Па якім адрасе знаходзіцца самы шчаслівы дом у Вяркудах, зараз ведаюць усе жыхары аграгарадка. Канечне, па Маладзёжнай 84, гаспадыня якога 3 кастрычніка выйграла 100 тысяч рублёў у гульні “Удача ў прыдачу” ад “Еўраопта”.
Добрыя весткі разносяцца імгненна, а ў гэтым выпадку нават хутчэй, чым даведалася сама віноўніца падзеі. Так-так. Пакуль Антаніна Мікалаеўна Первянёнак займалася на падворку справамі, аднавяскоўцы з экранаў тэлевізараў назіралі, як выйграе яе “шчаслівы білет”. І тэлефанавалі ўжо ў той час, як жанчына была ў прамым эфіры са студыяй.
Такую тактыку падчас розыгрышу выкарыстоўваюць даўно. Як толькі вымаюцца шары з апошнімі лічбамі і сістэма “вылучае” шчасліўчыкаў, набіраюць нумары, каб паказаць іх рэакцыю. А яна разгубленая нават у тых, хто сачыў за экранам. Антаніна Мікалаеўна ў першы момант наогул падумала, што гэта махляры. Аднак паколькі быў відэазванок, пазнала на тым баку “проваду” Тэа – вядучы параіў ёй хутчэй уключыць тэлевізар.
“Ад хвалявання так разгубілася, што не ведала, да якога з экранаў бегчы, ды і тэлефон трымала няроўна. Аднак усё ж нават памахала студыі рукой. А ў аўторак ужо давала ў Мінску шматлікія інтэрв’ю – мы з мужам аказаліся адзінымі прадстаўнікамі вёскі, таму і інтарэс да нас быў павышаны”, – расказвае жанчына.
Антаніна Мікалаеўна ў гульні зарэгістравалася даўно, аднак ў апошні час перастала правяраць коды і тэлевізар уключаць у дзень розыгрышаў, як і білеты “суперлато” купляць. Толькі аднойчы выйграла 10 рублёў, ды і наогул па жыцці лічыла сябе нешчаслівай. Нават на паметку “тавар удачы” ўжо не звяртала ўвагі, хаця ва ўшацкі “Еўраопт” па-ранейшаму прыязджае некалькі разоў у месяц. Многае дзешавей, чым у прыватных крамах аграгарадка, ды і асартымент большы. Ну а сублімаваную каву “Якабс” бярэ заўсёды. Менавіта яна і прынесла Первянёнкам нечаканую фінансавую падтрымку з 48 налічаных вераснёўскіх кодаў.
Куды пусціць сродкі – доўга не вагаліся. Як заўсёды, думалі не пра сябе – на жыллё дачцэ ў Наваполацку ці ўнуку ў Мінску. Ну а паколькі ў сталіцы гэтай сумы не хопіць нават на “аднушку”, то выбар вырашыўся сам па сабе. “Ды і для Мікіты гэта аказалася вялікай радасцю: цяпер будзе свой пакой і зможа часцей прыязджаць да маці. Ён на трактарным заводзе працуе і на чарзе стаіць, на майстра тату вучыцца і да паступлення ў Акадэмію мастацтваў рыхтуецца – усё ў яго будзе. Ну а калі нешта застанецца ад выйгрышу, то і катэдж у аграгарадку нарэшце прыватызуем”, – тлумачыць рашэнне Барыс Венядзіктавіч. – У нас жа ўсё ёсць”.
Так, у дастатку зямлі, на якой нават сёлета накапалі бульбы, выспяваюць раннія клубніцы, расце сад, разбіты палісаднік і гадуецца 60 курэй. Ёсць дах над галавой, хоць і не ўласны яшчэ, але дагледжаны, з замененымі ў растэрміноўку дзвярыма і вокнамі, прывезены і дровы на зіму. Ёсць і работа – муж і жонка працуюць даглядчыкамі на прыватнай аўчарні, з гаспадаром – на поўным даверы. За гады сумеснай працы ён пераканаўся, што людская ганьба за нядобры ўчынак для Первянёнкаў – найбольшае пакаранне. У іх сямейным падрадзе задзейнічаны і інвалід трэцяй групы з Рога, які жыве ў іх доме. Абсалютна чужога чалавека прытулілі па просьбе былога старшыні сельвыканкама В.М.Маслак. Мужчына бездапаможны ў быце, а тут накормлены, дагледжаны і са сваім асобным пакоем. “За гэта вам Бог і аддзячыў”, – вырвалася ў мяне, настолькі ўразіў гэты ўчынак. А Первянёнкі нічога асаблівага ў гэтым не бачаць: “Месца ж хапае, да таго ж ён увесь час пастухом працаваў, вельмі любіць жывёлу і неахвотна застаецца ў чатырох сценах”.
Так, усяго хапае, хаця абсалютна няпроста дасягалася гэта звычайнае, як у кожнага, багацце. Антаніна Мікалаеўна зараз на пенсіі, а перайшла з гандлю ў даяркі, каб атрымаць прасторны катэдж. Групу інваліднасці займела з-за цяжкой сялянскай працы: каб выправіць зрок, у маладзейшым узросце зрабіла карэкцыю, пры якой цяжкасці ў першы час падымаць нельга, ды і над плітой стаяць. Як жа дазволіш сабе такое на вёсцы – і пайшлі ўскладненні. Але хаця не песціў яе лёс, ніколі нікому не зайздросціла. А нечаканая ўзнагарода, канечне, зусім няраўназначная перанесеным жыццёвым выпрабаванням. Ды і нічога не змяніла яна ва ўкладзе гэтай простай працавітай сям’і. Хіба што адносіны да шанцавання.
Хоць і кажуць, што снарад у адну і тую ж варонку двойчы не трапляе, Первянёнкі з мінулый пятніцы вырашылі зноў спецыяльна набываць тавары ўдачы. Тым больш што ў студыі расказалі пра слесара з Астраўца, на рахунку якога дзякуючы паходам у “Еўраопт” усяго за паўтара года пяць выйгрышаў. Ды і сярод ушачан такая ўдача не першая. Вельмі хочацца, каб землякам шчасціла часцей!
Вольга Караленка