) і Броўчыне (1). Да завяршэння пяцігадовай праграмы застаецца толькі Лутава Сяльцо, дзе таксама прыступілі да работ.
Вольга КАРАЛЕНКА