От зерна до… финской свечи. В Ушачах прошла осенняя ярмарка

Общество

Хоць усё сёння можна купіць у магазіне, заказаць, кірмаш па-ранейшаму застаецца чаканым мерапрыемствам. Яшчэ да афіцыйна аб’яўленага пачатку ўшачане спяшаліся на плошчу, а многія ўжо ў 9 гадзін вярталіся адтуль з пакупкамі. Спрыяла сёлета масавасці, бойкаму гандлю і сонечнае камфортнае надвор’е.

Вялікія чэргі адразу выстраіліся ля машын гаспадарак з зернем, паколькі рэалізоўвалі яго ў сярэднім па 60 капеек за кілаграм. Фураж хутка разышоўся яшчэ і таму, што сельгаспрадпрыемствы добра падрыхтаваліся і прадавалі яго расфасаваным у мяшкі і ўзважаным. Але калі некаму не хапіла кармоў для птушкі, можна не расстройвацца. Прадстаўнікі “Ільюшынскага”, напрыклад, запэўнілі, што зерне можна купіць па той жа цане, прыехаўшы ў гаспадарку. “Агра-Селішча” акрамя збожжа прапаноўвала яшчэ і жывы тавар – бычкоў, а “Сафійскія дары” прадавалі і гарох па 70 капеек і прымалі заяўкі на арганіку па 15,12 за тону без уліку дастаўкі.

Сёлета на кірмашы было дастаткова бульбы розных сартоў, якую прывезлі Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства, фермеры, прадпрымальнікі. Рэалізоўвалі “другі хлеб” у сярэднім па рублю за кілаграм. Самымі хадавымі аказаліся гатункі “Лілея”, “Маніфест”, “Вектар”. Хапіла ўсім жадаючым і капусты, а таксама агародніны, якую рэалізоўвалі прыватнікі.

Завіталі на кірмаш і прадстаўнікі Вялікадолецкай школы. Ім было што прапанаваць ушачанам – кожны год у садзе і агародзе вырастае багаты ўраджай. Асаблівы інтарэс у пакупнікоў выклікалі яблыкі на зімовае захоўванне. Дарэчы, прадаваліся нават сушаныя. Куплялі ў гэтай кропцы і ладную цыбулю.

Бойка ішоў гандаль ля машыны Верхнядзвінскага масласырзавода, за прадукцыяй пад брэндам “Ян Сырадзел” выстраілася вялікая чарга.

А вось выбарам мяса не ўсе засталіся задаволеныя – набыць яго можна было толькі ў палатцы “Мясной лаўкі” Ушацкага філіяла. Кааператары, дарэчы, пастараліся і арганізавалі гандаль іншай прадукцыяй.

Грунтоўна падрыхтаваліся да кірмашу ў лясгасе: акрамя дэкаратыўных туй з уласнага пітомніка прапаноўвалі мёд па 8,32 за паўлітра і 16,30 – за літровы слоік. Разышоўся актуальны для суботняга дня тавар – лазневыя венікі. Попытам карысталася і тушонка з дзічыны. “Гэта нейкая памылка? Чаму на этыкетцы значыцца “Ушацкі лясгас?” – здзіўляліся пакупнікі. Тавар насамрэч можна лічыць рэдкім – тушонка па спецзаказе была выраблена на Аршанскім мясакансервавым камбінаце са звяроў, якіх здабылі ва ўшацкіх паляўнічых угоддзях. Выставілі на продаж лясгасаўцы і яшчэ адну навінку – так званую фінскую свячу. “Гэта незвычайнае палена – спецыяльны ачаг, які можна выкарыстаць як для асвятлення, так і прыгатавання ежы на адкрытым агні, вельмі зручны варыянт на пікніку!” – тлумачылі пакупнікам вартасці тавару, які ўшачане куплялі нават на падарунак.

Чаго яўна не хапіла на гэтым кірмашы, дык гэта саджанцаў дрэў і кустоў. “Зараз якраз самы аптымальны час пасадкі груш і яблынь, планавалі набыць абрыкос. Менавіта дрэўцы першымі значыліся ў запланаваным спісе пакупак. На жаль, іх не было”, – дзяліліся з намі ўражаннямі некаторыя пакупнікі. Ну а большасць задаволілі свае патрэбы і з плошчы ішлі і ехалі не з пустымі рукамі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *