Новый формат и зрелищность. В Ушачах прошел районный праздник тружеников села «Дожинки-2022»

Общество

Абласныя “Дажынкі” ў Глыбокім далі старт святочнаму марафону на Віцебшчыне, і адной з першых эстафету прыняла Ушаччына: у суботу ў гарпасёлку прайшло раённае свята працаўнікоў сяла. І новы фармат “Дажынак” атрымаўся яркім і запамінальным!

Нам, журналістам, заўсёды даводзіцца быць у цэнтры падзей, не прапускалі мы кожны год абласны фестываль-кірмаш і да вышэй прыгаданай ацэнкі хацелася б дадаць, што мерапрыемства атрымалася па-сямейнаму цёплым і шчырым. Дзе яшчэ разам збяруцца ўсе самыя лепшыя працаўнікі вёскі?

“Дажынкі” ў Беларусі пачалі адзначаць у 1996 годзе. Пачынаючы з 2015-га фестываль-кірмаш стаў праводзіцца асобна ў кожнай вобласці. На Віцебшчыне сёлета было вырашана змяніць фармат і правесці свята ў кожным раёне.

Яшчэ да афіцыйнага пачатку “Дажынак” на вуліцы Ленінскай выстраілася на выставу ўпрыгожаная сельгастэхніка, ад якой на працягу ўсяго дня не адыходзілі маленькія ўшачане. Кожнаму хацелася “паруліць” “Нью Холандам”! А пачалося мерапрыемства з ускладання кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. У сілу сваёй занятасці хлебаробы не так часта ўдзельнічаюць у раённых мітынгах у гэтым памятным месцы, а таму палічылі сваім доўгам ушанаваць памяць землякоў.

Урачыстае шэсце дэлегацый – заўсёды самы яркі момант “Дажынак”. І ўсе нашы аграрныя калектывы выглядалі ў гэты дзень вельмі прадстаўніча. Вылучалі іх не толькі святочныя шары і сцяжкі, а і спецыяльныя шалікі і кепкі, якія заказалі загадзя, прадумаўшы дызайн. “Спыніліся на жоўтым тоне, бо ён адпавядае залатому колеру збожжа”, – патлумачылі ўдзельнікі глыбачанскай каманды. Ільюшынцы аддалі перавагу жыццесцвярджальнаму зялёнаму, ну а “Сафійскія дары” паказалі, што Ушаччыну нездарма называюць сінявокай.
Пад пералік дасягненняў, якімі сёлета можа пахваліцца кожнае сельгаспрадпрыемства, святочная калона прайшла па цэнтральнай плошчы і рушыла на галоўную вуліцу – вядома ж, з аркестрам, які спецыяльна прыбыў з вайсковай часці Заслонава. Яго гучны рытм падхапілі ўшацкія барабаншчыцы. Не абышлося і без стужкавай кампазіцыі імправізаванай ракі, якая так спадабалася ўсім на леташніх абласных “Дажынках”. А як прыемна было бачыць ушачан, якія выйшлі з дамоў і крам, каб прывітаць герояў жніва, махалі ім і апладзіравалі, здымалі калону на відэа. Ну а хор народнага клуба “Ветэран” свае словы ўдзячнасці ў фінале шэсця выказаў песняй “Хлеб – усяму галава”.

Падзяку за вырашчанае збожжа выказаў старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, вітаючы хлебаробаў на ўрачыстасці ў цэнтры культуры. Гэты год выдаўся ўраджайным, і на палях Ушаччыны сабрана больш за 26 тысяч тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці больш 28 цэнтнераў з гектара. Кіраўніку раёна, а таксама ўсіх гаспадарак былі ўручаны духмяныя караваі новага ўраджаю.

На пытанне, наколькі складаным было сёлетняе жніво, механізатары “Сафійскіх дароў” Васіль Алексяёнак і Уладзімір Зелянік у адзін голас зазначылі: “Лёгкіх уборачных не бывае, але такому калектыву, як наш, па плячы любыя задачы!”

Н.Бортнік, А.Спірыдзёнак.

Абсалютным рэкардсменам сярод камбайнераў сёлета стаў Анатоль Спірыдзёнак з ААТ “Ільюшынскі”, які на КЗС-1218 намалаціў 1627 тон. Планку ў тысячу тон на такіх жа марках камбайнаў пераадолелі Аляксандр Малахаў з “Глыбачан”, экіпаж у складзе Алега Арлоўскага і Андрэя Сіскевіча з УП “Сафійскія дары”, замкнуў чацвёрку лідараў глыбачанец Уладзімір Тараканаў, на рахунку якога аказалася… тысяча і адна тона! Сярод вадзіцеляў не было роўных Дзмітрыю Плігаўку з “Агра-Слішча” – ён на МАЗ-5516 перавёз 2283 тоны. Усіх перадавікоў вітаў С.С.Садоўскі і ўручаў ім узнагароды і прэміі.

С.Садоўскі, Г.Буркенадзэ.

– Сёлета на Віцебшчыне ўпершыню за апошнія некалькі гадоў атрыманы ўраджай больш мільёна тон і ў гэтым агульным караваі ёсць унёсак ушачан. Сёння чалавек можа абысціся без многіх рэчаў, але ніяк не без хлеба. Дзякуй, што вы, не шкадуючы сіл і здароўя, адклаўшы ўласныя справы, без выхадных змагаліся за ўраджай. Няхай у наступным годзе ён будзе яшчэ большы і адпаведна вышэйшымі стануць вашы зарплаты”, – адзначыла ў сваім прывітальным слове першы намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Наталля Паўлаўна Бортнік. Таксама яна выканала і прыемную місію, узнагародзіўшы хлебаробаў. Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны аб’яўлена вадзіцелю Дзмітрыю Плігаўку, трактарысту-машыністу КУСГП “Глыбачаны” Андрэю Літвіну, Пятру Караткевічу з УП “Сафійскія дары”. Ну а скарбонка шматлікіх узнагарод Анатоля Спірыдзёнка папоўнілася Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Не шкадавалі аграрыі апладысментаў як для калег, якія ўзнімаліся на сцэну, так і для работнікаў культуры, педагогаў і выхаванцаў школы мастацтваў, якія падрыхтавалі канцэрнтную праграму. Ажыўлена ўвесь час было і ў фае цэнтра культуры. Тут разгарнуў цікавую выставу музей, дэгустацыю сваёй прадукцыі прапаноўвалі прадстаўнікі “Славянскага Велесу” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Надзвычай ажыўлена ўвесь час было на тэматычным двары “Сядзіба купчыхі Грэчыхі”, на якім клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі” частаваў усіх стравамі з грэчкі, расказваючы пра яе карысць. Дранікі, пірагі, катлеты, бліны, запяканкі хутка разышліся і атрымалі высокую ацэнку ўдзельнікаў. А Дом рамёстваў запрасіў гасцей… у мінулае, прапанаваўшы змалоць зерне ў муку на старажытным млыне.

Работнікі «Сафійскіх дароў».

Ацаніць новы фармат свята аграрыяў мы папрасілі неаднаразовага ўдзельніка абласных “Дажынак”, Чалавека года Віцебшчыны-2013 Сяргея Аркадзьевіча Філімонава. “На мой погляд, такая форма правядзення мае шэраг пераваг: далучыцца да свята могуць усе хлебаробы, а падрыхтоўка да яго згуртоўвае калектывы”, – зазначыў вялікадальчанін.

Самыя ж раздольныя моманты свята адбываліся ва ўтульным “Дворыку”, дзе кожнае сельгаспрадпрыемства з дапамогай мясцовых устаноў культуры і сельсаветаў разгарнула сваю пляцоўку. І столькі ў падворкі было ўкладзена ўмення, таленту і фантазіі, што ў гасцей проста разбягаліся вочы. Чым толькі ні частавалі вясковыя гаспадыні! Ільюшынцы заманьвалі клёцкамі, вялікадальчане – калдунамі ды салёнымі грыбамі, глыбачанцы – піражкамі ды хворастам, дземянецкія кулінары – дранікамі, селішчанцы – шкваркамі і прыпеўкамі пад гармонік, ну а стол “Сафійскіх дароў” цалкам апраўдваў назву гаспадаркі.

Ільюшынская моладзь.

Плённа папрацавалі вяскоўцы і над афармленнем падворкаў: стварылі кампазіцыі з кветак, раслін і агародніны. “Паглядзіце, які арыгінальны букет!” – спыняліся госці ля глыбачанскай пляцоўкі, разглядаючы ружы з буракоў і морквы. Свае дасягненні прадпрыемствы прэзентавалі і з дапамогай розных наглядных матэрыялаў – стэндаў, сценгазет. А вось ветэран “Ільюшынскага” Таццяна Барысаўна Бондарава разгарнула перад гасцямі цэлае дасье, якое пачала весці ў 1980-м, калі маладым спецыялістам прыйшла ў тады яшчэ калгас “Дружба”. Магчыма, якраз гэты “фаліянт” асабліва ўразіў камісію, якая ацэньвала падворкі – і менавіта ільюшынцы атрымалі ў адпаведным конкурсе лаўры пераможцаў.

На вялікадолецкім падворку.

А ўвогуле, ажыўлена і весела было ля кожнай пляцоўкі. Механізатары розных гаспадарак, якія нядаўна спрачаліся за лідарства ў раённым спаборніцтве, па-сяброўску абмяркоўвалі акалічнасці жніва. Не першы год вядуць завочнае саперніцтва на “Лідах” дземянецкі камбайнер Аляксандр Спірыдовіч і Сяргей Вусько з “Вялікалодецкага” – сёлета “рарытэты” крыху тармазілі абодвух паломкамі, аднак у выніку хлебаробы ўсё роўна сталі перадавікамі як у сваіх гаспадарках, так і ў раённым заліку на маламагутнай тэхніцы. “Не памыліўся я з напарнікам! – задаволена канстатаваў камбайнер “Сафійскіх дароў” Алег Арлоўскі, маючы на ўвазе дэбютанта жніва Андрэя Сіскевіча, у тандэме з якім перасягнуў тысячны намалот. – Думаю, на наступны год можна смела даверыць яму штурвал”. “Усе нашы хлопцы – малайцы, але абавязкова адзначце ў газеце Мішу Клопава – ён літаральна не вылазіў з кабіны сваёй “пяцьдзясят-тройкі!” – папрасіў галоўны аграном “Вялікадолецкага” Аляксандр Віктаравіч Зянюк. “Гэта так, папрацаваць сёлета давялося! – пахвала калегі Міхаілу Яфрэмавічу была, канечне, прыемнай. – Машыне маёй ужо гадоў 18, ды і грузападымальнасць не надта вялікая – у адрозенне ад пляча перавозак, акое працягнулася і ў Лясіны, і ў Пуцілкавічы, так што кіламетраў за ўборачную накруціў нямала!” “А вось я асабліва перажывала за нашага Валодзю Тараканава, і вельмі задаволена, што ён дабраўся да запаветнай тысячы! – не хавала эмоцый галоўны эканаміст “Глыбачан” Тамара Мікалаеўна Сурынава. – Хлопец з характарам, але надзвычай старанны і добразычлівы!” Нельга не парадавацца і за шафёра “Сафійскіх дароў” Паўла Казачонка, які дасягнуў лепшага выніку ў сваёй ужо працяглай кар’еры – перавёз больш за паўтары тысячы тон зерня! Ну а самай вясёлай была на свяце маладзёжная групоўка ільюшынцаў, якую ўзначальваў вадзіцель-тысячнік Мікалай Лунёнак.

Прадстаўнікі «Дземенца».

Многія хлебаробы прыйшлі на ўрачыстасць сем’ямі. Групу падтрымкі Аляксандра Малахава ўтварылі нявестка Насця і ўнучак Улад. На “Дажынках” нам давялося звесці прыемнае знаёмства з “палавінкай” рэкардсмена-адвозчыка Дзмітрыя Плігаўкі Вольгай і іх маленькім сынам Ромам, а камбайнер Ілья Загародні прадставіў нам сваю спадарожніцу жыцця Ксенію, разам з якой выхоўвае двух дзетак. На пытанне, як дапамагалі мужам “перажыць” уборачную, дзяўчаты з усмешкай адказалі: “Узялі на сябе ўсе дамашнія клопаты, а са змены заўсёды сустракалі хлопцаў смачнай вячэрай!” Ну а словы маленькага Максіма Юркевіча, які сёлета ўпершыню праехаў з татам у кабіне КВК і тут жа зазначыў, што таксама будзе камбайнерам, мы прызнаем самым абнадзейваючым заяўленнем сёлетніх “Дажынак”!

Дарэчы, ужо вядома, якая гаспадарка прыме раённае свята хлебаробаў у наступным годзе: жараб’ёўка вызначыла, што гэта будуць “Глыбачаны”.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *